Журавінавы эксклюзіў, або Парад-але сцэнарыстаў

№ 52 (972) 24.12.2010 - 24.12.2010 г

Конкурс ”К”

/i/content/pi/cult/302/5129/pic_7.jpgУ чэрвені "Культура" на старонках "Куфра-радцы" абвясціла конкурс аўтарскіх сцэнарыяў самых розных мерапрыемстваў. Хочаце - верце, хочаце - не, але з гэтага часу мы сапраўды адчулі, што такое акіян крэатыву!

Як і меркавалася, у конкурсе ўзялі актыўны ўдзел метадысты, клубнікі і бібліятэкары як гарадскіх, так і сельскіх устаноў культуры. Агаворымся: "Куфар-радца" цягам чатырох гадоў штомесяц знаёміць чытачоў з творчымі напрацоўкамі работнікаў культуры, выконваючы ролю своеасаблівай інтэрактыўнай пляцоўкі па абмене вопытам. Але конкурс актывізаваў гэты творчы імпэт. Да таго ж, значна пашырылася сцэнарная "геаграфія". І самае галоўнае - павысілася якасць твораў. Конкурс прадэманстраваў выдумку, займальнасць сюжэта, глыбіню зместу і каларытнасць мовы.

У сцэнарных "засеках" рэдакцыі цяпер - дзясяткі такіх твораў, пазначаных дзясяткамі ж прозвішчаў новых аўтараў. Гэта - нашы сябры. Вось што, да прыкладу, напісала нам бібліятэкар Рассветаўскай сельскай бібліятэкі Клецкага раёна Ірына Цыган: "Са старонак газеты даведваешся аб навінах культуры ўсёй Беларусі, здзіўляешся чаму-небудзь незвычайнаму, нешта бярэш сабе пад увагу, а пра штосьці думаеш: "А ў нас - лепей!" Конкурс сцэнарыстаў - патрэбны, карысны, цікавы. Вельмі ім захапілася, чытаю ўсе сцэнарыі з задавальненнем і адкладваю ў спецыяльную папку".

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр наро/i/content/pi/cult/302/5129/pic_8.jpgднай творчасці даслаў... зборнік сцэнарыяў сюжэтна-гульнёвых праграм "Вясёлая сямейка", выпушчаны невялічкім тыражом уласнымі сіламі. Аўтар работ - дырэктар Грынкоўскага ЦДК Свіслацкага раёна Марыя Самалевіч (адзін з яе сцэнарыяў мы сёлета друкавалі).

Свайго часу чакаюць шоў-праграмы, аўтарства якіх прыналежыць мастацкаму кіраўніку Ашмянскага РДК Наталлі Гардзей; сцэнарый тэатралізавана-музычнай праграмы да Дня Перамогі, што напісала дырэктар Песачанскага ЦКіД Капыльскага раёна Любоў Карповіч; распрацоўка веснавога свята "На Саракі пайшоў снег да ракі" мастацкага кіраўніка СДК аграгарадка "Касцюшкавічы" Крычаўскага раёна Людмілы Таўпыга; работа "А ў нашым аграгарадку..." галоўнага спецыяліста аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Ядвігі Чаеўскай... Словам, сцэнарны рэзерв у нас - досыць прадстаўнічы і ёмісты. Але рэдакцыя чакае новых "паступленняў"!

А цяпер - пра пераможцаў сёлетняга конкурсу. Для аб'ектыўнага іх вызначэння мы стварылі рэдакцыйную камісію. Пасля доўгіх разваг і спрэчак (нават чытак асобных фрагментаў уголас!), сцэнарная камісія прыйшла да наступных высноў.

Першае месца заслугоўвае грунтоўная распрацоўка "Журавінавая завіруха" метадыста па фальклоры Столінскага раённага метадычнага цэнтра Ніны БУДКЕВІЧ. Сцэнарый цалкам пабудаваны на мясцовым матэрыяле. Мэта аўтара - стварыць у роднай вёсцы Альманы эксклюзіўнае Свята журавін. Падыход да складання сцэнарыя - самы прафесійны: ёсць план, абгрунтаванне выбару тэмы, рэжысёрская эксплікацыя... Дарэчы, Ніна Будкевіч удзельнічала ў сёлетнім Рэспубліканскім конкурсе маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю". Пад час трэцяга, заключнага, этапа ў намінацыі "Рэжысура масавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоў-праграм" атрымала грамату "За творчы падыход да вырашэння тэмы".

/i/content/pi/cult/302/5129/pic_9.jpgНіна Будкевіч - яшчэ і рэжысёрпрактык. Не толькі вучыцца завочна, не толькі выхоўвае двух дзяцей, але і знаходзіць час для таго, каб паўдзельнічаць у рабоце народнага тэатра "Пагарынне" Столінскага РДК.

