Віртуальная ёлка рэальных здзяйсненняў

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Аб’екты і падзеі серпанціну “на пяць”...

/i/content/pi/cult/302/5138/pic_21.jpgАпошнія пяць гадоў сталі для нашай маладой дзяржавы - і, вядома, яе культуры - часам, выключна багатым на падзеі і здзяйсненні. Прыгадайма толькі некаторыя з найважнейшых. Няцяжка заўважыць, што інтэнсіўнасць падзей няспынна павялічвалася, і гэта дазваляе казаць пра пэўную тэндэнцыю. Варта спадзявацца, што рост падзейнасці прадоўжыцца і ў новым дзесяцігоддзі. Балазе планы на бліжэйшую перспектыву - яшчэ больш грандыёзныя за здзяйсненні. А планы ў нашай краіне - рэалізуюцца!

Перадаць гераізм і Памяць

Святкаванне 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 2009м, а ў наступным - і юбілею Вялікай Перамогі сталі сапраўды ўсенароднай падзеяй. Масткі ў часе паміж гераічным мінулым і сучаснасцю выбудоўваліся з дапамогай культуры.

Юбілеям былі прысвечаны многія арыгінальныя творчыя праекты ўсіх магчымых відаў і жанраў. Сярод іх нельга не вылучыць цыкл справаздачных канцэртаў беларускіх рэгіёнаў на сцэне Палаца Рэспублікі, дзе кожная з абласцей мовай мастацтва стварыла сваю візітоўку.

Разам з тым, юбілеі сталі добрай нагодай правядзення кампаніі па рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні шматлікіх на нашай зямлі помнікаў, прысвечаных падзеям той вайны: ад сціплых абеліскаў на магілах воінаў да вялізных мемарыяльных комплексаў. У 2007 годзе спіс шэдэўраў манументальнага мастацтва папоўніў мемарыял на месцы дзіцячага канцлагера ў вёсцы Чырвоны Бераг. Яго аўтары знайшлі ў тэме вайны новыя адценні, адлюстраваўшы яе вачыма бязвінных ахвяр.

Перадаць нашым сучаснікам Памяць пра трагедыю і гераізм нашага народа сёння - задача не з простых. І таму Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны не абмяжоўваецца традыцыйнымі музейнымі сродкамі, актыўна выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі ды прыёмы. Месцам для ўвасаблення ў жыццё крэатыўных задум стане новы будынак музея, які неўзабаве мае паўстаць ля стэлы "Мінск - горадгерой".

 

Гранд-праект "Краіна замкаў"

Дата 16 снежня 2010 года, без сумневу, увойдзе ў 500-гадовую гісторыю Мірскага замка - як другі дзень яго нараджэння. Адзін з найбольш пазнавальных сімвалаў Беларусі адкрыўся для наведвальнікаў у сваёй новай іпастасі: не фартыфікацыйнай, але музейнай.

Рэстаўрацыя помніка спадчыны, унесенага ў Спіс UNESCO, доўжылася не адно дзесяцігоддзе, але большасць амбітных намераў была ўвасоблена ў жыццё менавіта за апошнія гады. Дзякуючы ўвазе да гэтага аб'екта Кіраўніка дзяржавы работы сталі атрымліваць канцэнтраванае фінансаванне з бюджэту, якое толькі сёлета склала каля 27 млрд. рублёў. І такая палітыка прынесла відавочны плён.

Аднаўленне Мірскага замка стала, бадай, самым маштабным праектам айчыннай рэстаўрацыі. Ён не мае прэцэдэнтаў - але будзе мець наступнікаў!

