“Дызайн” выцінанкі

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Выстаўка “Выцінанка-karpiniai”, якую арганізавалі беларускія і літоўскія майстры, адкрылася днямі ў Нацыянальным экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі. На ёй прысутнічалі айчынныя творцы і іхнія калегі з Літвы, Украіны, Расіі.

/i/content/pi/cult/300/5090/pic_62.jpgНадзвычай шматлюдны вернісаж, які напаўнялі дзіцячыя галасы, зазначыў цікавасць да гэтага віду мастацтва. Безліч тэм і тэхнік майстэрства выразання з паперы паказалі ў сваіх творах аўтары. Выстаўка прымеркавана да міжнароднага семінара "Мастацтва выцінанкі. Вопыт Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі". Таксама яна прысвечана памяці двух вядомых майстроў, якія ўжо пайшлі з жыцця: беларуса Вячаслава Дубінкі і літоўца Феліксаса Марцінкаса.

Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута вызначыў адрозненні мастацтва выцінанкі ў суседніх краінах: "Выцінанка Літвы заснавана на глыбокіх традыцыях, якія ўзнаўляюцца ў ёй да гэтай пары. Украінцы ў сваіх творах вызначаюцца яркай п/i/content/pi/cult/300/5090/pic_63.jpgаліхроміяй, шматквеццем. Работы ж беларусаў вылучаюцца "дызайнерскім" падыходам. У нас традыцыя была перарвана, праца амаль спынілася, аднак сучасныя творцы літаральна "з нуля" пачалі аднаўляць майстэрства, і цяпер гэтая секцыя ў Саюзе майстроў народнай творчасці - адна з самых актыўных".

"У беларускіх творцаў - залатыя рукі! Нам вельмі падабаецца іх праца", - з захапленнем адзначылі госці з Саюза майстроў народнай творчасці Літвы. Яны запрасілі беларускіх калег на Сусветную выстаўку выцінанкі, якая адбудзецца ў 2015 годзе ў Вільнюсе. А Яўгену Сахуту ўручылі апошнюю з больш чым трыццаці кніг Феліксаса Марцінкаса.

На здымках: выцінанкі беларускіх і літоўскіх майстроў.