ІІ Біенале. Усё зводзіцца да канцэпцыі?

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Ад традыцыі да постмадэрнізму “forever”

/i/content/pi/cult/302/5142/pic_30.jpgІІ Біенале жывапісу, графікі і скульптуры, а разам з ёй і экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія працавалі ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва", сёлета прайшлі ў рамках сацыяльна-культурнага праекта Міністэрства культуры - выстаўкі сучаснага выяўленчага мастацтва "Зямля пад белымі крыламі" - і замянілі традыцыйную перадз'ездаўскую выстаўку. У экспазіцыі былі прадстаўлены творы як старэйшых мэтраў, так і работы моладзі. Сімвалам біенале, як і мінулым разам, абрана кола: знак сонца, зямлі і неба, што натхняе на творчыя здзяйсненні.

Адбор твораў быў жорсткі: работы, змешчаныя ў залах, выкананы за апошнія два гады. Не ўсе члены БСМ засталіся задаволены: хтосьці меў магчымасць паказаць паліптых, а хтосьці быў прадстаўлены адной работай з дыптыху. Усё гэта выклікала спрэчкі сярод творцаў, аднак не пашкодзіла цікавасці да выстаўкі з боку гледачоў.

Нельга адмаўляць агульнавядомую ісціну: буйныя мастацкія акцыі - фестывалі, біенале, рэспубліканскія выстаўкі і г. д., - несумненна, заўжды з'яўляюцца наступным узроўнем прэзентацыі сучаснага мастацтва. У пэўным сэнсе іх звышзадача - выявіць новыя ідэі, накірункі, прыярытэты сённяшняга мастацкага жыцця.

Якія ж тэндэнцыі вызначыла ІІ Біенале жывапісу, /i/content/pi/cult/302/5142/pic_31.jpgграфікі і скульптуры? Найперш - тое, што беларускае станковае мастацтва надзвычай разнастайнае. Асабліва відавочна гэта ў жывапісе. На сёлетняй біенале ўжо не валадарыла класічнае стаўленне да жывапіснай творчасці, як два гады таму. Гэта было падкрэслена нават экспазіцыйна, бо самымі актыўнымі кропкамі прасторы вялікай залы сталі буйныя палотны канцэптуальнага характару Р.Вашкевіча, С.Кірушчанкі, А.Некрашэвіча, А.Іванова, С.Грыневіча. Ва ўсіх гэтых работах гучыць яшчэ не цалкам вычарпаны ў беларускім мастацтве пафас нонканфармізму. І гэта, у спалучэнні са спробамі З.Луцэвіч, У.Канцадайлава, В.Герасімава, Э.Куфко, Г.Сілівончык, А.Малея, А.Фалея, І.Русачыка, В.Нуднова, В.Шылко і іншых стварыць новае пластычнае асяроддзе ў межах традыцыйнага палатна, адназначна вызначыла ў жывапісным раздзеле першаснасць напрамкаў фармалістычнага мастацтва з яго пошукамі знакавасці, схільнасцю да эпатажу, складанымі ўзаемадачыненнямі з рэальнай прасторай.

Постмадэрнізм "forever"? Аднак тут жа згадваюцца словы Гётэ: "Ва ўсялякім творы мастацтва, вялікім ці малым, усё зводзіцца да канцэпцыі". Зрэшты, беларускія наватары і прыхільнікі эксперыментаў ніколі поўнасцю не вызваляліся ад традыцыйнага мастацкага прыцягнення. У іхняй творчасці і ўвогуле ў айчыннай мастацкай практыцы палатно як матэрыяльны фактар знікае вельмі рэдка. Аспрэчваюцца, напрыклад, ідэал прыгожага ў творы як катэгорыі класічнай эстэтыкі, энергетыка работ, тэхналогіі творчасці, матэрыял мастацтва. Але гэта не закранае тых, хто забяспечвае іх рэальнае функцыянаванне: мастака і гледача. А класічныя жывапісныя прыёмы не толькі не знікаюць у мінулым, але і прэтэндуюць на ролю спецыфічнага камертона для актуальных выказванняў. Ці ж не гэтая якасць адрознівае выявы-метафары Л.Хобатава або структуры-формы З.Літвінавай?

/i/content/pi/cult/302/5142/pic_32.jpgЯшчэ больш падкрэслена выяўляецца ўменне інтэрпрэтаваць лепшыя здабыткі і кірункі ХХ стагоддзя ў суладдзі з нацыянальнай архаікай, "вяртанне жывапісу" з яго традыцыйнымі матэрыяльнымі каштоўнасцямі ў мастакоў так званага сярэдняга пакалення. У іхняй творчасці можна ўбачыць разнапланавасць жывапісных падыходаў: ад рэалістычнай трактоўкі пейзажаў і нацюрмортаў да экспрэсіўных, канструктыўна-прасторавых форм, пластыка-колеравых эксперыментаў. Работы У.Тоўсціка, В.Шкарубы, В.Касцюч э н кі, Я.Батальёнка, А.Кузняцова, М.Бушчыка, У.Кожуха, К.Качана, А.Грышкевіча, А.Скавародкі вызначаюць не столькі пазнавальны стыль або пластыка жывапіснай мовы, колькі прыхільнасць да метафарычнасці, што канчаткова замяніла тэматычны складнік палотнаў. Творцаў цікавяць не рэаліі і калізіі рэчаіснасці, а ўласныя асацыятыўныя адчуванні, унутраныя, душэўныя трансфармацыі. Аўтары звяртаюцца да псіхалагічнага стану герояў, з дапамогай прадметаў, архітэктурных дэталей выбудоўваюць пэўную мізансцэну карціны. Аднак не ўсё ў экспазіцыі было аднолькава яркае і ўдалае. Побач з несумненнымі здабыткамі нават пасля вельмі шчыльнага і дакладнага адбору засталіся работы кан'юнктурнага, салоннага характару. На жаль, творы класічнага плана, з тонкай нотай жывапіснага гучання, што патрабуе далікатнага падыходу ў іх экспанаванні, згубіліся сярод больш агрэсіўных па колеры фармальных палотнаў.

