Гарантыя будучыні

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначае сваё пятнаццацігоддзе.

/i/content/pi/cult/301/5098/3-4.jpg

Першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў на адкрыцці Рэспубліканскай выстаўкі работ лаўрэатаў, дыпламантаў і стыпендыятаў фонду ў галерэі "Універсітэт культуры", што яна з'яўляецца значнай падзеяй для сталіцы і ўсёй Беларусі.

 - Таленавітая моладзь- гарантыя паспяховай будучыні дзяржавы,- дадаў Уладзімір Карачэўскі. - Наш Урад надае шмат увагі маладым творцам, і стварае ўсе ўмовы для іх добрага навучання, творчасці і далейшай працы. На выстаўцы прадстаўлены работы як маладых, так і прафесійных аўтараў. Я думаю, у іх усё атрымаецца, яны стануць сапраўднымі майстрамі і іхняя творчасць будзе служыць высокаму мастацтву і дзяржаве...

Усе наведвальнікі выстаўкі ацанілі высокую якасць работ, незвычайныя падыходы пры іх стварэнні. У многіх склалася ўражанне, што гэтая экспазіцыя - не тых, хто пачынае свой творчы шлях, а прафесіяналаў з досведам. На палотнах і здымках, у графіцы і скульптуры нашы маладыя мастакі адлюстравалі элементы традыцыйнай і сучаснай культуры беларусаў, нацыянальныя стравы, паказалі своеасаблівы характар у абстрактных творах.

 Старшыня экспертна-мастацкай камісіі фонду, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна зазначыў: "На жаль, сцены галерэі не могуць змясціць усе самыя лепшыя работы, аўтараў якіх адзначыў Прэзідэнт краіны. Рады, што маладыя мастакі дэманструюць вялікую прагу да засваення прафесійных вышынь".