Магічны… вуж

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Дзіўны абярэг прашчураў

/i/content/pi/cult/300/5085/pic_50.jpgУ адрозненне ад шляхты і гараджан сяляне трывала захоўвалі рэшткі язычніцкіх вераванняў, якія фактычна складалі рытуальную аснову традыцыйных звычаяў і абрадаў да пачатку ХХ стагоддзя. Прычым гэта тычылася і элементаў, што зыходзяць да глыбокай старажытнасці, у тым ліку жалезны век на нашых землях.

Да ліку такіх элементаў належыць і культ змей. Гэта - адметнасць беларускай традыцыі, бо змей або змяя ў нашых суседзяў - пераважна адмоўны персанаж, нават увасабленне зла (той жа ўсім вядомы Змей Гарыныч). Першыя згадкі пра таямнічых змей упершыню датычацца ўпамінання пра нашы землі ў "Гісторыі" славутага грэчаскага вучонага Герадота, які жыў у 5 ст. да н.э. Ён пісаў, што неўры перад паходам персідскага цара Дарыя перасяліліся на землі будзінаў (тэрыторыя іх размяшчэння ахоплівала заходнія беларускія мясціны) пад націскам змей, у якіх даследчыкі бачаць плямёны з татэмам змяі. Таму невыпадкова, што галовы змей або драконаў размяшчаліся на канцах вітых металічных браслетаў, якія належалі да балцкіх культур перыяду жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, змяіныя галовы былі і на рымскіх бранзалетах, што, магчыма, звязана і з эстэтычна-дэкаратыўным кампанентам упрыгожання, яго вітым выглядам.

Напэўна, ад балтаў прыйшоў да нас культ змяі, які ўвасобіўся ў шматлікіх міфалагічных вобразах. Гэта і ўладар багацця Змяіны цар, вогненны змей - Хут, змей з яйка, з якога ўзнікае дамавік, магічныя змеі замоў - Шкурапея, Хама-Хаміца, Сохва, Рабея, змеепадобныя пачвары - цмок, шматгаловы казачны змей ды іншыя. Як у еўрапейскай і ўсходняй міфалогіях, змеі - не толькі сімвалы небяспекі, але і мудрасці, магіі. Сярод іх вылучаецца вуж, які традыцыйна шанаваўся ў беларусаў: лічылася, што ён прыносіць у хату шчасце, бароніць яе ад гадзюк. Вуж - гэта валадар багацця, Змяіны цар.

У беларускай народнай творчасці можна сустрэць казачны сюжэт, у якім вуж жэніцца на дзяўчыне і нават мае ад яе дзяцей. А таму шанаванне вужа, забарона на яго забойства сведчаць пра татэмістычныя матывы гэтага вобраза. У старажытнасці вуж жыў у хаце, у куце ля печы, і выконваў ролю хатняга ахоўніка, а таксама выступаў як аб'ект варажбы - у якасці магічнай істоты, што прадказвае будучыню. Аб гэтым сведчыў венецыянскі пасол Петра Дуода, які ў справаздачы 1592 года пісаў, што людзі ў Літве і Жмудзі трымалі невялікага чорнага вужа ля печы, а ў вызначаныя дні пасярод хаты ставілі невялікі столік з малаком і сачылі за паводзінамі паўзуна: калі той пачынаў піць малако, дык гэта лічылася добрым прадвесцем, калі не - наадварот. Прадказанні, звязаныя са змеямі, меліся і ў еўрапейскай антычнасці: у храмах старажытнай Грэцыі жылі вялізныя свяшчэнныя змеі, і калі яны адмаўляліся ад ежы ці ўвогуле знікалі- гэта лічылася прадвесцем бяды. Таксама змяя была аб'ектам прыкмет: у старажытных рымлян лічылася дрэнным знакам, калі яна перапаўзала дарогу.

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук.

На здымку: герб Пружан.