Праекты для “залатога фонду”

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Нататкі пасля ХХ З’езда мастакоў Беларусі

/i/content/pi/cult/302/5141/pic_27.jpg"Ты вечности заложник, у времени в плену..." - гэтыя радкі Барыса Пастэрнака цалкам могуць быць адрасаваны і беларускім мастакам, якія, мерай адпушчанага ім Богам таленту, сапраўды з'яўляюцца "вечности заложниками". "У времени в плену" ўсе мы, але мастак перажывае гэтую залежнасць асабліва востра. Яго грамадзянскае, чалавечае прызванне ў тым, каб хуткаплынны час захоўваўся ва ўсім багацці мастакоўскага ўспрымання і радасцяў жыцця, і "сердца горестных замет", і філасофскага адчування эпохі. Менавіта такія думкі прыйшлі да мяне ў час работы чарговага, ХХ З'езда мастакоў Беларусі, у якім прынялі ўдзел 216 дэлегатаў ад 1055 членаў грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў".


Дык аб чым жа ішла гаворка на гэтым важным для мастацкага жыцця краіны форуме? Зразумела - аб самых надзённых, неадкладных праблемах арганізацыйна-творчага жыцця вялікага калектыву нашых творцаў розных відаў і жанраў мастацтва, розных стыляў і кірункаў, светаадчуванняў і светапоглядаў. Канешне, за перыяд з 2007 года Радай БСМ і яе прэзідыумам было зроблена нямала, аб чым падрабязна расказаў у сваім справаздачным дакладзе старшыня Саюза Уладзімір Савіч. Асабліва гэта тычыцца выставачнай і вытворча-эканамічнай дзейнасці - двух важных "кітоў" нашай грамадскай арганізацыі. Дастаткова сказаць, што ў прасторы выставак адбываліся нацыянальныя, міжнародныя і замежныя праекты, рэспубліканскія, абласныя, групавыя, персанальныя акцыі і пленэры: за т р ы апошнія гады нашы мастакі прынялі ўдзел амаль у 500 выстаўках у краіне і за яе межамі! І тут важную ролю адыгралі добрыя творча-арганізацыйныя сувязі Саюза з Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам замежных спраў краіны, з гарвыканкамамі і аблвыканкамамі, з зацікаўленымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі, з музейнымі і галерэйнымі структурамі краіны і замежжа, а таксама з некаторымі СМІ і выдавецтвамі. Шмат карыснага было зроблена кіраўніцтвам Саюза і ў іншых галінах: гаворка - пра дзейнасць мастацкіх камбінатаў, Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва" і іншых галерэй, рамонт нерухомай маёмасці і набыццё асноўных сродкаў вытворчасці, выручку ад асноўнай дзейнасці (арэнды), матэрыяльную і творчую дапамогу членам Саюза.

Пэўныя праблемы засталіся нявырашанымі /i/content/pi/cult/302/5141/pic_28.jpgз прычыны розных аб'ектыўных і суб'ектыўных акалічнасцей, аб чым таксама зазначылі ў выступленнях некаторыя дэлегаты. Але гэта натуральна: без крытыкі кіраўніцтва па тых або іншых пытаннях не абыходзіцца ні адзін сход такога ўзроўню. Аднак у цэлым работу кіраўніцтва за трохгадовы мінулы перыяд З'езд ацаніў на "здавальняюча", аб чым пераканаўча сведчылі вынікі выбараў старшыні ГА "Беларускі саюз мастакоў": заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны Уладзімір Савіч набраў у выніку тайнага галасавання 162 галасоў з 216 магчымых і паўторна быў абраны на пасаду.

Сярод галоўных накірункаў працы Саюза на бліжэйшыя гады былі вызначаны як стратэгічныя, так і тактычныя дзеянні: павышэнне якасці выставачнай работы, якая павінна адпавядаць еўрапейскім маштабам, у прасторы краіны і за яе межамі, умацаванне эканамічнага становішча Саюза праз развіццё яго вытворчай базы, кансалідацыя намаганняў усіх структур БСМ (секцый, аб'яднанняў, абласных і гарадскіх /i/content/pi/cult/302/5141/pic_29.jpgарганізацый) па абароне творчых, матэрыяльных і маральных інтарэсаў членаў Саюза...

Вялікі пазітыўны рэзананс у дэлегатаў З'езда атрымалі выступленне міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі і яго адказы на пытанні дэлегатаў. Міністр закрануў практычна ўсе галоўныя праблемы арганізацыйна-творчых стасункаў Міністэрства культуры і БСМ, дзяржавы і творцаў. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што за апошнія пяць гадоў на закупку твораў беларускіх мастакоў для фарміравання музейных фондаў краіны дзяржавай было выдаткавана 2 мільярды 471 мільён рублёў, што яскрава сведчыць аб рэальнай падтрымцы мастакоў з боку дзяржавы. І такая дапамога ў бліжэйшай перспектыве будзе павялічана. Міністр закрануў шмат іншых пытанняў, якія тычыліся новых важных ініцыятыў міністэрства ў сферы развіцця нацыянальнай культуры ў кантэксце будучай Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" і новых праектаў нарматыўна-прававых актаў, актуальнай для мастакоў праблемы аплаты за арэнду творчых майстэрняў, кардынальнага паляпшэння работы экспертных фарміраванняў і, канешне ж, шырокай выставачнай дзейнасці ў краіне ды за мяжой. Міністр распавёў і пра цікавыя праекты стварэння ў Мінску Цэнтра сучаснага выяўленчага мастацтва і ўнікальнага Музейнага квартала (на базе Нацыянальнага мастацкага музея), пра сумесныя з БСМ буйныя выставачныя экспазіцыі, а таксама пра помнікі выдатным дзеячам беларускай культуры, якія будуць у бліжэйшы час устаноўлены ў краіне і за яе межамі.

Сваю прамову Павел Латушка закончыў такім зваротам да мастакоў: "Сёння мы з'яўляемся сведкамі адраджэння культурных традыцый у беларускім мастацтве, вяртання нашага народа да сваёй гісторыі, сваіх духоўных каранёў. Ваша творчасць не толькі стварае залаты фонд айчыннай культуры, але і дапамагае лепш зразумець своеасаблівасць душы нашага народа, выхоўвае самасвядомасць і гонар за нашу дзяржаву. Вы, мастакі, з'яўляецеся элітай нашай дзяржавы, элітай нашай культуры і мастацтва. І мы чакаем ад вас новых ідэй і прапаноў. Дзверы Міністэрства культуры для гэтага заўсёды адкрыты..."

А я ў гэтай сувязі ўзгадаў словы старажытнагрэчаскага філосафамудраца, вечнага шукальніка ісціны, Платона: "Ніколі не будзе квітнець дзяржава, калі яе не паначэрчваюць мастакі паводле боскага ўзору". І гэта менавіта так.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"