Пад час удзелу ў цырымоніі адкрыцця Мірскага замка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падтрымаў праграму па адраджэнні ўсіх замкаў нашай краіны на працягу бліжэйшых сямі гадоў. Некаторыя з іх будуць адрэстаўраваны, а тыя помнікі спадчыны, якія цягам пакручастай гісторыі былі ператвораны ў руіны, спазнаюць кансервацыю, як таго і вымагае міжнародная нарматыўная база ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. І кожны з гэтых помнікаў мае стаць аб'ектам паказу ў грандыёзным турыстычным маршруце пад умоўнай назвай "Краіна замкаў". Пра яго запатрабаванасць сведчыць хаця б каласальная колькасць наведвальнікаў Міра ў першыя дні пасля адкрыцця ў замку экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

 

Праз паўгода - адкрыццё

Завяршаюцца рэстаўрацыйныя работы і на яшчэ адной перліне беларускага дойлідства, унесенай у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Плануецца, што нясвіжская рэзідэнцыя Радзівілаў поўнасцю адкрыецца для наведвальнікаў ужо ў ліпені наступнага года.

Вяртанне напаўзанядбанаму санаторыю былой велічы аказалася няпростым. Сёння перад музейнымі работнікамі стаіць пытанне насычэння экспазіцыйнай прасторы адметнымі артэфактамі. На шчасце, у гэтай справе ім дапамагаюць не толькі калегі з іншых музеяў Беларусі, але і нашчадкі слыннага роду Радзівілаў, які адыграў выключную ролю ў беларускай гісторыі.

Знайсці фігуры дванаццаці апосталаў пад час раскопак і будаўнічых работ, на жаль, пакуль не ўдалося, але... Утоеныя скарбы, разам з іншымі паданнямі (а таксама прывідамі) робяць гэтыя старыя муры і паркавыя прысады яшчэ больш прыцягальнымі для ўсіх катэгорый турыстаў: ад вясковых школьнікаў да замежных дыпламатаў.

Будучыня колішняй Радзівілаўскай рэзідэнцыі выглядае вельмі аптымістычна. Лёс "родавых гнёздаў" іншых, не настолькі "гучных", фамілій пакуль не такі пэўны. Аднак актыўныя захады па яго выпраўленні ўжо робяцца. Сёлета па ініцыятыве беларускага Урада распачалася маштабная акцыя па пошуку новых гаспадароў для закінутых сёння шляхецкіх сядзіб.

 

Грані іміджавага дыямента

Новы  будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які быў адкрыты ў 2006-м Прэзідэнтам краіны, без сумневу, спраўдзіў сваю заяўленую ў праекце поліфункцыянальнасць. Недарэмна ж яго форма нагадвае дыямент - увасабленне рознабаковай дасканаласці.

Скарбніца ведаў, дзе яны не толькі назапашваюцца, але і становяцца даступнымі для ўсіх ахвотных... Грамадскі цэнтр, у якім ладзяцца мерапрыемствы на самым высокім узроўні... Адна з самых вялікіх у Мінску выставачных пляцовак для твораў мастацтва... "Помнік архітэктуры ХХІ стагоддзя", які і ўдзень, і, асабліва, уначы ўпрыгожвае наш горад... Папулярная турыстычная адметнасць... І, калі абагульняць, - адзін з пазнавальных сімвалаў маладой незалежнай дзяржавы. Той вобраз, з якім яна асацыіруецца ў многіх замежнікаў.

Таму і не дзіўна, што стварэнне гэтага іміджавага для краіны аб'екта адбывалася не толькі за дзяржаўныя сродкі, але і стала ўсенародным пачынам. Сродкі на будаўніцтва ахвяравалі як шматлікія прадпрыемствы, так і шараговыя грамадзяне.

 

Запас паліва для зорнай арбіты

Яшчэ некалькі гадоў таму перспектыва правядзення ў Мінску "Еўрабачання" (хай сабе і дзіцячага) здавалася папраўдзе фантастычнай. Але сёлета 20 лістапада тыя мары ўрэчаісніліся: горад напоўніўся юнымі спевакамі з розных краін свету. І гасціннасцю, і тэхнічнымі ўмовамі тыя былі задаволены выключна.

