Мазаіка “шклянога неба”

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Нікадзім Сілівановіч: свабодны мастак

/i/content/pi/cult/301/5110/15-2.jpg

Летась споўнілася 90 гадоў з дня смерці выдатнага мастака Нікадзіма Сілівановіча, а сёлета, акурат 25 снежня, мы адзначаем 176 гадоў з дня яго нараджэння... Многія дзесяцігоддзі Нікадзім Юр'евіч Сілівановіч лічыўся (і цяпер лічыцца) то чыста літоўскім мастаком, то рускім, і ў замежнай мастацтвазнаўчай літаратуры ён практычна нідзе не ўключаецца ў прастору нацыянальнай беларускай культуры...

Першую такую спробу ў 70-я гады зрабіў наш мастацтвазнаўца Леанід Дробаў, але далейшага развіцця гэтая спроба нібы не атрымала, калі не лічыць кароткія "энцыклапедычныя" нарысы і звесткі пра земляка. Праўда, у снежні 1984-га ў Вілейцы ўсё ж была арганізавана невялічкая выстаўка яго твораў з калекцыі Літоўскага мастацкага музея... У нас у краіне, да прыкладу, знаходзіцца толькі адно яго палатно - "Салдат з хлопчыкам", а большасць твораў (34 халсты і 7 малюнкаў) - у Літве, дзе мастак жыў свае апошнія гады.

Але не будзем забываць, што Радзіма Сілівановіча і яго продкаў - Беларусь, Вілейскі павет (непадалёк ад Маладзечна), і тут жа ён скончыў сваё жыццё. Хіба ж гэта не падстава для сур'ёзнага біяграфічнага даследавання "вобраза" беларускага мастака? Вось толькі дзе ён пахаваны - невядома (ці то на радзіме, ці то ў сучаснай Літве). Я ведаю, што сёння ёсць два чалавекі (не ў Беларусі!), якія вельмі грунтоўна і любоўна збіраюць усё, што датычыцца жыцця і творчасці Сілівановіча: гэта Анатоль Парашутаў і Віталь Курдэка - далёкі сваяк мастака. Можа, штосьці новага і цікавага яны яшчэ і знойдуць, у тым ліку - і месца пахавання Нікадзіма Юр'евіча...

Яго малая радзіма - вёска Цынцавічы, заснаваная напрыканцы XVIII ст. Тут жылі і каталікі, і праваслаўныя, аб чым сведчаць двое могілак. Бацька Нікадзіма - Юрый Іванавіч Сілівановіч - сам селянін і сын селяніна, каталік, пражыў 84 гады, і быў пахаваны ў 1883-м. Захаваўся надмагільны помнік у выглядзе каменю з надпісам на лацініцы. Ад першай жонкі, Настассі, Юрый Сілівановіч меў пяць дзяцей, у тым ліку і Нікадзіма. Ад другой, Петрунелы Іосіфаўны, - двое сыноў.

Калі Нікадзіму споўнілася 12 гадоў, бацьку прызначылі старэйшынай вясковай грамады. Хутчэй за ўсё, гэтая пасада дазволіла яму ўладкаваць сына ў маладзечанскае пяцікласнае вучылішча для дваран: сярод усіх вучняў юны Нікадзім быў адзіным прадстаўніком сялянства.

У 1854-м навучанне было скончана, і 20-гадовы хлапец стаў, як сёння сказалі б, рэпетытарам сына аднаго памешчыка-інтэлектуала, вучыў грамаце і маляванню, паколькі сам Нікадзім ад прыроды быў вельмі здольны ў азах мастацтва. Мабыць, гэты памешчык (на жаль, імя ягонае я не знайшоў) быў чалавекам адукаваным. І таму ён у 1857 годзе за свой кошт вырашыў накіраваць таленавітага хлопца ў Пецярбург - у Рысавальную школу пры Таварыстве заахвочвання мастацтваў. А ўжо праз два гады Нікадзім стаў студэнтам Імператарскай Акадэміі мастацтваў. З настаўнікамі яму пашанцавала: гэта сам рэктар Акадэміі, прафесар, знакаміты аўтар "Меднага змея" Фёдар Бруні, прафесар гістарычнага і партрэтнага жывапісу Цімафей Нэф і заслужаны прафесар, акадэмік, цудоўны рысавальшчык і "сябра моладзі" Аляксей Маркаў. Ды і аднакурснікамі Нікадзіма былі: Іван Крамской, Васіль Верашчагін, Павел Чысцякоў і Іван Трутнеў - той самы, які ў 1866 годзе паедзе ў Вільню і створыць там унікальную бясплатную мастацкую школу. Вядома, што ў студэнцкія гады Сілівановіч часцей за ўсё займаўся партрэтным жывапісам, але работы гэтага перыяду не захаваліся. Тым не менш, ад сваіх педагогаў ён узяў шмат чаго, у першую чаргу - майстэрства акадэмічнага малюнка і прасторавае пачуццё складанай кампазіцыі.

