Соня + Родзя =?

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Праверка алгебры на… гармонію

/i/content/pi/cult/300/5077/pic_40.jpgУ апошнія некалькі гадоў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, які многія прывыклі ўспрымаць выключна пляцоўкай для апрабавання новых айчынных п'ес, прапаноўвае сваім гледачам і пастаноўкі па творах класікаў сусветнай літаратуры. Прынцыповасць гэтай пазіцыі мастацкі кіраўнік калектыву Валерый Анісенка тлумачыць тым, што акцёр, які працуе з падобнымі творамі, і сам расце, адкрываючы новыя вышыні ўласнага таленту. І вось, услед за Міхаілам Булгакавым і Антонам Чэхавым, у афішы РТБД з'явіўся Фёдар Дастаеўскі. Пастаноўка яго "Злачынства і пакарання", створаная паводле п'есы-інсцэніроўкі Аленай Паповай, атрымала назву "Сонечка".

Сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай, якая першай сустракае гледачоў у зале, бадай даслоўна ілюструе сабой назву рамана Дастаеўскага. Турэмны калідор, што вуглом сыходзіцца ў самым цэнтры, ды бакавыя шэрагі жалезных дзвярэй - уваходаў у адзіночныя камеры... Выхад з гэтай жахлівай прасторы можа быць толькі ў... іншую камеру, а калі хто-небудзь з герояў раптам захоча ўбачыць праз турэмныя краты хаця б кавалачак іншага жыцця, ён натыкаецца на ўласнае адлюстраванне.

Канцэптуальны з боку аўтараў спектакля выбар у якасці галоўнага героя не Раскольнікава, а Соні Мармеладавай сам па сабе не новы. Драматургі звяртаюцца да герояў другога-трэцяга планаў для таго, каб з іншага боку зірнуць на сітуацыю, высвеціць яе ўспрыняцце праз "прызму" тых, каго многія звыкла не заўважаюць у агульным драматургічным ансамблі. Бадай, самы вядомы - "Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя" Тома Стопарда. Аднак, абіраючы такі драматургічны прыём, аўтар усё роўна мусіць ствараць "сваю", адрозную ад зыходнай, гісторыю. У выпадку ж з інсцэніроўкай Алены Паповай перад намі паўстаў своеасаблівы мантаж кавалкаў рамана, дзе фігуруе Сонечка, але ён так і не складваецца ў індывідуальную гісторыю. Аднак праблема гэтая выходзіць за межы прэтэнзій да аўтара інсцэніроўкі, бо такі персанаж, як Соня, па прыродзе сваёй не можа стаць галоўным героем! Бо калі казаць пра драматургію як пра форму канструявання сцэнічных сітуацый і характараў, адным з важных момантаў з'яўляецца паняцце развіцця вобраза. Прырода ж Сонечкі Мармеладавай, выпісаная Дастаеўскім, такая, што гераіня на працягу ўсёй дзеі не толькі не змяняецца, а ўяўляе з сябе магутную канстанту, якую прызнае нават Раскольнікаў./i/content/pi/cult/300/5077/pic_39.jpg

Калі казаць пра свет Дастаеўскага, то практычна кожны з акцёраў, занятых у спектаклі, стварыў сваіх герояў цікавымі, нехадульнымі, з уласнымі біяграфіямі і, што важна, з адчувальным унутраным цяплом да кожнага з іх. Сярод самых яркіх і тонкіх- Кацярына Іванаўна (Людміла Сідаркевіч), Мармеладаў (Андрэй Дабравольскі), Лебязятнікаў (Кірыл Навіцкі). Ды ўсё ж іхняе існаванне на сцэне ўяўляе з сябе своеасаблівыя "мона-спектаклі", якія распадаюцца на асобныя гісторыі і не заўсёды складваюцца ў агульны жыццёвы суплёт-клубок.

