Землякі: музычны код пакаленняў

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Да ХV З’езда кампазітараў Беларусі ў Гродне падрыхтаваны канцэртна-лекцыйны праект “Беларускія кампазітары — нашы землякі”. Аўтарам яго выступіла выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа і філіяла Акадэміі музыкі Святлана Калчанава — лаўрэат абласной прэміі імя А.Дубко ў намінацыі “Лепшы выкладчык 2007 года”.

/i/content/pi/cult/300/5074/pic_36.jpgГэта ўжо не першы праект С.Калчанавай, ажыццёўлены ў сценах Гродзенскага музычнага каледжа. Чацвёрты год запар яна праводзіць тэматычныя канцэрты-лекцыі, кожная з якіх становіцца падзеяй у жыцці горада. Гродна ўвогуле багатае на добрыя традыцыі. Яшчэ ў 1994-м тут была адноўлена Гродзенская музычная капэла, гістарычным прататыпам якой стала Каралеўская капэла Стэфана Баторыя - адна з найбуйнейшых на тэрыторыі тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага. Тут арганізавана і Асацыяцыя самадзейных кампазітараў Гродзеншчыны, ініцыятарам якой з'яўляецца член Беларускага саюза кампазітараў Віталь Радзівонаў, які ўжо выхаваў не адно пакаленне маладых творцаў, у тым ліку прафесіяналаў. Невыпадкова і адзіны ў Беларусі Міжнародны конкурс маладых кампазітараў імя Ю.Семянякі праводзіцца менавіта тут. Выхадцамі з Гродна з'яўляюцца многія знакамітыя музыканты і кампазітары, што і дало падставу для правядзення згаданага цыкла.

Першы з канцэртаў - "Адкрываючы музычную скарбонку Гродзеншчыны..." - ужо адбыўся. У ім была прадстаўлена гістарычная панарама жыцця Гродна розных эпох. У выкананні гітарнага ансамбля музычнага каледжа прагучала "Лютневая табулатура" Войцэха Длугарая, кампазітара мяжы ХVІ - ХVІІ стст., аднаго з прыдворных музыкантаў Стэфана Баторыя. Былі выкананы харавыя творы Юрыя Семянякі, які пэўны час працаваў у Гродне, а таксама музыка шматлікіх кампазітараў-аматараў, якая часта гучыць на разнастайных фестывалях, конкурсах, канцэртах і стварае арганічную частку сучаснай музычнай культуры горада. 15 снежня ў госці да нас завітаюць старшыня Праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Віктар Войцік і народны артыст краіны Леанід Захлеўны: яны стануць героямі чарговага канцэрта-лекцыі "Гарадзенскія "войты". У наступных канцэртах будзе гучаць музыка Уладзіміра Кандрусевіча, Валерыя Іванова, Мікалая Літвіна, Андрэя Бандарэнкі, Яўгена Паплаўскага, Аліны Безенсон, Канстанціна Яськова, Аляксандры Даньшовай і маладых творцаў - нядаўніх выпускнікоў Гродзенскага музычнага вучылішча (цяпер каледжа).

А колькі яшчэ ўраджэнцаў Гродна жыве і працуе ў замежжы! Той жа кампазітар Міхаіл Сендэр, пра якога нядаўна пісаў адзін з расійскіх часопісаў, стаў жыхаром Стакгольма. Ды ў нашай даўніне многія выхадцы з магнацкіх родаў раз'язджаліся па розных кутках Еўропы. Таму, трэба спадзявацца, праект, прысвечаны кампазітарам-землякам, будзе мець працяг.

Кацярына МІЛАЙ

 Гродна

На здымку: аркестр Гродзенскай музычнай капэлы.