 Што потым здарылася - невядома, але ў 1863 годзе Сілівановіч спыняе навучанне і падае прашэнне ў Савет Акадэміі з просьбай надаць яму званне свабоднага мастака і звольніць з Акадэміі. Прычына? Можа, хвароба бацькі, можа, цяжкае матэрыяльнае становішча... Так ці інакш, мастак, нягледзячы на тое, што яго родны край палаў у агні вялікага паўстання, у красавіку аказаўся спачатку ў Вільні, а потым - дома, у вёсцы Цынцавічы. І ўжо ў наступным годзе ён атрымае заказ ад Лідскага павятовага праўлення на афармленне храма: у Шчучыне піша "святыя лікі" (святога Аляксандра Неўскага ды іншых) і партрэты дзеячаў царквы. Не кідае работу над заказнымі "свецкімі" партрэтамі членаў імператарскай сям'і і жанравымі кампазіцыямі. І менавіта ў гэты перыяд, у адзін з прыездаў у Вільню, ён знаёміцца з сястрой жонкі двараніна Ігнація Квінты- 23-гадовай Пелагіяй Пранцкевіч. Знаёмства "перайшло" ў вяселле, але ў Вільні Сілівановіч не затрымаўся: тут пасля разгрому паўстання культурнае жыццё прыйшло ў заняпад, заказаў практычна не было, а мастакоўская душа зноў імкнулася ў Пецярбург, у Акадэмію...

На пачатку верасня 1866-га Сілівановіч з жонкай і сынам-немащлём Стэфанам накіроўваецца ў Пецярбург і пасяляецца ў доме № 7, на 7 лініі Васільеўскага вострава. Наступным днём творца прадставіў Савету Акадэміі некалькі палотнаў, і літаральна адразу ж, 5 кастрычніка, атрымаў званне класнага мастака трэцяй ступені. Яму быў прызначаны і чын XIV класа. У той самы час Фёдар Бруні ў сувязі з пачаткам грандыёзнага афармлення інтэр'ера Ісакаўскага сабора адкрыў у Акадэміі мазаічнае аддзяленне. Вельмі былі патрэбны мастацкія кадры, і прафесар прапанаваў свайму былому выхаванцу месца вучня.

Пачалося новае жыццё ў сталіцы. У сувязі з нараджэннем дзяцей - Іосіфа, Казіміра, Станіслава - даводзілася змяняць кватэры, галоўным чынам - на Васільеўскім востраве, і выкройваць час для паездак з сям'ёй на адпачынак у Віленскую губерню і ў родную вёску. Галоўнай заставалася праца ў новай якасці.

У 1870-м, пасля заканчэння класа, Сілівановіч быў залічаны ў Акадэмію малодшым мазаічыстам, атрымаўшы званне класнага мастака 2-й ступені. А праз чатыры гады, 22 сакавіка, Сілівановіч за ікону "Тайная вячэра" для іканастаса Ісакаўскага сабора займеў званне класнага мастака 1-й ступені і чын Х класа. Неўзабаве за "выдатныя веды ў мазаічным мастацтве", г. зн. за мазаіку "Пацалунак Іуды", Акадэмія мастацтва прызнала яго сваім акадэмікам (выпадак даволі рэдкі!) з прысваеннем (ад Сената) чына тытулярнага саветніка. Больш за тое: імператар узнагародзіў мастака ордэнамі Святога Станіслава ІІІ ступені "За карысныя дзеянні" і Святой Анны ІІІ ступені.

Але прыходзіць канец і радасці. 1 снежня 1898 года з-за моцнага пагаршэння зроку Сілівановічу давялося выйсці на пенсію. Праўда, яе ён атрымаў ад імператарскага двара самую высокую ў параўнанні з былымі калегамі па Акадэміі: 1468 рублёў 20 капеек у год - сума па тым часе сур'ёзная. І гэта ўсё - за мазаікі, у якіх яму як выканаўцу-практыку роўных не было.

