“Шэльф” з аква і аэра

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Археалогія з вышыні птушынага палёту

/i/content/pi/cult/301/5114/14-6.jpg

Археолаг Людміла Дучыц, якая днямі адзначыла шаноўны юбілей, доўгі час апантана і паслядоўна вывучае археалагічныя помнікі бадай што самага маляўнічага кутка Беларусі - Браслаўшчыны. Гаворка - пра два гарадзішчы: Маскавічы і Рацюнкі... На сёння гэта амаль хрэстаматыйныя помнікі, калі ўзнікае гаворка пра нарманскі след у Беларусі.

Але галоўнае, што Людміла Дучыц - наватар спецыфічных метадаў палявых даследаванняў. Як ні дзіўна, яна, як і славуты Жак Іў Кусто, займалася... падводнай археалогіяй. Неаднойчы яна звярталася да аквалангістаў і пры іх дапамозе даследавала "шэльф" Маскавіцкага гарадзішча. Зразумела, быў і скепсіс у некаторых калег адносна выяўленых ёю рун і малюнкаў, зробленых скандынаўскім насельніцтвам Маскавічаў на костках жывёлін.

Людміла Дучыц, як і той славуты Кроўфард - родапачынальнік паветранай археалогіі, захапілася аэраархеалогіяй. У свой час па гэтым пытанні яна звярнулася да спецыялістаў у Інстытут археалогіі АН СССР, пасля чаго былі спробы атрымаць дазвол на вывучэнне аэрафотаздымкаў археалагічных помнікаў...

І вось вынік: з вышыні палёту птушкі мы бачым гарадзішча Маскавічы, а на ім - абрысы старажытных жытлаў, схаваных у нетрах культурнага пласта. Усё гэта потым знайшло сваё адлюстраванне ў яе манаграфіі "Браслаўскае Паазер'е ў ІХ- ХІV стст. Гісторыка-археалагічны нарыс".

На навуковым рахунку Людмілы Дучыц - больш за паўтысячы раскапаных курганоў у Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. А яшчэ камяні-следавікі, камяні-"краўцы", каменныя крыжы, археалагічная мікратапаніміка, касцюм жыхароў старадаўняй Беларусі, археалагічныя помнікі на старонках перыёдыкі нашай краіны пачатку XX ст., этнапсіхалогія і літаратурна-этналагічныя замалёўкі пра цыганоў.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, археолаг