Стратэгія і харугвы

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Днямі адбылося падпісанне дамовы аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і адной з міжнародных камерцыйных кампаній.

Як адзначыў дырэктар музея Сяргей Вечар, пагадненне разлічана на два гады. За гэты час на музейную, інфармацыйна-выдавецкую, культурна-адукацыйную і дабрачынную дзейнасць, арганізацыю сумесных мерапрыемстваў генеральным спонсарам плануецца выдаткаваць каля 200 тысяч долараў ЗША. Асабліва важна такое супрацоўніцтва ў сувязі з адкрыццём новых экспазіцыйных плошчаў у будынку па вуліцы Фрунзэ ў Мінску ў 2012 годзе.

Па словах Сяргея Вечара, першым сумесным праектам ужо на пачатку наступнага года стане стварэнне новага сайта музея, які будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням. За кошт спонсара таксама плануецца выдаць якасны фотаальбом музейных прадметаў, рэканструяваць унікальныя харугвы XVIII стагоддзя, з прыцягненнем лепшых спецыялістаў у дадзенай сферы.

У Беларусі гэтая міжнародная кампанія мае багаты вопыт па рэалізацыі праектаў, скіраваных на падтрымку культуры і мастацтва, аднаўленне помнікаў архітэктуры, умацаванне японска-беларускіх культурных сувязей. Адзін з буйных культурных праектаў кампаніі - штогадовая падтрымка Міжнароднага музычнага фестывалю Юрыя Башмета. Нельга не адзначыць і садзейнічанне прадпрыемства ў рэстаўрацыі храма ў вёсцы Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна, манастыра ў Пустынках на Мсціслаўшчыне.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"