СТАЎКА НА ІМІДЖ І ТЫХ, ХТО ЯГО СТВАРАЕ

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Пра сайты, інтэрактыў і апгрэйд Он-лайн-канферэнцыя “К”: выніковы фініш — чарговы старт

/i/content/pi/cult/302/5144/10-1.jpg

Гэта фінальны матэрыял 2010 года, прысвечаны развіццю нашай рэгіянальнай культуры. Вельмі прыемна, што станоўчы розгалас атрымаў у аддзелах культуры наш сёлетні праект "Равыканкамаўская "лятучка" з "К", дзе мы пастараліся наладзіць больш цесныя творчыя стасункі не толькі з работнікамі культуры, але і з кіраўніцтвам раёнаў - старшынямі райвыканкамаў і іхнімі намеснікамі па сацыяльных пытаннях. Думаецца, што і ў наступным годзе такія публікацыі не страцяць актуальнасці. Урэшце, з "лятучкамі" мы наведалі ў 2010-м далёка не ўсе куткі нашай Беларусі. Арганічнай часткай гэтага журналісцкага праекта ўжо сталі он-лайн-канферэнцыі, сёлетняя "апрабацыя" якіх прадэманстравала не толькі надзвычайную зручнасць, універсальнасць і ўсеабдымнасць, але і засведчыла: найноўшыя камп'ютарныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ва ўжытак не толькі гарадскіх, але і сельскіх работнікаў культуры. Апошняй сёлетняй он-лайн-канферэнцыі мы паспрабавалі надаць рысы райвыканакамаўскай "лятучкі" з "К", запрасіўшы да размовы кіраўнікоў рэгіёнаў. На нашу просьбу адгукнуліся старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Ігар УГРЫН і намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр САВАНЕЦ. Іх рэплікі пазначаны асобна.

У канферэнцыі таксама прынялі ўдзел начальнікі аддзелаў культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея ЖУК, Сенненскага - Ларыса НОВІКАВА, Акцябрскага - Святлана БЕРАЗОЎСКАЯ, Ашмянскага - Галіна БАЛІНСКАЯ, Кіраўскага - Тамара ГАЛУБОЎСКАЯ, Слуцкага - Алена КАМОЦКАЯ. Нікнэймы начальнікаў аддзелаў культуры адпавядаюць назвам раённых цэнтраў, мы ж удзельнічалі ў он-лайне пад традыцыйным імем - Аdm.

Adm:

- Вітаем удзельнікаў канферэнцыі! Сустрэча наша адбываецца напрыканцы 2010 года. Года значнага, паколькі ім завяршаўся тэрмін выканання шэрагу дзяржаўных праграм, наўпрост датычных сферы культуры ў рэгіёнах. Сёння мы паспрабуем падсумаваць зробленае, высветліць перспектыўнае бачанне дня заўтрашняга... Такім чынам, наша першае пытанне: ці выканаў аддзел культуры Дзяржпраграму адраджэння і развіцця сяла? Які вопыт быў набыты ў час яе рэалізацыі?

Kirausk:

 - Добры дзень усім калегам і кіраўнікам раёнаў! Неаспрэчна, вопыт за апошнія пяць гадоў набыты велізарны, і тычыцца ён найперш удасканалення сферы рэгіянальнай культуры.

 За 2005 - 2010 гады правялі рамонтна-будаўнічыя работы ва ўсіх установах культуры нашых аграгарадкоў - у тым ліку ў такіх вялікіх, як Мышкавіцкі, Скрыпліцкі, Любоніцкі СДК, - на суму больш чым чатыры мільярды рублёў. Устанавілі светлавое сцэнічнае абсталяванне, набылі тэатральныя крэслы, адкрылі пяць філарманічных пляцовак, пашылі сцэнічную заслону і тры камплекты касцюмаў для ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, закупілі музычныя інструменты, гукавую апаратуру... Вялікую дапамогу ў набыцці музычных інструментаў аказала ўпраўление культуры аблвыканкама. У прыватнасці, дзякуючы праграме мы атрымалі два раялі для Мышкавіцкага СДК і Жыліцкай ДШМ. Камп'ютары аграгарадоцкіх бібліятэк падключаны да Інтэрнэта. Шмат зроблена па мадэрнізацыі сеткі ўстаноў культуры: у 2006 годзе аддзел займеў аўтаклуб, у 2008-м - аўтабібліятэку...

