Да лютага засталося…

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Ганаровым госцем XVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу будзе Германія.

Па словах начальніка ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алены Паўлавай, з краінай наладжаны даўнія сувязі, і беларускія выдавецтвы запрошаны на дзве буйныя нямецкія выстаўкі-кірмашы ў наступным годзе.

Адна з гэтых выставак, на якой Беларусь яшчэ не была прадстаўлена, праходзіць у сакавіку ў Лейпцыгу. Сёлета яе наведала 156 тысяч чалавек, а прадстаўлена было больш за 2000 выдавецтваў. А вось на Міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш у Франкфурце-на-Майне, якая лічыцца найбуйнейшай у свеце, беларускія кнігавыдаўцы прыязджаюць цягам ужо амаль пятнаццаці гадоў. Апошнім разам тут сабралася 7300 удзельнікаў са ста краін свету, а колькасць наведвальнікаў наблізілася да 300 000 чалавек. У шматлікіх мерапрыемствах пад час экспазіцыі закранаюцца пытанні крэатыўнага кантэнту, электронных публікацый, фільмаў і СМІ, аўтарскіх правоў і патэнтаў. Таму і гэтым разам айчынныя выдаўцы будуць з цікавасцю да яе рыхтавацца.

У лютым нашы выдавецтвы трапяць на кніжную выстаўку ў Вільнюсе, праз два месяцы наведаюць Санкт-Пецярбургскі кніжны салон, а дзіцячыя выданні пакажуць у сталіцы Малдовы. Пасля- экспазіцыі ў Варшаве, Кіеве, Маскве, гарадах Туркменістана і Азербайджана. Нацыянальная выстаўка Беларусі плануецца на VIII Міжнародным конкурсе "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц СНД.