Аазіс у… бібліятэцы

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

1 снежня 1975 года было афіцыйна абвешчана аб стварэнні першай у вобласці і адной з першых у Беларусі ЦБС — віцебскай гарадской, якая аб’яднала на той час 14 устаноў. Фунцыі кіраўніцтва сістэмай былі ўскладены на Цэнтральную бібліятэку імя М.Горкага. А сама сістэма стала вопытнай базай для іншых ЦБС рэспублікі.

/i/content/pi/cult/300/5088/pic_58.jpgПастаянна вядзём пошукі шляхоў удасканалення сваёй дзейнасці. Назапашаны вопыт работы па комплекснамэтавых праграмах: менавіта яна дае магчымасць сканцэнтраваць усе рэсурсы на вырашэнні канкрэтных задач. Дзесяць бібліятэк сістэмы працуюць па дванаццаці мэтавых праграмах.

Бібліятэка імя І.Крылова перамагла ў конкурсе праектаў, накіраваных на паляпшэнне жыцця пажылых людзей. Установа атрымала грант на рэалізацыю праекта інфармацыйна-забаўляльнага цэнтра "Залаты ўзрост". Былі набыты тры камп'ютары, і пачалося правядзенне для пажылых людзей заняткаў па засваенні камп'ютарных тэхналогій. Тут праходзяць індывідуальныя і групавыя кансультацыі з псіхолагам, урачом-валеолагам, працуе служба "Кніга-103" - па дастаўцы літаратуры на дом тым чытачам, якія не могуць самі прыйсці ў бібліятэку.

Цэнтрам экалагічнага выхавання стала бібліятэка імя Л.Талстога. Кожны, хто прыходзіць сюды, трапляе ў сапраўдны зялёны аазіс. Тут усё падпарадкавана экалагічнаму выхаванню: праходзяць мультымедыйныя прэзентацыі, вусныя часопісы, ранішнікі. А бібліятэка імя У.Караткевіча з 1997 года- цэнтр правядзення Караткевічаўскіх чытанняў, у 2002-м яна атрымала званне лаўрэата абласной прэміі імя пісьменніка ў намінацыі "Прапаганда творчасці", першай пачала працаваць па мэтавай праграме "Нам засталася спадчына".

У нашай рабоце заўсёды прысутнічаюць творчыя партнёры: школы, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, грамадскія арганізацыі... Бібліятэка імя Е.Лось, прыкладам, цягам некалькіх гадоў супрацоўнічае з Цэнтрам эстэтычнага выхавання "Фарбы свету", а гарадская бібліятэка імя Я.Купалы - з Цэнтрам рамёстваў "Дзвіна" і клубам ветэранаў "Надзея".

Словам, за 35 гадоў зроблена шмат. Нам хочацца верыць, што ў сваім далейшым паступальным развіцці ў бібліятэк будуць новыя дасягненні, бо цікавых планаў на будучае ў нас вельмі шмат, і, адзін з іх - інтэграцыя інфармацыйных рэсурсаў нашай ЦБС у агульную інфармацыйную прастору бібліятэк Беларусі і не толькі...

Святлана КАРЖЫЦКАЯ, вядучы бібліятэкар аддзела бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу Віцебскай ЦГБ імя М.Горкага

На здымку: у час аднаго з мерапрыемстваў.