Ashmiany, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Саванец:

 - Асноўныя кірункі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла - выкананы. Аграгарадоцкі статус атрымалі 23 установы культуры. Аддзел зрабіў пры гэтым усё магчымае і немагчымае. Абноўлена матэрыяльная база. Праведзена тры капітальныя рамонты, пяць - бягучых. Нанова ўзведзены будынкі трох устаноў культуры, яшчэ столькі ж пераведзены ў палепшаныя памяшканні. Пачалі працаваць пяць устаноў новага тыпу, камп'ютарызавана адзінаццаць бібліятэк у аграгарадках, дзейнічаюць тры публічныя цэнтры прававой інфармацыі, шэсць мультымедыяцэнтраў. Ва ўсіх аграгарадках адкрыты класы дзіцячай школы мастацтваў.

Akciabrski, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Ігар Угрын:

 - У нас, дарэчы, таксама камп'ютарызаваны і падключаны да Інтэрнэта шэсць бібліятэк аграгарадкоў і дзве пасялковыя. Набыта літаратуры на суму больш чым 135 мільёнаў рублёў, пашырыўся аўтапарк: з'явіліся аўтобус для гарадскога цэнтра дасугу, бібліобус для абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў і аўтамабіль для музея... За адыходзячую пяцігодку ў раёне з'явіўся новы будынак Валосавіцкага дома народнай творчасці, капітальна адрамантаваны Чырвонаслабодскі дом народнай творчасці, Рассветаўскі культурнаспартыўны цэнтр. Завяршаюцца работы ў Парэцкім цэнтры вольнага часу, Ламавіцкім і Любанскім дамах народнай творчасці, Гарохавіцкім сельскім клубе, Гацкім сельскім доме культуры. Словам, імідж устаноў культуры істотна палепшыўся. Тычыцца гэта не толькі памяшканняў, будынкаў, але і прыклубных тэрыторый.

 Adm:

 - Хацелася б пачуць падрабязней, што вы ўкладваеце ў паняцце іміджа ўстановы культуры.

Kobryn:

- Колькі слоў дадам якраз на гэтую тэму. Прыклад: мільярды рублёў на Кобрыншчыне выкарыстаны для ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы... А яшчэ пяць гадоў таму пад час сацыялагічных даследаванняў 57 працэнтаў рэспандэнтаў ацанілі стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры як нездавальняючы, сёлета ж толькі 11 працэнтаў выказала сваю незадаволенасць. Мы дамагліся станоўчай дынамікі: павялічыліся якасць мерапрыемстваў, выканальніцкі ўзровень аматарскіх калектываў, колькасць наведвальнікаў. План па платных паслугах выкананы за 10 месяцаў на 165 працэнтаў у супастаўных цэнах. Камп'ютарызаваныя бібліятэкі з выхадам на хуткасны Інтэрнэт далі магчымасць ліквідаваць дыспрапорцыю паміж інфармацыйнымі запытамі жыхароў вёскі і магчымасцямі сельскіх бібліятэк.

 Kirausk:

- Яшчэ адна дэталь да іміджавага боку рэгіёна. Мы ўдзячныя Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь за ўклад у справу захавання і адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны Кіраўскага раёна. У адпаведнасці з праграмай вядуцца рамонт і аднаўленне Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля. У наступным годзе плануецца ўвод першай чаргі, а з пачатку рамонтных работ і падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі асвоена 6257,5 мільёна рублёў.

