Рэхавыя спевы

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Беларуская харавая музыка настойліва імкнецца быць наперадзе нашай нацыянальнай культуры. Чарговы таму доказ — нядаўні Першы Беларускі фестываль-конкурс нацыянальнай харавой музыкі “Рэха”. Яго ініцыятарам выступіў Творчы цэнтр “BelArtSound” Беларускага саюза музычных дзеячаў. А двухдзённае свята, што прайшло ў залах ДМШ № 10 імя Я.Глебава і Клуба імя Ф.Дзяржынскага, сабрала больш як 30 аматарскіх і прафесійных калектываў з розных куткоў краіны, якія спявалі творы нашых кампазітараў.

/i/content/pi/cult/301/5108/8-3.jpg

 Лепшыя выканаўцы вызначаліся па пяці намінацыях: хоры аматарскія змяшаныя, аматарскія аднародныя, дзіцячыя малодшага ўзросту, дзіцячаюнацкія і, нарэшце, вакальныя ансамблі. Дзесьці першыя прэміі дзяліліся, дзесьці - увогуле не прысуджаліся. Гран-пры атрымаў Народны хор ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы г. Барысава на чале з Валянцінай Георгіу.

- Фестываль-конкурс, - падзялілася ўражаннямі старшыня журы, дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Б/i/content/pi/cult/301/5108/8-2.jpgеларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ларыса Шымановіч, - сапраўды знайшоў "рэха" ў душах усіх удзельнікаў і слухачоў. Але ён высвяціў і шэраг праблем, што вядуць свой пачатак ажно са спеваў у дзіцячых садках. Вельмі хацелася б, каб гэтае свята стала стымулам для больш цесных сувязей паміж кампазітарамі і харавымі калектывамі. Слушна кажуць: заспявае школа - заспявае народ. А спеўны народ, якім і былі беларусы на працягу стагоддзяў, - гэта шлях да развіцця духоўнасці...

Ну, а дадатковым доказам замежнага прызнання нашых кампазітарска-выканальніцкіх заваёў стаў чарговы нумар аднаго з аўтарытэтных бельгійскіх часопісаў "Міжнародны харавы бюлетэнь", прысвечаны харавой культуры Беларусі і Польшчы. Дый на нядаўні філарманічны вечар памяці народнага артыста СССР, прафесара Віктара Роўды з'ехаліся не толькі яго вучні з розных куткоў нашай краіны (усяго іх, дарэчы, больш за 800), але і расійскія госці: прафесар Маскоўскай кансерваторыі Аляксей Руднеўскі выступіў адным з арганізатараў канцэрта і яго дырыжорам, а кампазітар Уладзіслаў Агафоннікаў прысвяціў знакамітаму Маэстра шэраг сваіх твораў.

 Фота Юрыя ІВАНОВА

 На здымках: народная харавая капэла БНТУ;

 ансамбль народнай музыкі "Валачобнікі" БДУКіМ.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"