Экшн пад Новы год

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Што рыхтуе Галоўная ёлка краіны?

/i/content/pi/cult/301/5115/13-3.jpg

20 снежня ў Беларусі ў шаснаццаты раз возьме старт навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". Адна з самых чаканых падзей у шэрагу яе мерапрыемстваў - Галоўная ёлка краіны - святочнае прадстаўленне для дзяцей, якое, па традыцыі, пройдзе ў Палацы Рэспублікі ў Мінску.

Адзін з паказаў кожны год наведвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Сёлета маленькіх беларусаў, іх мам і татаў, бабуль і дзядуляў чакае сустрэча з навагодняй казкай-мюзіклам "Чатыры чароўныя ключы". Якія прыгоды і адкрыцці падорыць маленькім гледачам новая навагодняя казка? Прыадкрыць таямніцы будучай святочнай дзеі карэспандэнт "К" папрасіў галоўнага рэжысёра спектакля Уладзіславу АРЦЮКОЎСКУЮ, вядомую пастаноўкамі як Галоўнай ёлкі краіны, так і мінулагодняга ды сёлетняга конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Славянскага базару ў Віцебску", апошніх Рэспубліканскага балю выпускнікоў з удзелам Кіраўніка дзяржавы, Навагодняга балю, а таксама цырымоніі адкрыцця папярэдняга Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад"...

- Уладзіслава, якой, на вашу думку, сёння мусіць быць навагодняя казка, каб яна магла прывабіць сучасную дзятву, спакушаную разнастайнымі тэлевізійнымі і кінапрадуктамі?

- Зацікавіць сучаснае дзіця не так складана, як падаецца. Нягледзячы на тое, што тэлебачанне і СМІ прапануюць самую разнастайную палітру забаў, у тым ліку і для самых маленькіх, усё роўна сучасныя дзеці вераць у казку і ў цуды. Яны вераць у добрых і злых чараўнікоў, у тое, што дабро павінна заўжды перамагаць зло. Таму і наша Галоўная ёлка краіны ў якасці галоўнага шоу выбірае менавіта казку - з цікавым сюжэтам, з яскравымі касцюмамі, відовішчнымі дэкарацыямі, добрымі, запамінальнымі песнямі. Дзеці вельмі любяць чараўніцтва, і яго проста неабходна ствараць!

- Гэта казка арыгінальная?

 - Так, гэта арыгінальны мюзікл, які ніхто ніколі раней не бачыў. Ён спецыяльна напісаны для нашага навагодняга свята.

- Ці доўга вы пісалі казку?

- Можна сказаць, што так: больш за шэсць месяцаў. Напэўна, гэта вялікі тэрмін. Потым вельмі доўга працавалі разам з нашым слынным кампазітарам Сяргеем Сухамліным, які напісаў для казкі музыку і словы песень. Мне было важна, каб усе партыі герояў у спектаклі гучалі не толькі запамінальна, але і арганічна.

- Хто яшчэ прымаў удзел у пастаноўцы мюзікла "Чатыры чароўныя ключы"?

- Галоўны балетмайстар спектакля - вядомы беларускі харэограф Святлана Гуткоўская, а гэта значыць, што ў пастаноўцы будзе шмат прыгожых танцавальных нумароў. За нашы касцюмы адказвае мастак Вольга Грыцаева, і яны заслугоўваюць самых высокіх адзнак! Вядома, перад намі стаяла задача стварыць яскравае відовішча. Бо навагодняя казка не можа быць сціплай на візуальныя знаходкі. У прыватнасці, мы выкарыстоўваем відэапраекцыю, якая ўвесь час будзе змяняцца. У казцы адбываецца пастаяннае чаргаванне пэўных элементаў дэкарацый: то з'яўляюцца снегавікі, то снежныя камякі, то стол з прысмакамі, то чароўнае крэсла... У цэлым, мы абапіраліся на дынаміку ў рэжысуры. Нашы героі трапляюць у самыя розныя абставіны (жанр нашай казкі можна акрэсліць як прыгодніцкі), таму ўсё адбываецца вельмі хутка. А калі далучыць да дзеяння музычныя нумары - 18 песень! - гледачу зусім не давядзецца сумаваць!

- Надта карціць даведацца, якія ж прыгоды чакаюць герояў вашай казкі!..

 - Галоўныя героі мюзікла - дзяўчынка Маша і хлопчык Вадзік. Дзея пачынаецца на гарадскім катку, дзе Дзед Мароз і Снягурка прапануюць дзецям і дарослым самім зладзіць навагодняе свята. Справа завіравала, аднак Маша і Вадзік - дзеці непаслухмяныя і капрызлівыя. Яны не толькі не хочуць самі штосьці рабіць, але і перашкаджаюць іншым. За гэткія паводзіны Дзед Мароз адпраўляе іх у краіну Нехачухію, з якой яны мусяць вярнуцца да таго, як гадзіннік праб'е поўнач. Спачатку Машы і Вадзіку ў Нехачухіі нібы спадабалася. Іх там сустрэлі Кароль Лайдак Лайдаковіч, Граф Капрызон і Маркіза Лежабока. Аднак потым дзеці заўважаюць, што навокал вельмі брудна, усё не працуе і ламаецца, няма чаго паесці і дзе паспаць... Яны хочуць вярнуцца дадому, але зрабіць тое не так і лёгка. І для таго, каб адкрыць чароўныя дзверы, ім спатрэбяцца чатыры чароўныя ключы... А што было далей, я прапаную вам даведацца, наведаўшы наш спектакль.

- Сапраўды, сюжэт казкі - захапляльны! Ці існавала ў вас спакуса падхапіць сучасны, так бы мовіць, казачны трэнд: увесці ў казку элементы трылера?

