Чарадзей “ідэальных вобразаў”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

У гэтым нумары мы раскажам яшчэ пра аднаго беларускага мастака, які ўнёс каштоўны ўклад не толькі ў нацыянальнае мастацтва нашай краіны. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь знаходзяцца тры партрэты яго пэндзля, але большасць твораў — у музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варшавы, Кракава і ў прыватных еўрапейскіх калекцыях. Апошнія 20 гадоў свайго нядоўгага жыцця Іосіф Іванавіч Аляшкевіч — а гаворка пойдзе якраз пра яго — працаваў у Пецярбургу, але сувязі з Бацькаўшчынай не парываў. Часта выязджаў у беларускія губерні, рабіў накіды і зарысоўкі, сустракаўся з простым людам...

/i/content/pi/cult/300/5086/pic_51.jpg...Яго хавалі ў Пецярбургу ў сонечны дзень 8 кастрычніка 1830 года. Працэсія пачыналася з дома, які стаяў на вуглу Вазнясенскага і Кацярынгофскага праспектаў. Гэта было незвычайнае відовішча. За сціплай чорнай труной, якую неслі на Смаленскія могілкі сябры нябожчыка, цягнулася бясконцая чарада экіпажаў знаці, хаця і яны большую частку дарогі ішлі пешкі. Людзей было так шмат, што пры пераходзе на той бок Нявы яны займалі ўвесь былы Ісакаўскі мост. Але самую чуллівую частку жалобнага картэжу складаў велізарны натоўп жабракоў, якія аплаквалі свайго памерлага дабрадзея і сябра. Вось так пісаў яго сучаснік: "Хто ведаў нябожчыка, мог без грэшнай упэўненасці дазволіць сабе думаць, што слязьмі гэтымі акрапляецца прамы шлях яго да вечнага шчасця..."

Дык хто ж ён быў такі, наш зямляк, "шляхціч Мінскай губерні", сын музыканта-двараніна з Радашковічаў, выдатны мастак і грамадскі дзеяч Іосіф (Ёзэф) Іванавіч Аляшкевіч? У некаторых дакументах сказана, што ён нарадзіўся ў сям'і беднага музыканта ў мястэчку Шылува Рэчы Паспалітай (цяпер - Літва). Але блізкі сябра Аляшкевіча, зямляк са Слонімскага павета і аўтар успамінаў пра яго, надрукаваных у 1876 годзе ў кнізе "Русская старина" (т. 16, № 7, Санкт-Пецярбург), Осіп Пржэцлаўскі ўдакладняе: "Сын двараніна, Аляшкевіч нарадзіўся ў Мінскай губерні; на ўтрыманні гр. А.Хадкевіча вучыўся ў Віленскім універсітэце, потым- у Парыжы і Рыме". Пра Рым не ведаю; існуе сведчанне, што акрамя Парыжа займаўся ў Дрэздэне.

Дык вось, Вільня. 23-гадовы Іосіф Аляшкевіч пару гадоў вучыўся тут азам мастацтва ў "публічнага прафесара жывапісу", "доктара свабодных навук" Францішка Смуглевіча, заснавальніка ўніверсітэцкай кафедры жывапісу і малюнка. Але хутка, у 1803-м, з дапамогай таго ж А.Хадкевіча, паехаў у Еўропу, дзе ўдасканальваў сваё майстэрства ў выдатнага класіка - француза-жывапісца Жана Луі Давіда, які на той час быў, мабыць, лепшым мастаком Французскай рэспублікі, а потым і ўсёй імперыі Напалеона Банапарта, а таксама ў бліскучага партрэтыста і рысавальшчыка Жана Агюста Дамініка Энгра. У іх пераняў лепшыя рысы французскага класіцызму. Прычым моцны ўплыў Давіда даўся ў знакі на некаторых "класіцыстычных" палотнах Аляшкевіча. Я ўжо не кажу пра філігранна-бліскучыя копіі, што рабіў малады майстра з карціны Рафаэля "Пераўтварэнне Госпада" або з палатна Давіда "Ахіл, які аплаквае смерць Патрокла".