Парадавала ў гэтым сэнсе графіка - і друкаваная, і аўтарская (У.Вішнеўскага, С.Цімохава, А.Басалыгі, В.Нікішынай, Г.Ціханавай, Ю.Якавенкі, Р.Сустава). Побач з работамі вядомых майстроў, напрыклад, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, М.Казлова з'явілася шмат творчых эксперыментаў моладзі, якая імправізуе на стыку розных тэхналогій і стылістычных падыходаў. Відавочна, што вызначыўся адыход ад выкарыстання ў графіцы жывапісных прыёмаў, калажаў, дрыпінгу, выявілася прыхільнасць да традыцыйных друкаваных тэхнік: літаграфіі, афорта, акватынты. Тэхналогія тут не заглушае індывідуальнасць, усе прадстаўленыя творы - вельмі разнастайныя па тэматыцы і змесце.

А вось скульптары аказаліся самымі неактыўнымі ўдзельнікамі выстаўкі: аўтараў прадстаўлена мала, асабліва гэта датычыцца моладзі. Не шмат было і яркіх знаходак: цікавы скульптурны канцэпт паказаў К.Селіханаў, выразнай экспазіцыйнай кропкай сталі металічныя канструкцыі В.Малахава, нечаканым, аднак вельмі ўдалым, - выбар шкла як пластычнага матэрыялу для П.Вайніцкага. Прыемна, што выстаўку не абмінулі творцы з рэгіёнаў: у экспазіцыю ўвайшлі работы А.Вараб'ёва з Магілёва, У.Панцялеева з Гродна, А.Гвоздзікава з Віцебска, А.Гуршчанковай з Брэста. Аднак усё гэта не дазволіла вызначыць тэндэнцыі скультурнай творчасці апошніх гадоў. Раздзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які афіцыйна не ўваходзіў у біенале, тым не менш, стаў для выстаўкі важнай часткай. Не сакрэт, што "прыкладнікі" пачуваюць сябе пакрыўджанымі няўвагай з боку БСМ. Гэтаму паспрыяла няўдалая і кароткая па часе І Трыенале ДПМ. Дый апошняя экспазіцыя адказы на многія пытанні не дала. Работы мастакоў сведчаць, што аўтары віртуозна валодаюць тэхнікай і фармальнай кампазіцыяй. Аднак не ўсе з іх ставяць перад сабой звышзадачы. Вар'іруюцца адны і тыя ж прадметы, не адчуваецца вастрыні і нервовасці, пульсу нашага часу.

Так, было насамрэч прадстаўлена многа твораў: габелены, ткацтва, кераміка, батык, шмат шкла. Зрэшты, гэта і не дзіва. Міжнародны сімпозіум мастацкага шкла, які адбыўся некалькі месяцаў таму на нашым славутым заводзе "Нёман" па ініцыятыве Міністэрства культуры, даў свой вынік. Яго ўдзельнікі адчулі зацікаўленасць дзяржавы не толькі ў работах "тыражнага" характару, якія выстаўляюцца ў вялікай колькасці на продаж у гарадскіх крамах, але і ў эксперыментальных мастацкіх творах экспазіцыйнага (А.Атрашкевіч, В.Сазыкіна, І.Кузняцова і інш.).

Безумоўна, кожны з творцаў - удзельнікаў выстаўкі ДПМ мае свой адметны стыль, манеру, пластыку, яскрава выяўленую тэматыку. Кожны сам па сабе - яркая асоба ў мастакоўскім асяродку. Адчуваюцца ў работах і ашчаднае стаўленне да спадчыны, і яе асацыятыўна-метафарычнае пераасэнсаванне. Творчасць аўтараў адначасова дыхае і наіўнасцю, і амаль прастадушнай адкрытасцю, і таямніцай, і загадкай - тым, што звяртае і мастака, і гледача да глыбіняў старажытнай міфатворчасці. Але справа тут, відавочна, не ў аўтэнтычнасці форм і не ва ўтварэнні на іх аснове новых. Тут - іншыя арыенціры. Гэта ў пэўнай ступені звязана з магіяй, душой і, безумоўна, рэальнасцю, бо, урэшце, усе ўвасобленыя ў работах вобразы адлюстроўваюць нашы ўяўленні і ўражанні ад навакольнага асяродка.

Наталля ЖОГЛА