Архітэктоніка Палесся

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

У выставачнай зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.Герцэна працуе экспазіцыя керамікі Міхаіла Кляцкова, якую аўтар прысвяціў 67-годдзю вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На выстаўцы “Жыццё ў мастацтве” прадстаўлена больш за пяцьдзясят твораў: сувенірныя наборы, вазы, дробная пластыка і скульптура.

/i/content/pi/cult/301/5117/9-1.jpgВобразы для сваіх твораў майстар чэрпае ў гісторыі, народных песнях і легендах, казках і прыказках. У аснове сюжэтаў - пацешныя бытавыя сцэны з жыцця сялян і фрагменты вясёлых беларускіх святаў.

Любоў мастака да народнай ганчарнай пластыкі адчувальная ў тым, як ён развівае формы традыцыйнага беларускага посуду, вытанчана ператвараючы яго ў дэкаратыўныя вазы. Пры гэтым майстар улічвае асаблівасці каларыту, канструкцыі народных ганчарных вырабаў. Формы гладышоў і глякаў па-рознаму ім інтэрпрэтуюцца, набываючы новую, поўную вытанчанасці, пластыку, якая страчвае цяжкаважнасць форм, набывае стройнасць і гарманічнасць прапорцый. У гэтым дачыненні запамінаюцца манументальна-дэкаратыўныя вазы: "Вясновае Палессе", "Вясновае абуджэнне" і "Лета", дэкаратыўныя наборы "Беларускі", "Святочны стол", "Сялянскі", "Кубкі для гарбаты". Архітэктоніка кожнага прадмета выяўляе як утылітарную сутнасць, так і яго эстэтычную выразнасць. Не толькі формы, але і асобныя функцыянальныя дэталі посуду набываюць у майстра адметны характар.

"Люблю ў працэсе лепкі фантазіраваць, уступаю з глінай у своеасаблівы дыялог, шукаю з ёй паразумення і яднання, выкарыстоўваючы яе прыгажосць, пластычнасць", - распавядае пра сакрэты свайго майстэрства Міхаіл Нічыпаравіч.

Мастацкія рашэнні Кляцкова накіраваны не толькі на стварэнне разнастайных па выразнасці аб'ёмна-прасторавых форм, але і на іх жывапісную падачу праз фактуру, колер, бляск глазуры. Асабліва гэта заўважна ў такіх кампазіцыях, як "Мая Беларусь", "Палессе", "Маці Палесся", "Свята на вёсцы", "Памяць народная", "Юнацтва", "Успаміны аб дзяцінстве", пано "Вясна".

У аснове мастацкага мыслення аўтара - народныя ўяўленні аб цудоўным, народная ж сімволіка і асацыятыўна-ўмоўная вобразнасць. А самае галоўнае, што яго творы трывала знітаваны з прыгажосцю Палесся, з культурнымі традыцыямі і з мастацкай дасканаласцю прадметаў побыту палешукоў.

Алег АНАНЬЕЎ, мастацтвазнаўца

 Гомель