 Akciabrski, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Ігар Угрын:

- Мы стварылі культурна-забаўляльны комплекс "Бубнаўка". Гэта ўстанова новага тыпу, якая спалучае функцыі клубнай і турыстычнай дзейнасці. На яе базе існуе аздараўленчы і жылы карпусы, клуб, амфітэатр, сталовая, спартыўныя пляцоўкі. За гэты год "Бубнаўка" аказала платных паслуг на 35 мільёнаў рублёў. А ўсімі ўстановамі раённай культуры аказваецца каля 100 відаў платных паслуг.

Sianno:

- Вядзём рэарганізацыю і перапрафіляванне сельскіх устаноў культуры. Іх з 2006 па 2010 год пераўтворана шэсць. Днямі Расненскі сельскі клуб стаў клубам-музеем, Сінягорская сельская бібліятэка - бібліятэкай-музеем. У 2006 годзе распачаў працу аўтаклуб, а з 2007-га - бібліобус. Для павышэння інтэнсіўнасці канцэртнага абслугоўвання сельскіх жыхароў адкрыты тры філарманічныя пляцоўкі ў аграгарадках. З 2005 года для бібліятэчнай сістэмы набыта 10 камп'ютараў...

Sluck:

- Пачну, мусіць, радкамі статыстыкі. За гэтыя гады на Случчыне пабудавана новая клубная ўстанова - Вежскі СДК, пачалі дзейнічаць аўтаклуб і бібліобус, арганізаваны дзве пляцоўкі філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання насельніцтва - у Лучнікоўскім ЦК і Казловіцкім СДК. Сярэдні працэнт ахопу вучняў музычных школ і школ мастацтваў складае 16 працэнтаў ( абласны паказчык - 14,4 працэнта). Штогод на сяле праводзіцца звыш пяці тысяч мерапрыемстваў. Павялічылася колькасць платных паслуг: з 45 відаў у 2005 годзе да 86 у 2010-м. Іх аказана насельніцтву на суму звыш 750 мільёнаў рублёў. Адрамантавана 88 устаноў культуры, асвоена 4697,9 мільёна рублёў. На 800 мільёнаў набыта абсталявання. І ўсё гэта - дзякуючы Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла...

Sluck, старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Даманеўскі:

 - Цяпер у раёне дзейнічае 16 аграгарадкоў. Набылі сучасны выгляд, новую матэрыяльна-тэхнічную базу 34 установы культуры і мастацтва. Сёлета за мясцовыя сродкі ўведзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін аграгарадок - "Гольчычы", у якім размешчаны СДК, бібліятэка. Выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу маюць Лучнікоўскі ЦК, Казловіцкі, Вясейскі, Вежскі, Бокшыцкі СДК.

 Adm:

 - Начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама адзначыла, што план па платных паслугах выкананы за 10 месяцаў на 165 працэнтаў у супастаўных цэнах. Ды і літаральна ў кожным уступным слове прагучала тэма пазабюджэтнай дзейнасці. Як зазначыў міністр культуры Павел Латушка на "гарачай лініі" ў нашай рэдакцыі, абавязковыя да выканання паказчыкі па платных паслугах устаноў культуры на рэспубліканскім узроўні не будуць даводзіцца. Як мяркуеце працягваць працу па пазабюджэтнай дзейнасці?

Kobryn:

 - Канешне, арыенцір на супастаўныя цэны трэба адмяняць - культура не павінна ісці па шляху камерцыялізацыі, - але ж духоўны прадукт трэба ствараць, і, калі ён запатрабаваны, - прадаваць, а атрыманыя сродкі накіроўваць на сваё далейшае развіццё...