Пасля вяртання з-за мяжы мастак нейкі час жыў на Валыні, у мястэчку Млынаў, дзе гасцяваў у сядзібе Аляксандра Хадкевіча. Тут маляваў і рыхтаваўся да заняткаў у Віленскім універсітэце. Справа ў тым, што пасля смерці першага віленскага настаўніка Смуглевіча Аляшкевіч меў намер балаціравацца на яго пасаду і заняць прафесарскае крэсла на кафедры жывапісу, але гэта яму не ўдалося. Відаць, быў вельмі гэтым засмучаны. Але перш чым назаўсёды з'ехаць у Пецярбург, у 1809 годзе ён выставіў у Вільні сваю гістарычную карціну "Развітанне гетмана Хадкевіча з маладой жонкай перад Хоцінскай бітвай", якая мела вялікі поспех сярод мясцовай грамадскасці. У аснову сюжэта палатна лёг эпізод з гераічнай гісторыі ВКЛ. Галоўны герой - Ян Караль Хадкевіч, ваенны і палітычны дзеяч, таленавіты палкаводзец канца XVI - пачатку XVII стст., вялікі гетман і ваявода віленскі, які праславіў сваё імя ў войнах са шведамі, Маскоўскім царствам, туркамі і татарамі. Першая яго жонка - Соф'я Мялецкая - памерла ў 1619-м, пасля ж Хадкевіч узяў шлюб з маладой князёўнай ГаннайАлаізай Астрожскай. Вяселле сыгралі 28 лістапада 1620 года. Адразу ж пасля яго гетман паехаў на сейм у Варшаву, а адтуль - у свой апошні паход праз Дунай супраць туркаў Асмана II, дзе на пачатку верасня 1621-га ў жорсткім баі ўзяў непрыступную крепасць Хоцін. Але праз некалькі дзён Хадкевіч цяжка захварэў і 24 верасня памёр, праўда, паспеў перадаць камандаванне арміяй Станіславу Любамірскаму. Даведаўшыся пра смерць Хадкевіча, туркі паспрабавалі свежымі сіламі захапіць лагер беларуска-літоўска-польскіх войскаў, але няўдала. Несучы вялікія страты, 9 кастрычніка туркі вымушаны былі заключыць мір з Рэччу Паспалітай. Такім чынам, апошнюю сваю бітву Хадкевіч выйграваў, хаця, мабыць, і адчуваў, развітваючыся са сваёй жонкай, што больш ім пабачыцца не давядзецца... Вось гэты момант і адлюстраваў у сваёй карціне Аляшкевіч па ўсіх законах еўрапейскага класічнага жывапісу - і паводле строга выверанай кампазіцыі, і паводле колеравай пластыкі, і па "мужнай" псіхалогіі ідэальных вобразаў.

/i/content/pi/cult/300/5086/pic_52.jpgСанкт-Пецярбург сустрэў 33-гадовага Аляшкевіча ласкава. Так здарылася, што доўга скараць расійскую сталіцу мастаку не давялося. Да таго ж, ён хутка стаў вядомы не толькі як майстар карціны, але і як бліскучы партрэтыст, дастойны вучань Энгра. Сучаснікі цанілі яго "адточанасць і асаблівую прыгажосць пэндзля", захапляліся бездакорным, зграбным, элегантным малюнкам, уменнем прыгожа "падаць" мадэль ва ўсім яе харастве і раскошы. Такі вось, напрыклад, і "Партрэт маладой жанчыны" з нашага Нацыянальнага мастацкага музея, які быў намаляваны ў 1810 годзе, калі творца толькі што прыехаў "на брега Невы". Больш за тое: Аляшкевіча заўважыла сама імператрыца Марыя Фёдараўна, і з яе лёгкай рукі мастак стварыў фігуратыўную карціну "Дабрадзейнае апекаванне і клопат імператрыцы Марыі Фёдараўны пра бедных". Карціна так спадабалася імператрыцы, што з яе блаславення Аляшкевіч быў выбраны адразу ж акадэмікам гістарычнага жывапісу Акадэміі мастацтваў! Праўда, акадэмічны савет узяў пад увагу і іншыя палотны майстра, у тым ліку і гістарычныя кампазіцыі накшталт "Антыёха і Стратоніка", і міфалагічныя - з лікамі Хрыста і Багародзіцы, і, канешне ж, партрэты. Уласна кажучы, Аляшкевіч напісаў шмат партрэтаў членаў сям'і імператарскага дому, а таксама жаночых, тры з якіх сёння ўпрыгожваюць залу нашага Нацыянальнага мастацкага музея.

