Каляды з… дванаццаці калодзежаў

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Адкуль яліны, ігрышчы і “жывы” агонь?

Да Каляд у беларускай вёсцы рыхтаваліся загадзя. Кожная сям'я клапацілася аб пачастунку. Гаспадыня старанна прыбірала ў доме, а моладзь рабіла маскі. Рытуальную ежу - кашу з пшаніцы або ячменю - варылі раней за іншыя стравы і ставілі ў хаце на ганаровым месцы - "на куце". Адсюль і яе найменне - "куцця". Куццёй называлі ў шырокім сэнсе і ўсю святочную вячэру.

Урачыста вячэралі цягам зімовых Каляд тройчы: у першы дзень свята ("посная куцця" - кашу варылі з мёдам або з маслам), затым елі багатую, шчодрую куццю, "шчадрэц" (кашу гатавалі з мясам і салам), і, нарэшце, перад Вадохрышчам (зноў "посная", "галодная", "вадзяная" куцця). За рытуальным сталом сямейнікі (а ўрачыстая вячэра мела на ўвазе збор усёй сям'і) займаліся варажбой. Напрыклад, перш чым паставіць куццю на стол, клалі на яго сена (салому), наверх засцілалі абрус. Павячэраўшы, пачыналі стукаць па сене кулакамі, а затым выцягвалі па адной саломінцы і па яе даўжыні вызначалі, які будзе лён у новым годзе, а па колькасці выбітых зярняткаў меркавалі пра будучы ўраджай жыта. Агульная колькасць страў дасягала 7, 9, 12, бо лічылася, што багатая вячэра - гэта залог пастаяннага дастатку ў доме на ўвесь надыходзячы год.

 Да Каляд было прымеркавана і калядаванне - звычай абыходзіць хаты з выкананнем віншавальных песень, нярэдка з тэатралізаванымі прадстаўленнямі (калядоўшчыкі пераапраналіся, увасабляючы разнастайныя персанажы абраду; сярод іх абавязкова былі "каза", "мядзведзь", "журавель" або "бусел"). Гаспадары хат, у якія прыходзілі калядаваць (шчадраваць, гэта значыць - хадзіць перад "шчадрацом", шчодрай куццёю), павінны былі абдорваць гасцей ежай і грошамі. Каляды былі таксама і часам для дзявочай варажбы.

У тым выглядзе, у якім яны апісаны ў XIX стагоддзі (ужо не кажучы пра наш час), Каляды мелі пераважна характар гульні. Удзельнікі ігрышчаў не задумваліся аб старажытнай магічнай, абрадавай сімволіцы многіх сваіх дзеянняў. Між тым, беларуская народная традыцыя святкавання Каляд бярэ пачатак са старажытнаславянскіх і нават яшчэ ранейшых- індаеўрапейскіх язычніцкіх - уяўленняў.

Старажытнаславянскі каляндар язычніцкіх маленняў вызначаўся найперш фазамі Сонца: зімовым сонцастаяннем 24 снежня - 6 студзеня, веснавым раўнадзенствам (Масленка - каля 24 - 25 сакавіка), летнім сонцастаяннем (Купала, "зялёныя каляды", 23 - 29 чэрвеня). Акрамя таго, гадавы цыкл складваўся з сезонных аграрных абрадаў, частка якіх пазней была прымеркавана да хрысціянскіх святаў. Навагоднія ігрышчы ў сваіх найстаражытнейшых вытоках уяўлялі з сябе працяглы - дванаццацідзённы - заклінальны комплекс, у час якога падводзілі вынікі мінулага года і рабілі заклінанні на ўсе 12 месяцаў года наступнага. У многіх першапачатковых навагодніх ігрышчах як бы ўзнаўляліся ў мініяцюры розныя абрады будучых месяцаў года. У канцы снежня ў сувязі з зімовым сонцастаяннем старажытныя славяне з дапамогай трэння запальвалі свяшчэнны, "жывы", агонь, які гарэў 12 дзён (шэсць дзён у канцы старога года і шэсць дзён на пачатку новага).

 Дарэчы, і свечкі, і рознакаляровыя лямпачкі на ёлках - гэта вельмі прыблізны "водбліск" старажытнага свяшчэннага агню.