Sluck:

- Сёння можна казаць аб сістэмнасці работы па аказанні платных паслуг насельніцтву. На цяперашні час мерапрыемствы, якія арганізоўваюцца ў гэтым накірунку, задавальняюць аддзел культуры. Сродкі, якія мы зарабляем, дазваляюць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, набываць абсталяванне, музычныя інструменты, касцюмы. Аднак хацелася б, каб усё заробленае заставалася на спецрахунку аддзела культуры...

Akciabrski:

- Установы нашы не перастануць аказваць платныя паслугі насельніцтву, бо гэта - адзін з дадатковых сродкаў паляпшэння іх жа матэрыяльнага стану. Але можна будзе змяніць падыходы давядзення планаў з улікам колькасці насельніцтва ў канкрэтным населеным пункце, які абслугоўвае пэўная ўстанова, узроўнем запатрабаванасці паслуг і пакупніцкай здольнасці вяскоўцаў.

Adm:

 - Якія цяжкасці пад час рэалізацыі Праграмы давялося пераадолець? Якія праблемы яна выявіла? Аксіёма, але паўторымся: начальніку аддзела культуры патрэбна быць і гаспадарнікам, і творцам у сучасных умовах...

Sluck:

- Перш-наперш - гэта ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццё музычных інструментаў для музычных школ, сцэнічных касцюмаў, камп'ютарызацыя бібліятэк.

Kirausk:

 - Цяжкасці звязаны з асваеннем нарматыўна-прававой базы пры рамонтна-будаўнічых работах. Да 2009 года заказчыкам на аб'ектах быў аддзел культуры, потым гэтыя функцыі перадалі ўпраўленню капітальнага будаўніцтва райвыканкама... Не магу не згадаць тут і недастатковасць фінансавання не толькі рамонтных работ, але і набыцця гукаўзмацняльнай, светлавой апаратуры, мэблі...

 Kobryn:

 - Аддзел культуры выступаў заказчыкам капітальных і бягучых рамонтаў будынкаў, пры гэтым сутыкнуўшыся з праблемай адсутнасці кваліфікаваных кадраў...

Adm:

 - Якія прапановы па ўдасканаленні кадравай падрыхтоўкі, з улікам вопыту вашага раёна, можаце назваць?

Kirausk:

- Вельмі турбуе камплектаванне ўстаноў кадрамі з вышэйшай адукацыяй. І хоць у нас на дзённай форме вучыцца па мэтавых накіраваннях 21 чалавек, а на завочнай у ВНУ культуры і мастацтва - 28, гэтага не дастаткова... Што да іншых праблем, дык нам неабходны фінансавыя сродкі для рамонту Цэнтра дасугу і раённага Дома культуры ў Кіраўску, а таксама на сяле. Вельмі не стае гукаўзмацняльнай апаратуры, аўдыё-, відэа тэхнікі, мікрафонаў, камп'ютараў, мэблі, недастаткова сцэнічных касцюмаў і камплектаў абутку. Думаю, што для вырашэння гэтых неадкладных праблем і прадугледжана Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі".

 Ashmiany:

- Што да пытання пра рэалізацыю Дзяржпраграмы, дык вопыт за гэты час назапашаны сапраўды неацэнны. Мы навучыліся разлічваць на ўласныя сілы, карпатліва захоўваць тое, што маем і што напрацавана ў раёне гадамі. І ўвогуле, Дзяржпраграма была для нашай культуры жыццёва неабходнай, і яе рэалізацыя дала больш чым заўважныя вынікі. Лічу, што яна нам вельмі патрэбна і надалей: вёска наша патрабуе пільнай увагі... Дарэчы, я вельмі радуюся за сваіх калег з іншых абласцей, за іх добрыя дасягненні ў сферы развіцця сельскай культуры.

 Adm:

- Пытанне да кіраўніка Случчыны: што сёння, Уладзімір Віктаравіч, амаль пасля завяршэння дзеяння пяцігадовай праграмы, хацелі б дадаць да зробленага?