Станковы жывапіс часова як бы адсунуўся на другі план. Але і за "манументальны" перыяд мастак зрабіў вельмі шмат уласна жывапісных палотнаў. Гэта фігуратыўныя жанравыя карціны, партрэты, накіды, эцюды, сярод якіх- такія значныя творы, як "У школу", "Дзеці ў двары", "Болей пачуем", "Сябры", "Зняволены" (твор экспанаваўся ў 1876 годзе ў Філадэльфіі), "Сын Стэфан за вячэрай", "Жонка за вышываннем", "Стары пастух з Свянцяншчыны", "Літвінка з Езна", партрэт дырэктара вясковай школы П.Сміндаса, партрэт паэта Р.Падбярэзскага, партрэт памешчыка А.Бартучэвіча (ці не таго дабрадзея з Цынцавічаў?), бліскучы "Аўтапартрэт у саламяным капелюшы"...

Вышэй я ўжо ўзгадваў раннюю жанравую карціну Сілівановіча "Салдат з хлопчыкам", якую ён намаляваў яшчэ ў 1866-м і якая сёння ўпрыгожвае наш Нацыянальны мастацкі музей. Канешне, у той час такія "побытавыя" карціны з сялянскага жыцця малявалі многія мастакі, асабліва- будучыя перадзвіжнікі. Аўтар паказвае людзей, з кім мог кожны дзень сустракацца ў родных Цынцавічах. І тут не трэба ўдакладняць сюжэтных драбніц - хто каго ў карціне вучыць грамаце на пры/i/content/pi/cult/301/5110/15-1.jpgзбе сялянскай хаты, але хлопчык, здаецца, ад захаплення проста свеціцца! І ягоную радасць па-бацькоўску падзяляе старэйшы сябар, салдат-інвалід. Гэты чалавек мае не па ўзросце сутулую постаць, шматлікія маршчыны. На яго грудзях - Георгіеўскія крыжы і медалі. Цяпер, пасля цяжкіх раненняў, герой забыты, нікому не патрэбны... Але не мінор вызначае мелодыю карціны. Хлопчык толькі што прыбег з гульні, прагна схапіўся за кніжку... Вось такі дыялог пакаленняў сцвярджае думку: дабрыня, імкненне да ведаў збліжаюць людзей. У стрыманым каларыстычным рашэнні зелянінай свеціцца галінка, што ляжыць побач з хлопчыкам, як сімвал жыцця. На другім канцы гэтай лініі цяжкай супрацьлегласцю ўспрымаеш атрыбуты вайны і нядолі- мыліцы і жабрацкую торбу...

Але вернемся да мазаічнага мастацтва Нікадзіма Сілівановіча. У гэтай манументальнай галіне ён зрабіў вельмі шмат, можа, як ніхто іншы. Праўда, больш - як бліскучы выканаўца, бо выкладваў смальту паводле ўзораў выдатных майстроў Адраджэння або па арыгіналах некаторых сваіх знакамітых сучаснікаў, кшталту Міхаіла Несцерава. Хаця былі і арыгінальныя кампазіцыі, якія Сілівановіч з сябрамі ці адзін выконваў і ў Расіі, і ў Беларусі, і ў Літве. Скажам, у мазаіцы "Нясенне Крыжа" ў атыку Ісакаўскага сабора Сілівановічу дасталося выкананне зямлі, драпіроўкі на нагах фігур, ззяння над галавой Хрыста і Крыжа. Тут жа, для купала сабора, выканаў мазаікі "Евангеліст Лука", "Евангеліст Матфей", а для Уваскрэсенскай царквы - лік Іаана Хрысціцеля (з карціны Т.Нэфа). З сааўтарамі Сілівановіч выканаў мазаічную ікону "Спас на троне" ў Спаса-Яфім'евым манастыры горада Суздаля з магільным склепам-капліцай сям'і Дзмітрыя Пажарскага, а таксама асабіста на працягу трох гадоў (да 1901-га) з лёгкай рукі Паўла Чысцякова зрабіў цудоўную мазаічную кампазіцыю "Уваскрэсенне Хрыста" ў паўночнай бажніцы сабора Спаса-на-Крыві ў Пецярбургу.

