Тамара Батакова-Мацвеенка па асноўнай адукацыі - мастак-манументаліст, выхаванка Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У яе творчым паслужным спісе - мастацкае афармленне Медыцынскага вучылішча ў Брэсце, Дома адпачынку "Буг", дамоў культуры ў Століне, Крычаве, Пінску, цэркваў у Чэрыкаве, Клічаве, вёсцы Краснапольскай. У той жа час, яна пастаянна ўдзельнічае ў шматлікіх выстаўках станковага жывапісу, які стаў яе другім пакліканнем. З 1994 года з'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.
Больш за сорак гадоў сваёй творчасці нястомная мастачка падарожнічае: Грузія, Украіна, Расія, Польшча і, канешне ж, Беларусь. Яна часта змяняла тэмы і сюжэты сваіх работ, пастаянна эксперыментавала. У экспазіцыі прадстаўлены яе новыя жывапісныя творы: партрэты і нацюрморты, "марыны", "імпрэсіяністычныя" пейзажы Беларусі і Польшчы, дзе заўважна пераважае характэрны "зімовы" каларыт. У тонка расстаўленых мастацкіх акцэнтах угадваюцца лёгкія настальгічныя матывы, якія прыносяць цёплае адчуванне свята, што набліжаецца.
Марыя МІХАЙЛАВА, мастацтвазнаўца