- Мы абапіраліся на прыгодніцкі сюжэт: мне здаецца, гэта таксама актуальна. Што да "модных" накірункаў у казачным жанры - мы вырашылі быць у гэтым плане больш незалежнымі. У першую чаргу імкнуліся данесці да дзяцей - вядома, цікава і захапляльна - спрадвечныя ісціны. Чатыры ключы ў нашай казцы - гэта Дабрыня, Веды, Смеласць, Сяброўства. Хацелася, каб шоу не засталося для іх проста забавай, каб пасля прагляду спектакля дзеці пакінулі ў душы штосьці добрае.

- Хто іграе галоўных герояў, якім выпадае такая нялёгкая задача?

- Выканаўцы галоўных герояў Максім Петухоў і Ганна Зайцава ў нас з дзіцячай студыі "Нясумны ўзрост", вядомай удзелам у адкрыцці дзіцячага "Еўрабачання". Ганначка, адзначу, з'яўляецца дыпламанткай дзіцячага конкурсу "Славянскага базару ў Віцебску". У пастаноўцы таксама іграюць артыст тэатра "Хрыстафор" Уладзімір Варанкоў - наш галоўны адмоўны персанаж Лай/i/content/pi/cult/301/5115/13-2.jpgдак Лайдаковіч, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Радзівілаў, - канешне ж, Дзед Мароз (сёлета ў яго будзе шмат цікавых сольных музычных нумароў), актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Галіна Чарнабаева, дзіцячы калектыў Дзяржаўнага ансамбля танца, студэнты Універсітэта культуры і мастацтваў, каманда харэографаў Святланы Гуткоўскай...

- Такім чынам, казка абяцае стаць...

- ...Напэўна, адным з самых захапляльных, яскравых і шчырых навагодніх прадстаўленняў! Ведаеце, часам у сучасных казках усё змяшана, і вельмі складана разабрацца, хто ў іх добры, а хто дрэнны. Але сучасным дзецям, як, увогуле, і ўсім нам, патрэбны добры пачатак у мастацтве. І вось гэты дэфіцыт нам і хацелася кампенсаваць сёлетняй навагодняй пастаноўкай.

У казцы і наяве

 Ганна ЗАЙЦАВА, навучэнка эстраднай студыі "Нясумны ўзрост":

 "Я вельмі люблю спяваць і танчыць!"

- Казка "Чатыры чароўныя ключы" мне прыйшлася даспадобы тым, што там - класныя песенькі, якія сачыніў Сяргей Сухамлін, класныя танцы, што прыдумала Святлана Гуткоўская, а я вельмі люблю спяваць і танчыць! У маёй гераіні - вельмі файная сукенка, шыкоўныя туфлікі на абцасах- надзвычай модныя. Маша - мой персанаж - дзяўчынка на пачатку гісторыі вельмі капрызлівая, але потым, напрыканцы казкі, становіцца добрай і разумнай. У мяне цудоўны партнёр у спектаклі- Максім Петухоў: з ім вельмі камфортна працаваць. А ў цэлым мне падаецца, што казка - сучасная, захапляльная і будзе цікавая ўсім дзецям.

Уладзімір ВАРАНКОЎ, артыст Мінскага тэатра сатыры і гумару "Хрыстафор":

"У мяне - ёлкі!"

 - Гэта не першы мой вопыт працы з Уладзіславай. Яна- вельмі цікавы рэжысёр. У мінулым годзе я іграў у яе пастаноўцы вельмі адметнага Булачніка, і гэтым разам з радасцю пагадзіўся на прапанаваную ёю ролю, нягледзячы на тое, што стану галоўным злодзеем у казцы.

Мой герой увесь час, ведаеце, есць ды спіць; увасабляць яго - адно задавальненне (смяецца)! Вядома, дабро ў казцы перамагае зло, але нават у майго персанажа знайшліся тыя, хто яму спачувае. Ведаеце, у мяне ў дачыненні да гэтай ролі здарылася амаль анекдатычная гісторыя. Я пагадзіўся на ролю яшчэ ўлетку. А тут раптам на пачатку зімы, калі я ўжо ўвесь у прадчуванні,- званок: тэлефануюць з Масквы і прапаноўваюць ролю дырэктара школы. Я і адказваю, літаральна як у класічнай гісторыі: "Выбачайце, не магу. У мяне - ёлкі!"...

 Жарты жартамі, але казка, у якой я іграю, мне вельмі падабаецца. Яна - сучасная, з музыкай, танцамі, спевамі, у ёй заняты таленавітыя дзеці, і мяне вельмі радуе тое, што задзейнічаны і прафесійныя акцёры. Абавязкова павяду на прадстаўле/i/content/pi/cult/301/5115/13-1.jpgнне ўнучку: ёй мінулым разам вельмі спадабалася, і, нягледзячы на тое, што дзядуля ўвасабляе дрэннага персанажа, няхай глядзіць і вучыцца, як рабіць не трэба.

Святлана ГУТКОЎСКАЯ, загадчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ:

"Арганічны сінтэз"

- Перада мной як галоўным балетмайстрам навагодняга мюзікла стаяла задача стварыць харэаграфічны малюнак для, бадай, самага патрабавальнага гледача - дзіцячага. Гэта не значыць, што сцэнічная лексіка аповеду гісторыі мусіць быць прымітыўнай. Яна павіна ўяўляць з сябе арганічны сінтэз харэаграфіі, драматургіі і, вядома, працы сцэнографа. У той жа час, захапляльна знаходзіць нетрывіяльныя, з выдумкай, рашэнні пастаўленай задачы: усё ж такі перад намі- мюзікл!   

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"