DVD на 2011

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Беларускія фільмы, створаныя ў гэтым годзе, гледачы змогуць набыць і на дысках.

Плануецца, што на DVD выйдуць "Масакра", "Ваўкі" і "Рыжык". Пра гэта карэспандэнту "К" паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і планаванні "Беларусьфільма" Іван Колб.

Дарэчы, некалькі мастацкіх і тэлефільмаў чакаюць прэм'еры на пачатку 2011 года. У студзені будуць прадстаўлены дзвюхсерыйная казка "Рыжык" рэжысёра А.Туравай і чатырохсерыйны тэлевізійны фільм "Ціхі цэнтр", зняты па аднайменным рамане Т.Лісіцкай рэжысёрам Р.Грыцковай. Вясной гледачам прадэманструюць васьмісерыйную стужку А.Яфрэмава "Немец".

У планах кінастудыі таксама - праца над новымі стужкамі. Гэта тэлефільм па сцэнарыі польскага пісьменніка Я.Вішнеўскага пад назвай "Масква - Варшава: транзіт". Запланавана карціна "Купала. Лёс Песняра", дзе вытворцы звернуцца да старонак жыцця беларускага класіка слова. Таксама для тэлебачання будуць распачаты здымкі мастацкай стужкі "Каласы пад сярпом тваім" паводле рамана У.Караткевіча. Усе яны маюць складацца з чатырох серый. І яшчэ адзін фільм з айчыннай класікі, гэтым разам мастацкі поўнаметражны, - "Шляхціч Завальня" па матывах твораў Я.Баршчэўскага.