Можна правесці яшчэ некалькі паралелей паміж сівой даўніной і днём сённяшнім. Навагоднія свяшчэнныя агні запальваліся ўнутры жытла: для гэтага выбіраўся велізарны цурбан ("бадняк"), які павінен быў гарэць у ачагу ўсе 12 дзён зімовых святкаванняў. Ёлка з запаленымі свечкамі або лямпачкамі- гэта таксама сімвал палаючага дрэва ў старажытным свяшчэнным хатнім ачагу. Але чаму менавіта яліна, а не, напрыклад, бяроза або асіна?

 Справа ў тым, што старажытныя славяне ўстанаўлівалі ў рытуальным ачагу менавіта смалістыя цурбаны ("баднякі") хвойных дрэў, магчыма, той жа елкі ці сасны, якія маглі тлець цягам усяго рытуальнага тэрміну, а не згараць імгненна. Урэшце, ялінку ставяць у куце на ўзвышэнні і мацуюць на крыжападобнай падстаўцы ("крыжы"). Гэты "крыж" - далёкі вобраз найстаражытнейшага знака агню або сімвал сонца. Выявы такіх крыжоў можна бачыць, да прыкладу, на варажбітных кубках IV стагоддзя новай эры, на якіх нанесены кругі-календары, што сімвалізуюць 12 месяцаў года, крыжы ж адпавядаюць студзеню, сакавіку і чэрвеню, г. зн. тым або іншым соне/i/content/pi/cult/302/5148/14-1.jpgчным фазам.

А што сімвалізавала куцця, якую ставілі на ганаровым месцы дома - "на куце"? Гаршчок са свежай, яшчэ гарачай пшанічнай або ячнай кашай уяўляецца своеасаблівым "правобразам"... ёлкі і сімвалам старажытнага рытуальнага ачага, у якім магічная роля адводзілася і самому агню, і зярнятам пшаніцы, ячменю, жыта, бабовых (прычым не толькі іх гліняным мадэлям, але і рэальным), а таксама крыжыкам з цеста і рагатым праснакам, якія смажыліся і выпякаліся, як можна меркаваць, на гэтым свяшчэнным агні.

Рагатыя праснакі часткова з'ядалі ў дзень выпякання, а частку пакідалі на дзень сяўбы або аддавалі жывёле. Яны былі сімвалам плоднасці, ураджайнасці. Такім жа сімвалам у пазнейшыя часы з'яўлялася і куцця.

Пераапрананне на Каляды таксама мае асаблівае значэнне. Па сваіх вытоках гэта водгалас культу дахрысціянскага бога Вялеса (Воласа) - "скаціннага бога", боства ўсяго племяннога багацця, паляўнічых і жывёлагадоўчых даброт. Гэтая з'ява асабліва характэрная для другой паловы зімовых святаў. Сувязь Вялеса з названым перыядам пацвярджаюць і абрадавае печыва ў выглядзе звяркоў, і ёлачныя цацкі, што выяўляюць вавёрак, мядзведзікаў, зайчыкаў.

Такім чынам, дванаццацідзённыя Каляды, запоўненыя магічнымі дзеяннямі і варажбой, сімвалізавалі дванаццаць месяцаў новага года.

 Для студзеньскіх заклінанняў і варажбы патрабаваліся пасудзіны пад свяшчэнную ваду, якая бралася з 12 калодзежаў. У ваду апускалі залаты пярсцёнак - сімвал сонца. Вада і сонца, як лічылася, забяспечвалі нашым продкам добры ўраджай. На такія пасудзіны, якія называліся "чары" (адсюль - "чарадзейства", г. зн. варажба з дапамогай чараў), наносіліся календары - варажбітныя кругі. Сёння мы зычым адно аднаму, каб здзейсніліся нашы запаветныя жаданні. Такі "штрых", які стаў звычайным у навагодніх віншаваннях, - таксама элемент старажытнага чарадзейства, варажбы з мэтай даведацца, ці спраўдзяцца чаканні і спадзяванні ў недалёкай будучыні.

Уладзімір ЯГОРЫЧАЎ, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы

На здымках: мо і ў гэтым італьянскім калодзежы гаспадары Мірскага замка калісьці набіралі ваду для варажбы;

 калядоўшчыкі (канец ХІХ - пачатак ХХ стст.).