Правядзенне ў беларускай сталіцы знакамітага міжнароднага конкурсу стала магчымым дзякуючы ўзвядзенню новай пляцоўкі, якая адпавядае найвышэйшым сусветным патрабаванням у сферы высокатэхналагічных шоу. Больш за тое: адкрыццё "Мінск-Арэны" зрабіла сапраўдную рэвалюцыю ў гастрольным жыцці краіны. Яшчэ год таму канцэрты сусветных суперзорак у сталіцы падаваліся выключнай падзеяй. Сёння ж гэта - ужо звыклая завядзёнка. Адным скачком Мінск не толькі дагнаў, але і перагнаў многія іншыя еўрапейскія гарады.

...Засталося адно дачакацца таго дня, калі аншлагі ў шматтысячнай "Мінск-Арэне" будуць збіраць не толькі замежныя гранды, але і нашы выканаўцы. Пакуль што гэта таксама "з разраду фантастыкі", але...

Ва ўсялякім выпадку, рэальныя высілкі, пакліканыя вывесці айчынную эстраду "на арбіту", ужо робяцца на дзяржаўным узроўні. Сярод іх - і беспрэцэдэнтна маштабны конкурс "Зорка ўзышла над Беларуссю". Моладзь з усіх куткоў краіны здолела выявіць свае творчыя таленты, у тым ліку і ў сферы папулярнай музыкі. Яркія адкрыцці налічваліся сотнямі, і можна не сумнявацца ў тым, што конкурс будзе пазначаны першым радком у біяграфіі многіх зорак заўтрашняга дня.

Іншы бок медаля - развіццё шоў-бізнесу, той ракеты, без якой на арбіту не трапіш. Каб забяспечыць яе "запасам паліва", Міністэрства культуры краіны робіць захады па лібералізацыі заканадаўства ў галіне канцэртнай дзейнасці.

Пад дахам і на open air

Але самая вялікая канцэртная пляцоўка краіны з'явілася не ў яе афіцыйнай, але ў культурнай сталіцы. Віцебская плошча Перамогі, якая адкрылася сёлета пасля грунтоўнай рэканструкцыі, можа змяшчаць да ста тысяч гледачоў! Першыя канцэрты ў фармаце open air з вялікім поспехам адбыліся на ёй пад час сёлетняга Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Між тым, і Летні амфітэатр не так даўно апрануў модны капялюш - чым не паэтызаваны вобраз таго пластыкавага даху, што ўжо цягам некалькіх сезонаў абараняе гледачоў ды і самі крэслы ад капрызаў надвор'я? А да капрызаў эстрадных зорак, прапісаных у іх рэйдарах, тут прызвычаіліся куды раней. Праўда, і саміх капрызаў паменела, бо ў Віцебску ёсць усё, пачынаючы з найсучаснай гукаі святлоапаратуры ды святлодыёдных панэлей-экранаў. Асабліва ж багата - прыемных сюрпрызаў: менавіта яны сталі галоўнай "разыначкай" "Славянскага базару ў Віцебску".

Гасцей фестывалю, якія штогод сцякаюцца ў Віцебск, не раўнуючы, з усяго свету, горад кожны раз здзіўляе не толькі адметнымі творчымі праектамі, але і ўражальнымі зменамі ў сваім абліччы. Баракальныя вежы дзвюх адноўленых за апошнія гады цэркваў сталі новымі архітэктурнымі дамінантамі панарамы віцебскага цэнтра. Ад погляду на яе цяперашні ўзнёслы відарыс літаральна захоплівае дух!

 

У музейным квартале

Пасля вызвалення Мінска адраджэнне Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая стала папярэднікам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, пачыналася... усяго з чатырох пакойчыкаў. Напрыканцы мінулага тысячагоддзя ўстанове стала зацесна і ў шыкоўным неакласіцыстычным палацы па вуліцы Леніна.