Большасць твораў Аляшкевіча зроблены ў стылі позняга класіцызму з прыўнясеннем рамантычна-сентыментальнага флёру. У Трацякоўцы знаходзіцца "Партрэт доктара медыцыны і хірурга М.Ф. Арэндта", таго самага, які праз пятнаццаць гадоў пасля стварэння работы, зімой 1837-га, будзе спрабаваць аблягчыць пакуты паміраючага пасля трагічнай дуэлі Пушкіна. Цудоўны і другі партрэт - князя Адама Чартарыйскага, польскага расійскага дзяржаўнага дзеяча, пісьменніка, мецэната, папячыцеля віленскіх вучэбнай акругі і ўніверсітэта, будучага ўдзельніка паўстання 1830 года. Князь адлюстраваны ў інтэр'еры з карынфскімі калонамі, аксамітнымі драпіроўкамі, якія звісаюць роўнымі складкамі. Цікава вылеплены атрыбуты: крэсла ў стылі ампір, а на ім- галаўны ўбор і шпага.

Сярод іншых твораў - партрэты маладой жанчыны з дзіцем, Аляўціны Гасцімскай, Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла, царкоўных іерархаў Платона (Леўшына) і Міхаіла (Дзясніцкага), Марціна Пачабута, Міхаіла Галянішчава-Кутузава, Генрыха Ржавуцкага, Ігнація дэ Гельда, Адама Міцкевіча... Дарэчы, ва ўрыўку часткі трэцяй паэмы "Дзяды" - "Дзень перад пецярбургскім затапленнем" - у вялікім вершы "Аляшкевіч" Міцкевіч называе творцу ("...лицом красив и благородно строг...") "чародеем", г. зн. народным філосафам. "Кто он? Поляк. Художник. Но без дела / Лежит его палитра. Он всецело / В науку чародейства погружен, / И Кабаллу он знает. Ходят слухи / Что запросто беседуют с ним духи..." І тут я павінен сказаць вось што. Аляшкевіч набыў шырокую вядомасць у Пецярбургу не толькі праз свой жывапіс, але і дзякуючы энцыклапедычным ведам, дабрадзейнаму вобразу жыцця і таму становішчу, якое ён займаў у асяроддзі пецярбургскіх масонаў. Так, у пачатку 1822 года пасля сенатара Адама Ржавускага ён быў выбраны кіраўніком (maitre en chaise) ложы "Белы Арол", г. зн. атрымаў самую высокую ступень у ордэне. І ён лічыўся "выдатнай фігурай у гісторыі расійскага масонства". У гэтую ложу "вольных муляроў" уваходзілі прадстаўнікі радавога дваранства, сярэдняга класа інтэлігенцыі, купецтва і рамеснікі.

Што ж такое, скажам, польска-беларускае масонства канца XVIII - пачатку XIX стст., калі жыў наш герой? У сувязі з асобай Аляшкевіча пытанне тое - важнае.

У канцы царавання Кацярыны Вялікай масонства як бы сыходзіць са сцэны, але пры Паўле I, а потым і пры Алякандры I адраджаецца, хутка набірае моц і становіцца набыткам шырокіх мас, робіцца модным уцягненнем людзей аляксандраўскай эпохі. Дастаткова сказаць, што членамі масонскіх лож у розныя перыяды жыцця былі такія знакавыя асобы, як І.Патоцкі, К.Н. Сапега, Л.Гутакоўскі, М.Навікоў, М.Хераскаў, А.Сумарокаў, М.Спяранскі, А.Бенкендорф, пераможца Напалеона М.Кутузаў, П.Панін, А.Пушкін і яго дзядзька В.Пушкін, А.Міцкевіч, П.Вяземскі, А.Чартарыйскі, М.Віельгорскі, Н.Рэпнін, М.Арэндт, амаль усе дзекабрысты і г. д. У часы Аляшкевіча ў гарадах Полацк, Магілёў, Мінск, Слуцк, Вільня, Гродна, Нясвіж, Навагрудак, Беласток дзейнічала больш за 30 лож так званага Вялікага Польскага Усходу. У першыя 20 гадоў XIX ст. масонства было, так бы мовіць, дзяржавай у дзяржаве, якая жыла па сваіх тайных законах, а некаторыя ложы, у тым ліку і польская Вялікая Ложа "Астрэл" сенатара, графа Адама Ржавускага, і ложа "Белы Арол" (1818 - 1822 гг.), якая ўваходзіла ў "Астрэл", насілі відавочна антыімперскі характар, які ярка праявіўся праз восем гадоў у часы паўстання 1830 - 1831 гг. Падкрэслю, што пасля 1822-га былы масон імператар Аляксандр I і ягоны брат, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, які кіраваў Польшчай і Беларуссю, усё ж спужаліся шырокага палітычнага, культурнага і релігійнага ўплыву масонства на грамадскую думку і афіцыйна закрылі гэтую справу.