Sluck, старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Даманеўскі:

 - Цэнтрамі інфармацыйнай работы ў сельскай мясцовасці павінны стаць бібліятэкі. Любы вясковец, наведваючы бібліятэку, павінен знайсці тую кнігу, якая яго цікавіць. Бібліятэку трэба абсталяваць з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій. Існуе пытанне адносна масавасці і новых форм працы. Тыя, што ёсць, не могуць даць адказы на многія запыты сучаснай моладзі, таму не выключана ўзнікненне недзяржаўных суб'ектаў культурна-масавай работы. Увогуле ж, кожнае мерапрыемства павінна быць да дробязей прадумана, больш іх варта ладзіць у сельскай мясцовасці, у першую чаргу - у аграгарадках, да таго ж- з улікам складу насельніцтва. Тады любое мерапрыемства будзе мець самы спрыяльны грунт. Агульная культура чалавека пасадзейнічае павышэнню культуры вытворчасці, а гэта станоўча адаб'ецца на эфектыўнасці эканомікі Слуцкага раёна.

Adm:

 - Як плануеце развіваць сельскую культуру цягам наступнай пяцігодкі? Што за прыярытэты тут бачацца?

 Akciabrski:

 - Будзем працягваць работу па пераабсталяванні сельскіх культасветустаноў. Трэба набыць сучасную гукаўзмацняльную апаратуру і аргтэхніку, завяршыць камп'ютарызацыю ўстаноў, удасканальваць падыходы да наладжвання вольнага часу дзяцей і моладзі. Для гэтага распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па стварэнні парку культуры і адпачынку, дзе будуць гульнёвыя аўтаматы, атракцыённая тэхніка, самы шырокі спектр паслуг. Неабходна пашырыць у аграгарадках і раёна сетку філіялаў Дзіцячай школы мастацтваў, адкрыць новыя класы і аддзяленні.

Kirausk: - Перспектывы развіцця да 2015 года прадугледжаюць правядзенне трэцяга і чацвёртага этапаў рамонтна-ўзнаўленчых работ на Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі. У планах - стварэнне стацыянарнага краязнаўчага музея ў аграгарадку "Любонічы", Цэнтра рамёстваў на базе Скрыпліцкага дома культуры. Безумоўна, будем праводзіць працу па далейшым развіцці сеткі дзіцячых школ мастацтваў на сяле. Толькі сёлета адкрыты клас духавых інструментаў у Мышкавіцкай ДШМ, клас акардэона - у вёсцы Барчыцы... Асноўныя ж прыярытэты для нас - захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва і паляпшэнне якасці працы.

 Sluck:

 - На стадыі распрацоўкі знаходзіцца Галіновая праграма "Культура Случчыны на 2011 - 2015 гг.". У Слуцкім раёне склалася трывалая сістэма наладжвання святаў, конкурсаў, фестываляў, адкрыцця новых талентаў. Увогуле ж, пры арганізацыі вольнага часу прыярытэт надаецца комплексным праграмам для розных катэгорый насельніцтва. Сведчаннем таму - сумесная дзейнасць шматпрофільнага Маладзёжнага цэнтра і аддзела па справах моладзі. Кожны год сярод сельскіх устаноў культуры праходзяць агляды-конкурсы, што вызначаюць узровень аматарскай мастацкай творчасці, а таксама з'яўляюцца рэгулярнай творчай справаздачай усіх клубных устаноў раёна. Сёлета праходзіў агляд-конкурс "Клуб года", а ў плане наступнага года - "Традыцыйная культура Случчыны".

Kobryn:

 - Аб прыярытэтах развіцця сельскай культуры цягам наступнай пяцігодкі. Улічваючы спецыфіку сельскай мясцовасці, трэба навучыцца бачыць звычайнага чалавека, працаўніка вёскі. Неабходна ствараць стымул для рэалізацыі яго творчага патэнцыялу, дзе б чалавек ні працаваў. На мой погляд, якраз тут не дапрацоўваем, бо менавіта мы - работнікі культуры - маем дзяржаўны заказ на выхаванне чалавека і адраджэнне тых маральных асноў, якімі заўсёды ганарылася Беларусь.