Аднак паўстанне прыбудовы да яго ператварылася ў "доўгабуд". Асабістая ініцыятыва Кіраўніка дзяржавы значна паскорыла працэс. 5 снежня 2006 года Аляксандр Лукашэнка стаў адным з першых наведвальнікаў шыкоўных карцінных залаў, дзе знайшлося месца для многіх адметных твораў.

Між тым, час ідзе, і музей адкрывае перад сабой новыя перспектывы. Пад час свайго сёлетняга наведання рэпрэзентатыўнай выстаўкі "Зямля пад белымі крыламі", якая ўпершыню за многія гады стварыла шырокую панараму беларускага мастацтва, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адобрыў ідэю паўстання на базе НММ цэлага "музейнага квартала" ў цэнтры Мінска. Як адзначыў з гэтай нагоды міністр культуры краіны Павел Латушка, ніякіх праблем з запаўненнем новых плошчаў адметнымі экспанатамі не ўзнікне. Затое шматлікія скарбы, якія пакуль што тояцца ў фондах, стануць даступнымі для шырокай аўдыторыі.

Без сумневу, мінулая пяцігодка запомнілася таксама і стварэннем Нацыянальнага гістарычнага музея на базе Дзяржмузея гісторыі і культуры. Рашэннем Прэзідэнта краіны ўстанова атрымала новае прасторнае памяшканне - між, іншым, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. Першая чарга рэстаўрацыйных работ там скончыцца ўжо на пачатку наступнага года.

Яшчэ адзін грандыёзны музейны праект на бліжэйшыя гады, які распачаўся акурат сёлета,- стварэнне Музея Мінска. У былым палацы на плошчы Свабоды і ў Лошыцкай сядзібе рэстаўрацыйныя работы ўжо актыўна вядуцца, ды і праект Мінскага замчышча - на стадыі дапрацоўкі.

 

Палац і кар'еры

Рэканструкцыя будынка Вялікага тэатра, якая завяршылася ў сакавіку 2009 года, падзяліла нацыянальную оперна-балетную гісторыю на два найноўшыя перыяды: "да рамонту" і "пасля". І гэты новы перыяд ужо ўспрымаецца як дадзенасць: маўляў, няўжо калісьці магло быць іначай?

Неабмежаваныя магчымасці сцэнічнага абсталявання, новая рэпетыцыйная зала, дзе памеры сцэны набліжаны да асноўнай, грымёркі з усімі выгодамі- усё гэта стала рэальнасцю. Прызвычаіўшыся да мармуровых лесвіц, тэатр сур'ёзна задумаўся пра лесвіцу кар'ерную - і пачаў ладзіць балі-фестывалі, запрашаць знаных гасцей. А пляцоўка перад ім, упрыгожаная цудоўнымі скульптурамі і ашаламляльным фантанам, так і вабіць нават выпадковых мінакоў зазірнуць унутр...

Зала тэатра выклікае захапленне ва ўсіх замежных артыстаў - у тым ліку і ў знакамітай Марыі Гулегінай, якая калісьці пачынала ў Беларускай оперы сваю зорную кар'еру. У той самы час, лепшыя салісты тэатра, яго хор і аркестр таксама не абмяжоўваюцца адно выступленнямі ў родных сценах. Яны даўно ўжо запатрабаваны на самых прэстыжных пляцоўках свету, стаўшы своеасаблівай візітоўкай беларускай культуры.

 

Граюць усе ў фармаце дыялога

Фестываль - рухавік культуры. Гэтае крыху плакатнае азначэнне найлепш акрэслівае ўсе тоны, паўтоны і нават абертоны такіх буйных форумаў, як "Уладзімір Співакоў запрашае..." і Фестываль Юрыя Башмета. Першы з іх прайшоў у нас сёлета ўпершыню, другі - стаўся ажно пятым. Але справа не ў колькасці! Прыезд зорак сусветнага маштабу, іх выступленні з нашымі знанымі артыстамі і творчай моладдзю - вялізны стымул для ўсіх музыкантаў і іх прыхільнікаў. Сумеснае музіцыраванне - яшчэ і лепшы прыклад канструктыўнага дыялога, у якім няма прайграўшых, бо ўсе граюць, прыслухоўваючыся адно да аднаго.

