Пернікі ад Дзеда Мароза

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Свята ў партызанскай школе

/i/content/pi/cult/302/5149/14-4.jpgУ 2010-м мы адзначылі 65-годдзе Вялікай Перамогі. Высокаму подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны былі прысвечаны дзясяткі матэрыялаў на старонках "К". Нямала пісалі мы і пра партызанскія атрады, што змагаліся з ворагам на беларускай зямлі. Дарэчы, да ўсіх святаў, па традыцыі, беларускія партызаны рыхтавалі свае "падарункі". Як сведчаць архівы, у перадсвяточныя дні партызаны ўзмацнялі ўдары па ворагу: часцей грукаталі выбухі на аўтамабільных трасах і чыгунцы, адбываліся нападзенні на варожыя гарнізоны...

Напрыклад, у ноч пад новы 1943 год партызаны 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады на чале з камандзірам брыгады В.І. Лівенцавым зрабілі засаду ў станцыі "Татарка" на чыгунцы "Мінск - Бабруйск". У выніку на партызанскую міну наляцеў эшалон з выпускнікамі нямецкай афіцэрскай школы, якія ехалі на фронт.

 1 студзеня 1944 г. група падрыўнікоў на чале з мінёрам Гужавенкам з партызанскага атрада "Грозны" непадалёк ад станцыі Маладзечна замініравалі чыгуначнае палатно і на досвітку пусцілі пад адхон 19 вагонаў з гітлераўскімі салдатамі і афіцэрамі.

Але ў гэтыя дні, нават пад час баявых дзеянняў, партызанам і іхнім дзецям хацелася адчуць сапраўднае свята. А таму тыя ж навагоднія нумары партызанскіх газет і часопісаў выходзілі ў адметным маляўнічым афармленні. У іх падводзіліся вынікі баявых дзеянняў за мінулы год, змяшчаліся матэрыялы з жыцця партызан, пра патрыятычныя справы насельніцтва рэспублікі. Дзед Мароз, адлюстраваны партызанскімі мастакамі, не адрозніваўся ад звычайнага. А вось падарункі ён прыносіў іншыя: мяшок партызанскага Дзеда Мароза быў набіты аўтаматнымі дыскамі, гранатамі, патрон/i/content/pi/cult/302/5149/14-3.jpgамі і іншымі боепрыпасамі...

Да свята рыхтаваліся і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Партызаны складалі прыпеўкі, песні, вершы, інтэрмедыі, у якіх высмейвалі гітлераўскіх ваякаў і іх памагатых.

А колькі радасці дастаўлялі партызанскія навагоднія ёлкі! У вёсцы Заполле Любанскага раёна партызаны арганізавалі ёлку для навучэнцаў "лясной школы". Яны ўпрыгожылі яе самаробнымі цацкамі. З адабраных у немцаў мукі і цукру напяклі пернікаў для падарункаў. І вось пад новы 1943 год школьныя дзверы раскрыліся. На парозе з'явіліся Дзед Мароз і Снягурка. Яны запрасілі дзяцей на ёлку, якая стаяла пасярод класнага пакоя і ўяўлялася тады самай прыгожай. І няхай цацкі былі з размаляванай паперы, а свечкі- зроблены з пчалінага воску: ёлка зрабіла незабыўнае ўражанне! Пра яе казалі ва ўсіх навакольных вёсках. Вядома, што падобныя мерапрыемствы для дзяцей рабіліся ў шматлікіх сёлах і вёсках партызанскіх краёў і зон.

Вось як прыгадвае святочныя мерапрыемствы ў час вайны Алена Даніловіч - навучэнка партызанскай школы пры атрадзе імя Калініна: "Новы 1944 год мы святкавалі ў школе побач з ёлкай. Падарункі атрымалі ўсе дзеці, нават самыя маленькія. Камандзір атрада маёр Кавальскі падарыў ім матэрыял на коўдры. Старэйшым давалі пернікі з белай мукі. Некаторым дзецям Дзед Мароз дарыў валёнкі, чаравікі. Я атрымала тады чаравікі і была вельмі задаволена. Таксама ў якасці падарункаў уручалі дзецям ручкі, алоўкі, сшыткі..."

Цяжка пераацаніць значэнне святаў, якія адзначалі партызаны і насельніцтва на акупаванай ворагам тэрыторыі: яны ўсялялі надзею ў вызваленне краіны і ўзнімалі народ на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

 Аляксандр ПАЦЫЕНКА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт БДУКіМ

На здымках: Новы год у партызанскім атрадзе (1943 г.);

адзін з навагодніх плакатаў ваеннага часу.