“Зачараваныя жыццём”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Так называецца выстаўка, якая адкрылася 20 лістапада ў адной з залаў цэнтральнай часткі палаца Румянцавых і Паскевічаў. На ёй прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы сям’і мастакоў Ягоравых: Валянціна, Марыі, іхняга сына Ігара і нявесткі — Святланы Нячотнай. Гэтая незвычайная экспазіцыя прымеркавана да 75-годдзя з дня нараджэння вядомага гомельскага мастака Валянціна Серафімавіча Ягорава.

/i/content/pi/cult/300/5070/pic_28.jpgДзяцінства Валянціна Ягорава абпалена вайной: ён зведаў жах блакады Ленінграда, бамбёжкі, холад і голад, страту двух братоў... На Пулкаўскіх вышынях, абараняючы родны горад, загінуў ягоны бацька...

З 1946 года творца жыве ў Беларусі. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Настаўнікамі Ягорава былі цудоўныя педагогі В.Цвірка, А.Мазалёў, С.Герус, П.Любамудраў. Студэнцкую практыку праходзіў на Балтыйскім і Барэнцавым морах. Разам з маракамі плаваў на караблях і падводных лодках. Вынікам гэтых марскіх паходаў стаў дыпломны твор - серыя афортаў "За палярным кругам", якая экспанавалася на Усесаюзнай выстаўцы лепшых дыпломных работ у Маскве і Кіеве. Затым майстра стварае графічны трыпціх "На Жлобінскай фабрыцы штучнага футра".

У сучаснае мастацтва Ягораў увайшоў як графік, які працуе ў тэхніках афорта, літаграфіі, лінагравюры, акварэлі, але з часам ён праявіў сябе і ў жывапісе. Пейзажы і партрэты майстра ўражваюць паэтычнасцю і рамантычным пафасам. Вядомасць атрымалі ягоныя творы "Юнацтва", "Суровыя берагі", "Вечар на Палессі", "Бярозка", "Сяброўкі", "Сям'я мастака", "Бульба", "Зялёны свет". Эпічны размах пейзажаў "Чайкі над Сожам", "Пад белымі крыламі", "Ледаход" нараджае адчуванне захаплення вечнай прыгажосцю прыроды. Невыпадкова бясхмарнае неба - асноўны матыў творчасці Ягорава./i/content/pi/cult/300/5070/pic_26.jpg

Яшчэ пад час вучобы ў інстытуце Валянцін Серафімавіч сустрэўся з мастачкай, якая неўзабаве стала і жонкай, і сябрам. Сугучча іх светаадчування спрыяла таму, што гэты саюз стаў узорам ідэальных узаемаадносін мужчыны і жанчыны, прыкладам творчага сяброўства.

Марыя Карпаўна Ягорава, якая пайшла з жыцця тры гады таму, была выхаванкай Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, шмат працавала ў акварэлі. Вядомыя яе віртуозныя нацюрморты і насычаныя паводле колеравай гамы пейзажы-спевы, прысвечаныя Палессю.

/i/content/pi/cult/300/5070/pic_27.jpgАле галоўная тэма яе творчасці - дзіцячы свет. За свой творчы лёс мастачка стварыла сотні вобразаў хлопчыкаў і дзяўчынак - дапытлівых, летуценных, адухоўленых, добрых, шчырых. Радасныя і светлыя вобразы юнага пакалення ўвасоблены ёю ў работах "Юны Моцарт", "Скрыпач", "Флейтыст", "Дударык", "Алёшка", "Дзяўчынка ў зімовай шапачцы" і шматлікіх іншых.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама работы мінскіх жывапісцаў Ігара Ягорава і яго жонкі Святланы Нячотнай. Выкананыя ў рэалістычнай манеры работы Святланы вылучае вытанчаная лаканічнасць, урачыстасць і тонка выяўленае асабістае пачуццё. Ігар больш адважны ў пабудове кампазіцый: рэалістычна выпісаныя ім прадметы нацюрморта не "прывязаны" да пэўнага сэнсавага фону - у кантэксце нейкіх згусткаў энергіі яны паўстаюць як аб'екты, якія "жывуць" самастойна.

Алег АНАНЬЕЎ, мастацтвазнаўца

Гомель