Аўтографы на CD

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Чарговы выставачны праект распачаўся днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Ён быў прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння філолага-славіста, заснавальніка айчыннага навуковага мовазнаўства, акадэміка Яўхіма Карскага.

У экспазіцыю выстаўкі ўвайшлі ўнікальныя выданні з асабістага кніжнага збору акадэміка, які з 1922 года захоўваецца асобнай калекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы. Яна налічвае каля 2,5 тысячы экзэмпляраў.

У той жа час, асабісты архіў Карскага захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскім філіяле архіва Расійскай акадэміі навук, які прадставіў на выстаўку копіі ўнікальных дакументаў. Дзякуючы супрацоўніцтву з айчыннымі архіўнымі ўстановамі ў праекце прадстаўлены раней не вядомыя дакументы, у тым ліку кліравыя ведамасці са звесткамі пра бацьку акадэміка - святара Ф.Навіцкага, сям'ю святара М.Сцепуржынскага і ягоную дачку Сафію, будучую жонку Я.Карскага, праграмы лекцый акадэміка па беларускай мове і літаратуры...

Пад час адкрыцця выстаўкі адбылася і прэзентацыя аднайменнага электроннага выдання, якое ўключае біяграфічны нарыс, дакументы з беларускіх архіваў, каталог кніг з аўтографамі, лічбавыя копіі асобных выданняў вучонага. Праўнук акадэміка А.А. Карскі падрыхтаваў для дыска бібліяграфію навуковых работ і літаратуру пра свайго знакамітага продка.  

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"