Лаза “драўлянага” Быхава

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Творчы шлях Таццяна Фяськова пачала на Быхаўскім камбінаце прамысловых тавараў. Жыла яна тады ў “драўлянай” частцы горада, непадалёк ад Дняпра, дзе ўпершыню ўбачыла ў мясцовых жыхароў вырабы з лазы. Гэтае рамяство настолькі зачаравала дзяўчыну, што яна вырашыла яго засвоіць.

/i/content/pi/cult/300/5091/12-1.jpgПершай настаўніцай Фяськовай стала Клаўдзія Абакумава, якая навучыла нарыхтоўваць і апрацоўваць лазу. Навука плесці нават самыя простыя кошыкі была нялёгкай, але Таццяна яе засвоіла хутка. Потым пачала ствараць больш складаныя рэчы. З цягам часу яе вырабы пачалі купляць. На выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што адбылася пад час свята гарадоў Магілёва, работы майстрыхі карысталіся надзвычайным попытам.

Паступова ў Таццяны Міхайлаўны з'явіліся вучні, якім яна стала перадаваць майстэрства лозапляцення. Цяпер жанчына ўпэўнена развівае традыцыі рамяства, стварае аўтарскія рэчы для афармлення інтэр'ераў. Прымала ўдзел у I Рэспубліканскім свяце-конкурсе лозапляцення "Лазовыя карункі" (1998 г.), дзе атрымала дыплом III ступені.

Да свайго захаплення лазой Таццяна Міхайлаўна прыахвоціла і сына з нявесткай. За творчы пошук, за развіццё традыцыйнага мастацтва яна ў 1999-м была прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Алена ЦІШКЕВІЧ, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурнаасветніцкай работы

 На здымку: Таццяна Фяськова за працай.