Аляшкевіч як глыбокі і паслядоўны містык, вядомы сваімі прароцтвамі (дарэчы, ён дакладна прадказаў вядомае пецярбургскае навадненне 7 лістапада 1824 года, а таксама паўстанне дзекабрыстаў ды іншыя падзеі і здарэнні), распрацаваў цэлую дактрыну дзейнасці сваёй ложы, што мела шмат агульнага з вучэннем французскага маркіза Сэн-Мартэна. З'яўляючыся чалавекам у вышэйшай ступені рэлігійным, сціплым у сваіх патрэбах, Аляшкевіч заўсёды прапаведаваў чалавечнасць ва ўсіх справах, быў шчодрым дабрачынцам і ўзорам літасцівасці.

А што да яго адносін да братоў нашых меншых, дык пра ягоную незвычайную любоў да жывёл, птушак і насякомых у расійскай сталіцы хадзілі цэлыя легенды. Мастак быў жанаты, але жонка з ім не жыла, хаця абое яны паміж сабой сябравалі. Разгадка была простая: Аляшкевіч ажаніўся толькі для таго, каб "з нявольніцы, якой, па сутнасці, спрадвечна з'яўляецца кожная дзяўчына, зрабіць свабодную жанчыну". Іншай мэты той шлюб не меў. Для мяне гэта, канешне ж, вельмі дзіўна. Такім чынам, мастак жыў адзін, калі не лічыць верную служанку Фёклу. Але не: ягоную кватэру яшчэ насялялі дзясяткі котак, якіх яму заўсёды падкідвалі гараджане. Калі яны падрасталі, Аляшкевіч раздаваў іх паліцэйскім-будачнікам, за што даваў ім ад пяці да дзесяці рублёў. Больш за тое: потым абходзіў іхнія пасты, назіраючы, як жывуць яго былыя жывёлы. Кожная котка мела імя якой-небудзь дамы або мужчыны з кола блізкіх сяброў мастака. Ён строга прытрымліваўся брамінаўскага правіла: не забіваць ніякага жыцця і нават насякомых, якіх у ягоным доме таксама было шмат. Ніколі не дазваляў рамізнікам біць пугаю каня, дараваў злодзеям і кішэннікам у спадзяванні на іх перавыхаванне. Аднойчы сын прыяцеля мастака ўкраў з кватэры Аляшкевіча каштоўны кішэнны гадзіннік - падарунак блізкага сябра, ваеннага губернатара Пецярбурга графа Міларадавіча, таго самага, якога потым застрэліў дзекабрыст Кахоўскі. Дык вось, прапажу выявіла Фёкла, прыбегла на кватэру кішэнніка і там яго злавіла разам з гадзіннікам. Што адбылося потым? А нічога. Аляшкевіч сказаў: "Эх, божа мой, не трэба быць строгім да хлопца: мабыць, ён быў вымушаны так зрабіць..."

Рэдкія рысы яго натуры прыцягвалі да яго ўвагу і сімпатыю розных грамадскіх пластоў і прафесій, асабліва - культурнай эліты. Дык і сам мастак спрабаваў займацца літаратурай. У тыя часы быў вядомы яго філасофскі твор (на французскай мове) "Восень чалавецтва", у якім Іосіф Іванавіч даказваў, што "чалавецтва перажыло свае вясну і лета, настае яго восень, і таму яно павінна паклапаціцца пра назапашванне таго, што можа выратаваць ад заўчаснай гібелі". Некаторыя сучаснікі Аляшкевіча мяркуюць: менавіта прыналежнасць мастака да масонства паслужыла таму, што ў апошнія гады жыцця ён цалкам кінуў жывапіс...

...Перад смерцю Аляшкевіч паспеў распарадзіцца сваёй спадчынай. Карціны і партрэты, а таксама рэчы раздарыў розным людзям, грошы падзяліў на дзве часткі: адну сам уручыў Фёкле, другую прызначыў па спісе для беднякоў. Котак размеркаваў пайменна між сябрамі...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"