Фонд і яго фаны

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Сёлета буйных гала-канцэртаў, прысвечаных 15годдзю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, будзе два: сёння — у Белдзяржфілармоніі, а 22 снежня — у Вялікім тэатры оперы і балета.

 - Канцэрт у сталічнай філармоніі,- распавёў аўтар праекта, дырыжор Вячаслаў Бартноўскі,- стане заключным у суцэльным цыкле такіх канцэртаў, што цягам паўгода прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Маладзечне. Пры гэтым, як вы разумееце, мы намагаліся паказаць навучальныя музычныя ўстановы ўсёй краіны. Шырока былі задзейнічаны мясцовыя сімфанічныя аркестры, якія акампанавалі юным талентам. У іншыя гарады выязджаў Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі. На цяперашнім заключным гала-канцэрце гэтая традыцыя выступленняў з аркестрам прадоўжыцца: салісты будуць граць з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі. Выступіць і навучэнец Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Павел Нетук, які стаў дыпламантам Міжнароднага конкурсу піяністаў "Мінск2010". Будуць удзельнічаць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, прычым некаторыя - разам са сваімі калектывамі. Канцэрт гэты, дарэчы, бясплатны для публікі, так што фанаў у юных зорак стане яшчэ больш.

На другім канцэрце - "Таленты Беларусі" - салістам будзе акампанаваць сімфанічны аркестр тэатра (дырыжор - Вячаслаў Воліч), выступяць таксама некалькі цудоўных калектываў юных музыкантаў: Капэла хлопчыкаў Уладзіміра Глушакова, Канцэртны аркестр Уладзіміра Перліна, ансамбль цымбалістаў "Залатая струна" Ганны Полесавай, ансамбль трубачоў "Інтрада" Мікалая Волкава. Убачым мы, зразумела, і тых лаўрэатаў фонду Прэзідэнта, якія сталі зорнымі салістамі тэатра: Аксану Волкаву, Таццяну Гаўрылаву, Іллю Сільчукова, салістку балета Марыну Парамонаву. Сыграе і Улада Беражная - на скрыпцы А.Гварнеры.