Adm:

 - Пад час выступлення Прэзідэнта краіны на ІV Усебеларускім народным сходзе прагучала наступнае: "Разам з тым, трэба прызнаць, што патэнцыял нацыянальнай культуры недастаткова выкарыстоўваецца для фарміравання і ўмацавання міжнароднага іміджа краіны. Неабходна працаваць над стварэннем культурнагістарычных брэндаў, якія маглі б ярка, пазітыўна і поўна прадстаўляць нашу краіну за мяжой. У нас ёсць што паказаць і чым здзівіць замежных гасцей". Якім чынам мяркуеце рэалізоўваць падобныя праекты? Скажам, у Ашмянах такі вопыт маецца. Прынамсі, журналісцкая цікавасць да фестываляў, канферэнцый і многіх іншых мерапрыемстваў - значная. Таму і гаворка пра Ашмяншчыну не сыходзіць з газетных палос ды тэлеэкранаў...

Ashmiany:

- Новыя тыпы ўстаноў культуры аграгарадкоў, такіх, як "Баруны", "Гальшаны", "Жупраны", "Мураваная Ашмянка", акрэслілі для сябе найважнейшай папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, яны і ствараюць адпаведныя брэнды. У турыстычныя маршруты ўключаны замак Сапегаў, барунскія базыльянская школа і Петрапаўлаўскі касцёл, друкарня Дарагастайскага, месцы пахавання вядомых землякоў: Багушэвіча, Снядзецкага...

Sluck:

- Далёка за межамі Слуцка стала вядомае майстэрства беларускіх ткачоў, што вырабляюць паясы і з'яўляюцца гонарам беларускай традыцыйнай культуры. Сёння ў нашых установах культуры налічваецца 58 гурткоў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. У Квасыніцкім цэнтры рамёстваў, Падлескім сельскім доме культуры, Слуцкім цэнтры традыцыйнай культуры працягваюцца традыцыі старадаўніх майстроў. Чым не брэнд?

Ashmiany:

- Сёлетнім брэндам раёна стала адкрыццё ў Ашмянскім краязнаўчым музеі адзінай у рэспубліцы мастацкай галерэі "Нікор".

 Akciabrski, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Ігар Угрын:

- Мы ганарымся нашымі мастацкімі калектывамі, якія носяць ганаровыя званні "ўзорны", "народны". Творчых фарміраванняў у раёне - больш за 260, і працуюць там самаадданыя, ініцыятыўныя людзі. Кожны з ансамбляў - своеасаблівы і непаўторны брэнд раёна.

Akciabrski:

 - Лічым, што культурнымі брэндамі раёна могуць стаць і Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня", які з'яўляецца адзіным у рэспубліцы, скіраваным на адраджэнне каранёвых форм аўтэнтычнага фальклору. Таксама брэндам лічым згаданую "Бубнаўку", дзе, дарэчы, размясцілася сядзіба галоўнага Дзеда Мароза Рудабельскай зямлі.

Ashmiany:

- Брэндамі раёна таксама сталі і фестываль "Гальшанскі замак" і традыцыйныя Міжнародныя навуковапрактычныя канферэнцыі "Гальшанскія чытанні", у ходзе якіх адкрываюцца памятныя знакі, прысвечаныя знакамітым землякам ды важным гістарычным падзеям.

 Kobryn:

- Цягам наступнай пяцігодкі будзе праведена рээкспазіцыя будынкамузея А.В. Суворава. Гэта дасць магчымасць пашырыць сферу абслугоўвання турыстаў. Цудоўны парк імя А.В. Суворава з амфітэатрам на 2000 месцаў, дзіцячы гульнёва-забаўляльны цэнтр "КЕША", лыжаролерная траса, адноўлены ландшафтны дызайн, які пастаянна ўдасканальваецца, дадуць магчымасць комплексна абслугоўваць наведвальнікаў.

