Паціна даўняга часу

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

На пачатку снежня Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры атрымаў цудоўны калядны падарунак: вядомы мастак-графік Іван Пратасеня перадаў у дар нашаму музею шэраг сваіх графічных твораў, прысвечаных айчынным пісьменнікам.

/i/content/pi/cult/301/5113/14-5.jpg

Іван Міхайлавіч усё сваё творчае жыццё звязаны з беларускай літаратурай, беларускай кнігай. Любоў да роднай зямлі і да роднага слова адбілася ў пранікнёных паэтычных акварэльных пейзажах мастака і ў яго партрэтных кампазіцыях, прысвечаных выдатным майстрам слова. Над іх вобразамі Іван Пратасеня працаваў цягам многіх гадоў. Так склалася графічная серыя, куды ўваходзяць аркушы, прысвечаныя Петрусю Броўку, Янку Купалу і Якубу Коласу ("Развітанне ў Ляўках Янкі Купалы і Якуба Коласа"), Максіму Багдановічу ("Кветкі радзімы"). У гэтай серыі - і два графічныя аркушы, якія днямі атрымаў у дар ад аўтара наш музей: графічны аркуш "Думы Цёткі" і "Партрэт свяціцеля Кірылы Тураўскага".

Мастак з вялікім майстэрствам перадаў у сваім творы паэтычны ўздым і засяроджанасць святога зямлі нашай. У руках Кірылы - напісанае ім "Казанне", на стале перад ім - раскрытае рукапіснае Евангелле (малючы яго, Іван Міхайлавіч скарыстаў выявы славутага помніка старажытнабеларускага мастацтва - Аршанскага Евангелля). Абраз Божай Маці з дзіцем на сцяне сціплай манаскай келлі-скрыпторыя апякуе святога Кірылу, які так натхнёна апяваў у сваіх казаннях Нябесную патронку нашай зямлі. Таямніча-паўзмрочнае танальнае вырашэнне гэтага аркуша па-мастацку дакладна перадае "паціну даўняга часу", "смугу даўно мінулых дзён".

Інакш - светла і паэтычна-адухоўлена - прадстаўляе мастак вобраз адной з заснавальніц новай беларускай літаратуры - Цёткі (Элаізы Пашкевіч). Светлым, нібы мроіва, танальным вырашэннем, скруглёнымі вугламі адбітку твор нагадвае стары выцвілы фотаздымак пачатку мінулага стагоддзя. Гэты адметны вобразны ход падтрыманы кампазіцыйным прыёмам накладання адно на адно розных адлюстраванняў, розных планаў, іх "прасвечванне"- так творча мастак скарыстаў прыём, уласцівы не толькі графіцы, але і фатаграфіі, прынцып фотакалажу. Як творчае крэда беларускай паэткі і свайго роду эпіграф да ўласнай мастацкай творчасці змясціў Пратасеня знізу выявы словы Цёткі: "...Думаць усюды аб народзе, родны край усюды сніць".

Абодва гэтыя графічныя творы вельмі каштоўныя для нашага музея і зоймуць пачэснае месца ў яго зборы.

Валянціна ПІСКУН, старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі беларускай літаратуры