Снежаньская класіка

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

З аншлагам праходзяць усе канцэрты XXII Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салярцінскага.

Як адзначыла мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ, публіка іх наведвае пастаянная і падрыхтаваная. Праграма форуму ў параўнанні з мінулымі гадамі пашырылася і ўключае разнажанравыя творы, якія падабаюцца ўсім катэгорыям гледачоў. Па словах начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, творчая атмасфера горада з кожным годам прыцягвае ўсё больш выканаўцаў з блізкага і далёкага замежжа. Упершыню на сцэне філармоніі сустрэліся балет і фартэпіянныя мелодыі.

Фестываль прадставіў новыя імёны: адбыліся выступленні маладых выканаўцаў з Венесуэлы, якія вучацца ў Парыжскай акадэміі музыкі. Па словах Нэлі Мацаберыдзэ, пад час форуму прайшлі навуковыя чытанні, якія сабралі слухачоў і творцаў у Арт-цэнтры Марка Шагала. Адбыўся сапраўдны дыялог на тэму культуры нашага стагоддзя, абмен меркаваннямі.

Ансамбль "Класік-Авангард" са сталіцы Беларусі, які стаіць ля вытокаў форуму, аддасць даніну павагі Шапэну: ён выступіць 12 - 13 снежня з аркестравай музыкай кампазітара, што выконваецца ў музычным свеце даволі рэдка.

Кіраваць Сімфанічным аркестрам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра на адным з канцэртаў фестывалю імя І.Салярцінскага будзе дырыжор з Францыі Рыгор Панцеляйчук, а саліраваць - лаўрэат міжнародных конкурсаў з Украіны Дзмітрый Найдзіч. Завершыцца форум выступленнем французскага музыканта Эдуарда Аганесяна.