Партытура Новага года

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Больш за дзве тысячы дзяцей учора прынялі ўдзел ў першым значным мерапрыемстве Навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” — Галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі. У іх ліку — 500 дзяцей, што прыехалі на свята з усіх рэгіёнаў Беларусі.

/i/content/pi/cult/302/5133/pic_19.jpg"Святкаванне Каляд і Новага года распачнецца сёння і будзе працягвацца, у тым ліку, у працоўныя дні, - паведаміў начальнік аддзела па справах мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Анціповіч на прэсканферэнцыі, прысвечанай арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў у перыяд святаў, што адбылася днямі ў Прэс-цэнтры Дома прэсы. - Гэта з'яўляецца працягам добрых еўрапейскіх традыцый, але ў навінку для нашай краіны".

Галоўная святочная пляцоўка сталіцы будзе каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: гасцей чакае канцэртная праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Усяго ж у горадзе рыхтуюцца святкаванні на 30 пляцоўках, што размесцяцца ў кожным раёне. Кульмінацыяй стане паўгадзінны феерверк ля стэлы "Мінск - горад-герой". Спецыяльна для яго цяпер рыхтуецца гукавая партытура, і мінчане ды госці сталіцы пабачаць незвычайнае святлогукавое шоу.

Колькі ў Мінску Дзядоў Марозаў?

Адным з першых пераднавагодніх мерапрыемстваў у сталіцы ўжо традыцыйна стане тэатралізаванае шэсце па вуліцах сталіцы Дзядоў Марозаў і іхніх унучак Снягурак. Як распавяла "К" начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава, гэтым разам мерапрыемства абяцае быць маштабным і прадстаўнічым: у ім прыме ўдзел прыкладна 400 казачных персанажаў, якія пройдуць вясёлым маршам ад Галоўнай ёлкі Беларусі, што месціцца каля Палаца Рэспублікі, да Палаца спорту. А каля гэтага аб'екта будзе працаваць калядная выстаўка-кірмаш майстроў з Мінска і Мінскай вобласці.