Пасля "трудов праведных" Сілівановіч, пачынаючы з 1880-х гадоў, прыязджаў на адпачынак не толькі ў родную вёску (пасля смерці бацькі ў 1883 г. - радзей), але і ў літоўскае мясцечка Бірштанас, дзе спыняўся ў свайго швагера Ігнаса Квінта і дзе ягоная жонка Пелагія лячылася прыроднай мінеральнай вадой ад сухотаў. Да Першай сусветнай вайны мастак і сямейства Квінтаў часта выязджалі ў лес па збор фіялак у двухколавых экіпажах, запрэжаных шасцю конямі жамайтыйскай пароды. Гэтае месца на правым беразе Нёмана, каля падножжа гары Вітаўта, за 39 кіламетраў ад Каўнаса, вельмі падабалася мастаку. Ён яшчэ ў 1880-я запланаваў тут будаўніцтва ўласнага дома з майстэрняй. Рэалізацыю праекта ён даручыў свайму сябру - прыходскаму свяшчэнніку Анцэльмасу Нанівічасу. За гэта мастак для алтара яго драўлянай каталіцкай царквы неагатычнага стылю ў мястэчку Нямунас (Немаюнай) напісаў палатно "Апосталы Пётр і Павел". У інвентарнай кнізе царквы ёсць - на рускай мове - надпіс (1884 г.): "Гэтая карціна была намалявана мастаком Н.Сіліванавічусам бясплатна ў якасці падарунка за маю дапамогу ў будаўніцтве яго дома ў Бірштанасе". Так здарылася, што на пастаяннае жыхарства там 67-гадовы мастак пасяліўся толькі ў новым стагоддзі, але ўжо без жонкі: яна памерла ў 1901 годзе ад сухотаў. У 1911-м Сілівановіч атрымаў частку спадчыны пасля смерці брата жонкі - віленскага святара В.Пранцкевіча, але, дадаўшы свае грошы, не стаў даводзіць да розуму той даўні праект 1880-х гадоў, а дакупіў закінуты будынак былога паштовага аддзялення разам з зямлёй. Пасля добрага рамонту пераехаў туды з сынам Іосіфам, ягонай сям'ёй і сястрой Урсулай. Тут і рэалізаваў сваю даўнюю мару: пабудаваў на другім паверсе майстэрню са шкляным дахам.

Жыхар Бірштанаса Ёнас Айемут узгадваў, што Сілівановіч быў "невысокага росту, увесь сівы, заўсёды акуратна апрануты. Вельмі сціплы і ветлівы ў абыходжанні, часам ладзіў пікнікі са сваякамі ў жывапісным асяроддзі Нёмана або ў лесе". Вадзіўся з віленскімі мастакамі, але на сконе жыцця не выстаўляўся. Прафесар Анатанас Жмуйдзінавічус, класік літоўскага пейзажа, узгадвае: "Сіліванавічус спрабаваў ісці ў нагу з літоўскімі мастакамі, прычым хацеў захаваць старыя традыцыі мастацтва. З-за імклівых змен у жыцці таго перыяду яму так і не ўдалося стварыць якія-кольвечы значныя творы".

 А ці ведаў А.Жмуйдзінавічус, што менавіта ў гэты перыяд (пасля 1909 года) Сілівановіч на аснове карцін нямецкага "назарэйца" Іагана Фрыдрыха Авербека (дарэчы, блізкага сябра Аляксандра Іванава) намаляваў аж 14 сюжэтаў "Пакут Хрыста" для віленскага Кафедральнага сабора і стварыў для новага храма ў Бірштанасе цудоўную карціну "Святы апостал Іуда Фадзей", дзе ў вобразе апостала лёгка пазнаюцца рысы сына мастака Іосіфа? Для гэтай жа царквы напісаў партрэт свяшчэнніка Ёнаса Карвеліса. З пачаткам жа Першай сусветнай вайны Сілівановіч з'ехаў у Пецярбург. Пасля рэвалюцыі па дарозе ў Бірштанас завітаў на радзіму, на родную Вілейшчыну. Відаць, адчуваў, што больш такой магчымасці можа не прадаставіцца. Так і здарылася: 21 мая 1919 г. Нікадзім Юр'евіч пайшоў з жыцця...

Мне расказалі, што ў 2006-м супрацоўнікі Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музея знайшлі раней невядомую ікону Н.Сілівановіча "Цуд святога Антонія Падуанскага" (паводле сюжэта вялікага іспанца XVII cт. Барталамеа Эстэбана Мурыльё) у касцёле Бязгрэшнага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Касцяневічы Вілейскага раёна. А колькі яшчэ жывапісных і мазаічных твораў Нікадзіма Сілівановіча застаюцца для нас невядомымі...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"