Гульні з астрагаламі

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

“Жужаліца” і “murmelspiel” з карціны Брэйгеля

/i/content/pi/cult/300/5083/pic_47.jpgЯк вядома, пазнанне свету, далучэнне да працоўнай дзейнасці дзеці набываюць праз гульню, праз цацкі. Першымі прадметамі для дзіцячых гульняў маглі быць рознакаляровыя каменьчыкі, ракавіны рачных, азёрных і марскіх малюскаў, шышкі і плады раслін і іншыя рэчы прыроднага паходжання. Асэнсаваны выраб цацак, што сведчаць пра элементы першабытнай педагогікі, фіксуецца археолагамі пад час раскопак неалітычных паселішчаў. У прыватнасці, на стаянках Аляксандраўка, Вешня, Вялікае Арэхава, Камень, Пагост-Загародскі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці выяўлены апрацаваныя крэмні, якія нагадваюць па форме розных жывёл і птушак.

Ужо ў раннім жалезным веку ў якасці цацак маглі выкарыстоўвацца таксама гліняныя грузікі, рытуальныя збаночкі і нават хлябцы. Археолагі на поўначы Беларусі часам сустракалі галёнкавыя косці дробных жывёл і птушак з прасвідраванай адтулінай - так званыя жужаліцы, вядомыя і пазней па традыцыйных гульнях дзяцей.

Ды і помнікі, якія таксама адносяцца да перыяду ранняга жалезнага веку, дэманструюць багатую калекцыю дзіцячых цацак, вырабленых з керамікі, каменю і косці. Сярод іх сустракаюцца выявы жывёл, птушак, рыб і людзей, мадэлі хатак, вазоў, хатняга начыння і зброі. Але найбольш яскрава старажытны выхаваўчы працэс раскрываецца на матэрыяле археалагічных раскопак старажытнарускіх гарадоў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.

Пра рознабаковыя прыёмы для развіцця дзіцяці ў ХІІ- ХІІІ стст. могуць сведчыць разнастайныя знаходкі цацак. Толькі ў адным Ноўгарадзе іх выяўлена каля сямі соцень. Знойдзеныя пад час раскопак цацкі можна падзяліць на дзве буйныя групы: адны прызначаліся для хлопчыкаў, а другія, адпаведна, былі выключнай забавай для дзяўчынак. Сярод першых відавочна дамінуюць цацкі мілітарысцкага накірунку. Гэта дзіцячыя ўзоры ўзбраення: мячы, булавы, лук і стрэлы. Яны сустракаліся на Беларусі ў Гродне, Слоніме, Мінску, Брэсце і Слуцку. Да гэтых прыкладаў далучаюцца і гліняныя выявы вершнікаў, знойдзеныя ў Пінску, Ваўкавыску і Слуцку. А на гарадзішчы Маскавічы знойдзена фігурка пешага воіна. У сваю чаргу, для дзяўчынак прызначаліся мініяцюрныя рэчы хатняга начыння і прылады працы, звязаныя з хатнімі промысламі: верацёны і прасліцы, а таксама антрапаморфныя скульптуркі - лялькі. У той жа час, былі цацкі і ўніверсальныя, з якімі забаўляліся дзеці незалежна ад полу. Гэта мадэлі транспартных сродкаў - лодачак, выяўленыя на раскопках Брэста, а таксама выявы птушак, жывёл і рыб.

/i/content/pi/cult/300/5083/pic_481.jpgАсобныя катэгорыі цацак або прадметаў, якія прызначаліся для дзяцей, маглі спрыяць развіццю маторыкі, сенсорыкі і, вядома ж, крэатыўнасці. У гэтай сувязі варта згадаць выяўленыя ў раскопках на Верхнім замку Віцебска ў напластаваннях першай чвэрці ХІІ ст. гліняныя шарыкі дыяметрам 14 - 28 мм і вагой 2 гр, якія маглі развіваць у дзяцей маторыку. Аналагічныя ім знаходкі вядомы і ў напластаваннях ХVІ - ХVІІ стст. шэрагу беларускіх гарадоў, а таксама на помніках Прыбалтыкі і Германіі, дзе яны маюць назву "murmelspiel". А на карціне галандскага мастака Пітэра Брэйгеля Малодшага "Кірмаш з тэатральным відовішчам", напісанай у 60-я - 70-я гады ХVІ ст., у левым ніжнім куце палатна змешчаны фігуры падлеткаў, якія граюць у каменьчыкі - "murmelspiel".