Сцэнічная гісторыя распачынаецца менавіта з забойства - замаху сякерай над працэнтшчыцай, у той час як для Дастаеўскага гэты ўчынак Раскольнікава- не пачатак новага жыцця, а наадварот- наступства. Тую самую першую спробу "забойства прынцыпу", пра які ён гаворыць у сваім маналогу. Бо Раскольнікаў у Дастаеўскага разважае зусім не пра маральнасць забойства, а пра тое, як чалавек можа стаць роўны Богу. І аўтар дае нам у ім амплітуду ад забойства да евангельскай па сваёй сутнасці літасці над распусніцай. І, па сутнасці, разгортвае перад намі схему маралітэ, у якім дабро павінна перамагчы зло. Але для гэтага і адно, і другое павінна з самага пачатку быць у чалавеку. У выкананні ж маладога акцёра Андрэя Бібікава Раскольнікаў уяўляе своеасаблівы "сімбіёз" Форэста Гампа і доктара Лектара: выканаўца ярка, эфектна і пранікнёна існуе ў сваіх "д'ябальскіх" праявах, аднак... практычна не адчувае "боскую" прыроду ўласнага персанажа.

Сур'ёзныя сумненні выклікае і мэтазгоднасць перагрупіроўкі матэрыялу Дастаеўскага вакол спробы стварэння на сцэне love story, што ўзнікае паміж Радзівонам і Сонечкай. Найперш таму, што Раскольнікаў у Соні бачыць зусім не дзяўчыну, а- яшчэ аднаго "паддоследнага трусіка", на якім можна праверыць уласную тэорыю. І сябе ва ўзаемаадносінах з ёй ён бачыць у ролі своеасаблів а г а д'ябласпакушальніка: а як яшчэ можна расцэньваць яго прапанову "прыйсці сёння" ноччу да дзяўчыны з жоўтым білетам, у той час, калі за сцяной ляжыць непахаванае цела ейнага бацькі? І калі Соня ў выкананні Наталлі Цвятковай ціха прамаўляе: "Толькі не сёння", яе клапоцяць нават не столькі ўласныя пачуцці, колькі - немагчымасць дапусціць тое, каб з яе ўдзелам адбылося маральнае падзенне таго, хто зусім нядаўна зрабіў у адносінах да яе і яе сям'і пасапраўднаму шчодры, высакародны акт. Па сутнасці, Раскольнікаў з'яўляецца своеасаблівым аватарам Доктара Фауста, які ў выніку першага эксперыменту ўсведамляе, што сам - ўсяго толькі "істота дрыжачая". Менавіта таму яму патрэбна Соня, якая ўвасабляе сабой той самы "прынцып", што Радзівон і намагаецца ўзламаць. Так, ён вельмі трапятліва ставіцца да яе, але, па евангельскай аналогіі, менавіта таму і падвяргае самым жорсткім выпрабаванням.

/i/content/pi/cult/300/5077/pic_41.jpgДумаецца, выбар Наталлі Цвятковай на ролю Сонечкі з'яўляецца надзвычай трапным і ўдалым, бо актрыса прадэманстравала, што ўмее на сцэне не толькі пакутаваць, але і проста - думаць. Але ж экспрэсіўны напор Раскольнікава-Бібікава не дае ў поўнай ступені разгарнуцца гэтай яе ціхмяна-ўдумлівай прыродзе. Між тым, акурат яна даволі дакладна адчувае і ўвасабляе той "прынцып", які так важны і Дастаеўскаму: "Бог ёсць любоў". І роўным Богу можна стаць не пераступіўшы праз маральныя запаветы, а толькі тады, калі ўсім жыццём тваім будзе кіраваць любоў. Не пажаднасць, і не каханне, а тая самая любоў, прыгажосць і ўзвышанасць якой і ўратуе свет. Менавіта таму ў фінале, калі Раскольнікаў у Дастаеўскага павінен пакаяцца, а персанаж на сцэне крычыць пра каханне да Соні, уся гісторыя, расказаная са сцэны, набывае прысмак банальнасці.

У праграмцы падаецца разгорнутая цытата Дастаеўскага пра пакутніцтва, пра тое, што чалавек не нараджаецца для шчасця, а заслугоўвае яго пакутамі. Але пры гэтым у цень адсоўваюць той самы рэцэпт па пераадоленні гэтага, які ў рамане дае аўтар. Акурат таму гіне Мармеладаў, страчвае розум Кацярына Іванаўна, страляецца Свідрыгайлаў: у іх жыцці няма любові, яна сышла, сказілася. І менавіта таму, трактуючы прыроду пакаяння Раскольнікава адно толькі каханнем, што ўзнікла да Соні, нівеліруецца гісторыя пра богападобную і богапрыродную любоў.

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА

На здымках: сцэны са спектакля.