Фестываляў высокай класікі не можа быць замнога. Культурная прастора - папраўдзе неабсяжная, у ёй хопіць месца кожнаму. Дык хай гэтыя фестывалі музіцыруюць "дуэтам", уступаючы кожны са сваёй тэмай! Нот у музыцы - сем, а мелодый - безліч. Так і з фестывалямі.

 

"Падарожжы" і прэстыж

Што можа адна асобна ўзятая скрыпка ў межах усёй краіны? Нічога! А калі гэта ўнікальны інструмент, выраблены старадаўнім майстрам? Ды яшчэ ў руках маладога таленавітага музыканта? Такая скрыпка можа ўсё! Вось толькі не з'яўляецца яна адно па руху чарадзейнай палачкі. І тая скрыпка Андрэа Гварнеры, што нядаўна была дастаўлена ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, з'явілася не сама па сабе. Яе "падарожжа" сталася вынікам дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры і падтрымкі творчай моладзі. Бо былі і адпаведнае распараджэнне Прэзідэнта нашай краіны, і вялікая праца Міністэрства культуры, пасольстваў Беларусі за мяжой, нарэшце, фінансавая грашовая дапамога спонсараў - вядучых беларускіх прадпрыемстваў: "Белтрансгазу" і мазырскага "Нафтана".

У руках Улады Беражной, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, скрыпка была падобна на маленькую жывую істоту. Інструмент п р а г у чыць на адказных канцэртах, м а е " выязджаць" на міжнародныя конкурсы і фестывалі, дапамагаючы нашым лепшым музыкантам услаўляць Беларусь далёка за яе межамі. А праз нейкі час, хацелася б верыць, у нас з'явіцца цэлая сямейства струнных інструментаў такой якасці.

 

Фільм, які не забудуць

За гэтую пяцігодку беларускі кінематограф неаднойчы апынаўся ў фокусе грамадскай увагі. Інфармацыйныя нагоды былі вельмі розныя. Часцей за ўсё гучала пытанне "Што рабіць?". На шчасце, з'яўляюцца і першыя пераканаўчыя адказы.

Першы сумесны праект Саюзнай дзяржавы - патрыятычная драма "Брэсцкая крэпасць" - стаў сапраўдным поспехам і ў творчым аспекце, і ў "пракатным". Змест і форма, пачуцці і думкі ў стужцы арганічна спляталіся ў адзіны эпічны пасыл. Гэта той фільм, пра які не забудуць і праз 10 гадоў, і праз 100.

Поспех такога маштабнага праекта засведчыў аб вялікім патэнцыяле міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы кіно. Міністэрства культуры краіны робіць усе захады, каб прыкладаў такога ўзаемакарыснага сяброўства ў наступную пяцігодку стала як мага больш.

Фільм Андрэя Кудзіненкі "Масакра" - чыста беларускі. Нават яго жанр мае айчынны каларыт: "бульба-хорар". Казаць, што аўтар патрапіў у самы "яблычак", стварыўшы блокбастэр, пакуль не выпадае. Аднак гэта важная вяха ў справе рэфармавання беларускай кінаіндустрыі . Стужка акрэсліла новы "трэнд" (ці, вядома ж, падзабыты стары): шукаць цікав ы я для сучасніка сюжэты ў айчыннай гісторыі. Беларускі глядач з ахвотай пайшоў на беларускі фільм і не застаўся абыякавым. Бурлівыя абмеркаванні ў СМІ ды Інтэрнэце доўжыліся не адзін тыдзень, і ўжо гэта - прыкмета поспеху.

 

Цырк будучыні

Менавіта ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" сталі першымі наведвальнікамі будынка Беларускага дзяржаўнага цырка, адкрытага пасля рэканструкцыі. Іх водгукі былі лаканічнымі: гэта цырк будучыні!

