Сяброўства дзвюх “Крыніц”

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Нядаўна на Століншчыне завяршыліся Дні ўкраінскай культуры. У рамках мерапрыемстваў у райцэнтры пабываў з гастролямі народны хор “Крыніца” Браварскага раённага дома культуры Кіеўскай вобласці.

/i/content/pi/cult/301/5119/12-1.jpg

Браварскі калектыў не першы раз выступае на гасціннай столінскай зямлі: ансамбль бываў тут у 1995 годзе. А гэтым разам украінскія госці наведалі са сваімі канцэртамі не толькі райцэнтр, але і вёскі Белавуша і Альшаны, дзе іх вельмі цёпла прымалі шматлікія прыхільнікі харавых спеваў.

- Мы ўражаны і па-добраму зайздросцім тым зменам, якія адбыліся на Століншчыне за апошнія гады, - падзялілася сваімі ўражаннямі мастацкі кіраўнік хору "Крыніца" Таццяна Сокаль. - Шчыра радуемся вашым поспехам, і асабліва - таму, што ў вас павялічваецца колькасць калектываў са званнямі. Наш раён, на жаль, гэтым пахваліцца не можа...

Заключныя мерапрыемствы Дзён украінскай культуры прайшлі ў Столінскім ГДК. У канцэрце, акрамя гасцей з Украіны, прымалі ўдзел народны хор "Крыніца" галоўнай установы культуры раёна і інструментальны ансамбль "Брыз" Столінскай ДШМ.

Галіна ГАШЧУК Столін

 На здымку: выступае народны хор "Крыніца".

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