Ад Аўстраліі да Аргенціны

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Пытанні падтрымкі нашых суайчыннікаў за мяжой неаднойчы ўзнімаліся на самым высокім узроўні, у тым ліку на ІV Усебеларускім народным сходзе. З мэтай вырашэння надзённых клопатаў беларускай дыяспары сёлета быў створаны і Кансультатыўны савет пры Мініс тэрстве культуры.

Днямі выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі прадставіла грунтоўны том "Беларускае замежжа". Над кнігай працавалі дзясяткі даследчыкаў гісторыі і культуры, пісьменнікаў, архівістаў. Складальнікам жа і аўтарам большай часткі матэрыялаў выступіла кандыдат гістарычных навук, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Наталля Голубева.

Цягам двух гадоў вялася пошукавая і даследчая праца па вывучэнні архіўных матэрыялаў з мэтай апісання гісторыі беларускага замежжа, збіралася максімальна поўная інфармацыя пра нашых суайчыннікаў, якія ў свой час былі вымушаны развітацца са сваёй Радзімай, рассяліліся на розных кантынентах і пакінулі важкі след у сусветнай культуры і навуцы. Невыпадкова першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч на прэзентацыі выдання ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны падкрэсліла вялікую значнасць кнігі для нашай грамадскасці, яе важкі ўклад у айчыннае кнігавыданне.

Аўтарамі зроблены грунтоўны аналіз гісторыі беларускай супольнасці ў Расіі, краінах Балтыі, ва Украіне, у Польшчы, Малдове, Казахстане, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аргенціне, Аўстраліі.

Да таго ж, выданне змяшчае матэрыялы і пра арганізацыі, што стваралі беларусы ў замежных краінах, біяграфіі нашых суайчыннікаў, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльнаэканамічнае і культурнае развіццё замежных дзяржаў.

Асобнай часткай у кнізе прадстаўлены аналітычныя агляды архіўных дакументаў па гісторыі эміграцыі беларусаў і выхадцаў Беларусі за межы сваёй гістарычнай радзімы, якія адлюстроўваюць розныя гістарычныя этапы фарміравання беларускай дыяспары, у тым ліку ў перыяды існавання Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР, а таксама ілюстрацыйныя матэрыялы.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"