Adm:

- З дапамогай Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" некаторыя з агучаных вамі праблем можна вырашыць. Чаго чакаеце ад гэтай дзяржпраграмы, што пачынае дзейнічаць у наступным годзе? Дарэчы, а якія канкрэтныя прапановы вы ўнеслі ў яе змест?

Kobryn:

 - Хачу тут узняць вось якое праблемнае і вельмі набалелае (і не толькі, напэўна, для нас) пытанне. Не сакрэт, што, каб падтрымліваць функцыянаванне ўстаноў культуры ў належным стане, неабходна кожны год укладваць сюды фінансавыя сродкі. З 1 студзеня 2005-га ўстановам культуры адмянілі льготу па падатку, хоць якраз гэтая сума магла быць выкарыстана на ўмацаванне матэрыльнатэхнічнай базы. І яшчэ. Сродкі, якія накіроўваюцца на заработную плату з фонду матэрыяльнага заахвочвання па пазабюджэтнай дзейнасці, абкладаюцца падаткам на прыбытак (24 працэнты). Вельмі пажадана, каб названую льготу нам вярнулі.

Sluck:

- Прапанавалі ўключыць у Дзяржпраграму адраджэнне помніка архітэктуры класіцызму 1789 года - будынка былога дома дваранскага сходу, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Цяпер у гэтым памяшканні размяшчаецца Слуцкі краязнаўчы музей. Так што чакаем фінансавай падтрымкі.

Ashmiany:

- Захаванне і далейшая кансервацыя руін знакавага для раёна і рэспублікі гісторыка-культурнага аб'екта - Гальшанскага замка - задача найпершая. Пэўныя захады раён ужо зрабіў. Маецца канцэпцыя кансервацыі, зроблены вынас з замкавай тэрыторыі лініі электраперадач. Натуральна, ускладаем у гэтым плане вялікі спадзеў на Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі"...

Akciabrski, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Ігар Угрын:

- Сярод неадкладных праблем - таксама, як і ў многіх іншых раёнах, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. На жаль, мы пакуль атрымліваем недастаткова сродкаў на падтрыманне ў належным стане абеліскаў, воінскіх пахаванняў, іншых помнікаў гісторыі. Не выпрацавана сістэма работы ў гэтым напрамку.

Adm:

 - Брэндавасць раёна, пра якую казалі вышэй, непарыўна звязана з развіццём рэгіянальнага турызму...

Kirausk:

- Сёння ў раёне працуе турыстычны маршрут "Боркі - Кіраўск - Мышкавічы - Жылічы", які з'яўляецца першым крокам у рэалізацыі праекта па прапагандзе нашай спадчыны. Любы ахвотны можа пабачыць мемарыяльны комплекс у Борках, пазнаёміцца з жыццём Героя Савецкага Саюза Арлоўскага, наведаць аграэкасядзібу і пазнаёміцца з палацава-паркавым ансамблем, дзе ёсць музейная экспазіцыя, прысвечаная беларускай дваранскай сядзібе, помнік садова-паркавага мастацтва (больш за 180 відаў дрэў і кустовых раслін, каскад з пяці сажалак, штучныя горкі).

Adm:

 - Наколькі эфектыўна рэалізавана Дзяржаўная комплексная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх паселішчаў на 2007 - 2010 гады? Як за гэты час змянілася культурнае аблічча раённых цэнтраў?