- Але запаветнай марай, - прызнаецца Ніна Будкевіч, - застаецца рэалізацыя праекта "Журавінавая завіруха" ў роднай вёсцы Альманы...

Другое месца вырашана прысудзіць галоўнаму бібліятэкару аддзела бібліятэчнага маркетынгу Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ніне НІКІЦЮК - аўтару сцэнарыя вечара паэзіі да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што грунтоўна "абкатаны" на рэгіянальным узроўні і карыстаецца нязменным поспехам. Пры напісанні сцэнарыя Ніна Нікіцюк карысталася збольшага мясцовым матэрыялам: творамі паэтаў Брэстчыны. Сцэнарый пранізлівы і ўрачысты па змесце, дынамічны і выразны па форме. У такіх выпадках кажуць: не адняць, не дадаць...

Ніна Астапаўна, даведаўшыся аб перамозе ў конкурсе, станоўчых эмоцый не стрымлівала: маўляў, нават і спадзявацца на такое не магла! Мы запыталіся па тэлефоне:

- А над чым працуеце зараз?

- Толькі што скончыла сцэнарый пра любімага мастака Левітана. І адпаведная мультымедыя-прэзентацыя ўжо гатова. Днямі прадэманструем яе ў Камянецкай дзіцячай школе мастацтваў пад жывое музычнае суправаджэнне.

А вось трэцяе месца вырашана аддаць двум аўтарам: загадчыку культурна-масавага аддзела Гомельскага палаца культуры "Фестывальны" Марыне КАРПЕНКА са сцэнарыем тэатралізаванай сустрэчы гасцей "Свята па-беларуску!" і старшаму навуковаму супрацоўніку Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Анатолю ТРАФІМЧЫКУ з арыгінальным экалагічным казачным сцэнарыем "Як воўк вегетарыянцам стаў", прысвечаным Дню здароўя.

Твор Марыны Карпенка прывабіў нязмушанай паэтычнай мовай, а таксама- універсальнасцю: сцэнарый прыдатны для правядзення любога гарадскога або вясковага свята, у структуры якога прадугледжана дзейнасць самых разнастайных творчых пляцовак і падворкаў. Дзея ў сцэнарыі- феерычная, вясёлая, змястоўная і часам нават непрадказальная. Думаецца, яна прывабіць многіх рэжысёраў масавых мерапрыемстваў, што ладзяцца ў мястэчках, вёсках і на аграсядзібах. Марыну Карпенка мы заспелі пад час перапынку паміж навагоднімі ранішнікамі, што ішлі тым днём на сцэне "Фестывальнага".

- Прыдумваць - мая прафесія, - зазначыла яна. - Люблю працаваць над тэматычнымі сцэнарыямі, прычым тэма можа быць абсалютна любой! Паколькі наш палац абслугоўвае Савецкі раён Гомеля, хачу як мага больш ажывіць горад тэатралізацыяй. Да прыкладу, у раёне становіцца ўсё больш малых архітэктурных форм, дык чаму б не пераўтварыць прылеглыя да іх тэрыторыі ў сцэнічныя пляцоўкі?

Сцэнарый Анатоля Трафімчыка можна аднесці да модных апошнім часам рымейкаў. Распрацоўка створана паводле народных беларускіх казак, "абсучасненых" ва ўрбаністычна-экалагічным кірунку. Сінтэз фальклору і жартаўліва-слэнгавай мовы надае дзеі яркія фарбы святочнага настрою. Але гаворка пры гэтым вядзецца пра рэчы сур'ёзныя: далучанасць чалавека да прыроды, здаровы лад жыцця.

Аўтар сцэнарыя распавёў, што даўно даследуе драматургію для дзяцей, рыхтуецца да абароны дысертацыі па згаданай тэматыцы.

- Сёння адчуваецца востры дэфіцыт сцэнарыяў, драматургіі для дзяцей, - упэўнены Анатоль Трафімчык. - Такія спектаклі жадаюць цяпер ставіць не толькі ў бібліятэках і клубах, але і ў музеях. Наш, да прыкладу, таксама мае аматарскі тэатральны калектыў. І ў школах рэспублікі нашы спектаклі маюць нязменную папулярнасць...

 

■ ■ ■

 Вынікі сцэнарнага конкурсу падведзены, пераможцы вызначаны. Але няма мяжы творчай дасканаласці. Па-ранейшаму чакаем вашага крэатыву, бо менавіта апошні вызначае нестандартнасць творчага пошуку-мыслення, наўпрост уплывае на папулярнасць, а значыць - на наведвальнасць і якасць мерапрыемства. Выдумляйце, тварыце, радуйце, здзіўляйце - будзьце першымі!

З надыходзячым Новым годам, з новымі крэатыўнымі знаходкамі!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"