Сведчаннем існавання на той час рухомых гульняў, напрыклад, у гарадах Беларусі, могуць служыць знаходкі скураных мячоў і цацкі "клёка", знойдзенай у Віцебску ў напластаваннях ХІІІ- ХІV стст., якая ўяўляла з сябе драўляны калочак даўжынёй 12,5 см, завостраны з абодвух бакоў. Аналагічнае прыстасаванне вядомае ў рускай дзятвы для гульні ў "чижа" і ў традыцыйных дзіцячых гульнях беларусаў. А скураныя мячы дыяметрам ад 4 да 13,5 см знойдзены пры раскопках Брэста, Мінска, Полацка, Віцебска і Слуцка. Напханыя воўнай, яны маглі служыць для гульні ў лапту. Паводле даных этнаграфіі ХІХ ст., на нашых землях дзецям было вядома звыш сарака (!) відаў гульні з мячом. Да ліку прадметаў, звязаных з рухомымі гульнямі, можна аднесці і згаданыя вышэй знаходкі астрагалаў. Слова "астрагал" паходзіць ад грэчаскага "astragalos" і азначае "пазванок", "таранная костка", "бабка", якімі дзятва ў мінулым часта гуляла. Напрыклад, такая гульня паказана на карціне "Гульня ў бабкі", напісанай у 1870 г. мастаком У.Макоўскім.

На развіццё сенсорнага ўспрымання маглі аказваць уплыў і некаторыя ўпрыгожанні, напрыклад, шкляныя бранзалеты, якія паўсюдна сустракаюцца ў гарадах Старажытнай Русі, а таксама і ў Беларусі ў напластаваннях ХІ - ХІІІ стст. Лік знаходак гэтых артэфактаў вядзецца на сотні. Так, у Слуцку іх сабрана больш за паўтысячы, у Брэсце - 578 фрагментаў, у Полацку- 792, а ў Мінску іх ажно 1100. Паводле каларыстычнай гамы яны прадстаўлены ўсім спектрам вясёлкі, а па фактуры - гладкія, кручоныя і рабрыстыя. Часам сярод іх сустракаюцца і дзіцячыя - дыяметрам 34 - 40 мм.

Несумненна, што на развіццё лагічнага мыслення магла аказваць уплыў гульня ў шашкі і ў шахматы. Айчыннымі археолагамі знойдзены шашкі двух відаў: каменныя, паўсферычнай формы, больш раннія, скандынаўскага паходжання, вядомыя па раскопках Капыля Х- ХІ стст., і дыскападобнай формы, касцяныя з рэльефнымі, канцэнтрычнымі акружнасцямі па версе, вядомыя па раскопках Мсціслава, Віцебска, Клецка, Пінска і Гродна, дзе яны, у асноўным, датуюцца ХІІІ ст. Шахматных фігур у гарадах Беларусі ХІ - ХVІІ стст. знойдзена 73, з якіх 48 прыпадаюць на перыяд ХІІ- ХІІІ стст. Толькі ў адным Слуцку іх выяўлена чатыры, сярод якіх - унікальная фігура шахматнага караля.

Сёння цяжка сказаць, ці гулялі ў гэтыя інтэлектуальныя гульні дзеці і падлеткі. Тым не менш, у заходнееўрапейскіх педагагічных традыцыях навучанне шахматнай гульні было абавязковым элементам выхавання дзіцяці ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў у дваранскіх сем'ях. Магчыма, штосьці падобнае магло быць і ў нас, прычым не толькі ў княжацкіх сем'ях, але і сярод звычайных гараджан. На карысць такой думкі можа сведчыць той факт, што большасць шахматных фігур, знойдзеных пры раскопках беларускіх гарадоў, выраблена з мясцовай сыравіны: рога лася, косці, дрэва, што давала магчымасць мець гэтыя прылады гульні і шырокаму колу насельніцтва гарадоў Беларусі ХІ - ХVІІ стст.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка, археолаг

На здымках: гліняныя шарыкі XVII ст. з раскопак Верхняга замка Віцебска для гульні ў "murmelspiel"; П.Брэйгель Малодшы. "Кірмаш з тэатральным відовішчам".