Выбітны помнік савецкай архітэктуры ўжо ад пачатку лічыўся вельмі прасунутым паводле сваіх тэхнічных параметраў. Аднак... Гэта было паўстагоддзя таму, а з таго часу стандарты істотна змяніліся. Таму і прынята рашэнне пакінуць ад знакавага будынка адны толькі знешнія сцены. Уся "начынка" за няпоўныя тры гады рэканструкцыі была заменена.

Для дзіцяці паход у цырк - не раўнуючы, бы вандроўка ў казку. І таму для наведвальнікаў былі створаны максімальна камфортныя ўмовы. Зала ў прыемных зялёных адценнях забяспечана мяккімі крэсламі, лесвіцы падсветлены агеньчыкамі, у фае - ажно шэсць буфетаў, шкляныя вітрыны з фігуркамі клоўнаў і нават свой музей...

У той самы час, патрэбныя выгоды створаны і для тых, хто дорыць дзецям гэтую казку. У тым ліку і для братоў нашых меншых, якія займаюць ніжнія ярусы шасціўзроўневага рэпетыцыйнага манежа. Для іх зроблены адмысловы ліфт, адмысовая "паліклініка" і нават... салярый для коней. А тэхнічныя магчымасці рэпетыцыйнага манежа дазваляюць увасобіць самую смелую задуму. Ды і сама сцэна мае ажно чатыры варыянты пакрыцця: каб была магчымасць абраць аптымальны для кожнага канкрэтнага нумара. І сапраўды, у нашы дні казка павінна быць высокатэхналагічнай. Іначай у яе могуць і не паверыць.

 

Каралеўская годнасць аўтэнтыкі

Калядная пара - час асаблівы. І ў розных кутках Беларусі ён праходзіць па-рознаму. Прыкладам, у Давыд-Гарадку моладзь пераапранаецца ў "коныкаў", а вось жыхароў мястэчка Семежава, што на Капыльшчыне, са святам віншуюць "цары". Летась гэты ўнікальны абрад, перададзены па "жывым ланцужку" праз многія пакаленні, быў уключаны ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

У Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла, якая стала адным з лейтматываў мінулай пяцігодкі, асабліва падкрэсліваецца важнасць захавання менавіта рэгіянальных традыцый. І гэтая задача ніяк не супярэчыць іншай - максімальна "зраўнаваць у правах" гараджаніна і вяскоўца, забяспечыўшы апошняму магчымасці для творчай самарэалізацыі далучэння да найлепшых культурных здабыткаў (у тым ліку і праз усталяваны ў сельскай бібліятэцы Інтэрнэт).

Творчыя магчымасці патрабуюць матэрыяльнай базы. Як сведчаць ветэраны культасветработы, тая маштабная мадэрнізацыя сельскіх устаноў культуры, якая адбылася за мінулую пяцігодку, не мае ніякіх прэцэдэнтаў у беларускай гісторыі!

Старадаўнія песні не страчваюць сваёй аўтэнтыкі пры выкананні ў навюткі радыёмікрафон, а традыцыйныя вячоркі ў светлай зале Дома культуры праходзяць гэтак сама сардэчна, як колісь "на прызбе".

І такія святкаванні цікавыя не толькі іх непасрэдным удзельнікам. У наш век глабалізацыі менавіта аўтэнтычныя ўзоры культуры могуць стаць прыцягальнай для замежнага турыста "фішкай", істотным штрыхом да "брэнда" нашай краіны на сусветным туррынку. Бо замкі і велічныя храмы захаваліся і ў іншых краінах Еўропы, а вось пра старадаўнія народныя звычаі гэтага, на жаль, не скажаш...

Адсюль і тая ўвага да нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая праяўляецца сёння на дзяржаўным узроўні.

Культурную ёлку з імпэтам і радасцю ўпрыгожваў Дзед Мароз "К"