Akciabrski, намеснік старшыні Акцябрскага райвыканкама Ігар Угрын:

- За 2007 - 2010 гады адрамантаваны гарадскі Цэнтр вольнага часу, у ім створаны самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця творчых здольнасцей насельніцтва. Да паслуг наведвальнікаў - дысказала, канцэртная зала, маладзёжнае кафэ, утульныя кабінеты, дзе размясціліся калектывы і аматарскія аб'яднанні гэтай установы. Раённы метадычны Цэнтр народнай творчасці пераехаў у спецыяльна адрамантаваны будынак, Праведзены рамонты дзіцячай бібліятэкі, карціннай галерэі, Дома рамёстваў. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца "Акцябрскі заапарк", у якім цяпер налічваецца 75 відаў жывёл і птушак. Развіццю гарадскога пасёлка садзейнічае і правядзенне ў раёне Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня". Амаль тысяча ўдзельнікаў з усіх абласцей Беларусі, бліжняга замежжа спаборнічаюць у конкурсных праграмах.

 Kobryn:

- Горад не ўвайшоў у названую Дзяржаўную комплексную праграму, але ж дзякуючы рэспубліканскім "Дажынкам" змяніўся непазнавальна. Літаральна ўся інфраструктура аб'ектаў аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама набыла сучасны выгляд.

Kirausk:

 - Гэтая Дзяржпраграма дапамагла правесці бягучыя рамонты, набыць раяль для раённага Дома культуры, музычныя інструменты для Кіраўскай ДШМ, адкрыць камп'ютарную залу, пашыць сцэнічныя касцюмы для дзіцячых харэаграфічных калектываў горада...

Ashmiany:

- Пасля рэканструкцыі адкрыўся краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча, пасля пленэру скульптараў з'явілася Алея камянёў, штуршком для развіцця культуры стаў сёлетні міжнародны эканамічны форум "Паўночны вектар Гродзеншчыны"... Лічу, зроблена нямала. Што да ўстаноў культуры, дык турбуе адсутнасць сродкаў на стварэнне экспазіцыі ў раённым краязнаўчым музеі, патрабуе сучаснага памяшкання раённая бібліятэка. Спадзяюся, у новай пяцігодцы ўсё будзе рэалізавана.

 Kirausk:

- Паспрыяе рэкламе маршрутаў і наш, аддзелаўскі, сайт, які да канца студзеня плануем запусціць.

Sluck:

- Напрыканцы нашай узаемакарыснай гаворкі хачу вось пра што сказаць. Галоўная каштоўнасць нашай культуры - гэта яе людзі. На Случчыне, як і ва ўсёй Беларусі, працуе шмат такіх цудоўных неардынарных, адданых працы людзей, выдатных творцаў. Усе мы ганарымся кіраўнікамі "народных" і "ўзорных" калектываў. Іх, дарэчы, у нашым раёне - 29. У 96 установах культуры і мастацтва працуюць 482 спецыялісты. За пяць гадоў на работу прыняты 63 маладыя работнікі, многія з іх сёння - добра вядомыя. Напрыканцы ж, паважаныя калегі, дазвольце павіншаваць вас з надыходзячым Новым годам і Калядамі! Зычым вам здароўя, плённай працы, фінансавай стабільнасці, маральнага задавальнення.

Adm:

 - Рэдакцыя "К" таксама шчыра далучаецца да гэтых пераднавагодніх віншаванняў і выказвае ўдзячнасць за цеснае і плённае супрацоўнітва. З надыходзячым Новым Годам і Калядамі! Плёну і крэатыўных ідэй у 2011-м!

Kobryn:

- Паважаныя супрацоўнікі газеты "Культура", калегі, дзякуй за змястоўную размову! Няхай кожны дзень новага года будзе творчым крокам наперад! Мяркую, да маіх слоў далучацца ўсе ўдзельнікі канферэнцыі.

Adm:

- Дзякуй, мы заўжды да гэтага імкнёмся. Да новых рэальных і он-лайнсустрэч у новым годзе!

Па он-лайн-канферэнцыі дзяжурылі Яўген РАГІН, Сяргей ТРАФІЛАЎ, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