Перавесці “mf” у “dk”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Электроннае “сэрца” Музейнага фонду

/i/content/pi/cult/300/5062/pic_17.jpgНе так часта, нават у журналіста, з'яўляецца магчымасць трапіць у святую святых любога музея - яго фонды, даступныя толькі для вузкага кола навукоўцаў і, канешне ж, для саміх музейшчыкаў. Таму тым, хто не хоча абмяжоўвацца экспазіцыямі і выстаўкамі, будзе цікава завітаць у фонды айчынных скарбніц... віртуальна, асабліва калі яны сабраны па адным адрасе web-прасторы. Карэспандэнт "К" адным з першых атрымаў магчымасць зазірнуць у самае "сэрца" айчынных музейных фондаў, якое "месціцца" ў Дзяржаўным каталогу Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і ўжо мае сваё прадстаўніцтва ў Інтэрнэце па адрасе http://dkmf.by.

 

Кабінет для сервера

Цэнтр Дзяржаўнага каталога сёння займае ўсяго два невялікія пакойчыкі ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея краіны. У адным з іх размясціўся рабочы кабінет трох супрацоўнікаў Цэнтра, у другім - сервер, куды і трапляе інфармацыя пра музейныя прадметы з усёй краіны.

Паспрабуем разам з кіраўніком праекта, намеснікам дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Вольгай Мірончык прасачыць за віртуальным шляхам гэтых прадметаў з рэальнага музейнага сховішча да не менш рэальнага сервера. На момант нашага наведання базы Дзяржкаталога там захоўвалася інфармацыя пра 121 прадмет з усяго двух музеяў - Нацыянальнага мастацкага і Нацыянальнага гістарычнага.

Як распавяла Вольга Мірончык, у кожнай установе прадметы апісваюцца згодна з адпаведнай інструкцыяй, а таксама - з даведнікамі, якія распрацоўваюцца пры непасрэдным удзеле саміх музейшчыкаў. Яшчэ летась, калі праца па стварэнні Дзяржкаталога толькі пачыналася, выявілася агромністая патрэба ў стварэнні ўніфікаваных слоўнікаў, што мусілі б дапамагчы ў справе паўнавартаснага ўключэння скарбаў у Дзяржаўны рэестр. Усяго за некалькі месяцаў працы кніга, якая змяшчае ўніфікаваную інфармацыю пра такія характарыстыкі прадмета, як матэрыял, з якога ён зроблены, тэхніка яго вырабу ды іншыя крытэрыі, у выглядзе іерархічнага слоўніка на беларускай і рускай мовах, была не толькі распрацавана, але ўжо паспела пабачыць свет і трапіла ў самі музеі.

 

Ноч у музеі

Калі праца па апісанні прадмета завершана, /i/content/pi/cult/300/5062/pic_20.jpgзроблены лічбавы фотаздымак, надыходзіць час ажыццявіць яго перадачу з музея ў Дзяржаўны каталог, для чаго ў адпаведнай праграме варта ўсяго толькі паставіць птушачку "Перадаць у дзяржаўны каталог" насупраць файла з анатацыяй.

Як адзначыла Вольга Мірончык, стваральнікі распрацавалі схему перадачы інфармацыі, згодна з якой прыём файлаў сервер каталога ажыццяўляе толькі ўначы. Гэта, найперш, зроблена з мэтай абароны яго ад перагрузак. Да прыкладу, за ноч напярэдадні майго наведання Цэнтра на сервер паступіла інфармацыя пра 25 прадметаў.

Пасля таго, як файл быў атрыманы, распачынаецца праца па яго вывучэнні. Кожнаму прадмету прысвойваецца свой, унікальны, нумар. І калі заўважаецца нейкая памылка, рэдагуецца тэкст файла. Магчыма, у будучым на гэтым этапе на кожнай ілюстрацыі будзе змяшчацца лагатып Дзяржкаталога ці вадзяныя знакі: гэта дазволіць вырашыць магчымую праблему з несанкцыянаваным капіраваннем фотаздымкаў і іх камерцыйным выкарыстаннем.

Для таго, каб атрыманыя з музеяў прадметы пасля рэдагавання выставіць на верхні ўзровень, або, інакш кажучы, - на сайт Дзяржкаталога, распрацавана сістэма фільтрацыі. Бо некаторыя даныя (найперш - тэхнічную інфармацыю і звесткі, што могуць "паспрыяць" злачынцам) няма патрэбы адлюстроўваць на даступным для ўсіх карыстальнікаў Сусветнага павуціння сайце. А вось доступ да пошуку па "службовым" каталогу Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь атрымае не толькі Міністэрства культуры, але і іншыя дзяржструктуры: КДБ, МУС і, найперш, Дзяржаўны пагранічны камітэт нашай краіны.

 

Знайсці сярод мільёнаў

/i/content/pi/cult/300/5062/pic_21.jpgТолькі пасля ўсёй "чарнавой" працы інфармацыя пра пэўны музейны прадмет атрымлівае доступ да шырокай грамадскасці: змяшчаецца на сайце Дзяржкаталога, дызайн якога распрацаваны намаганнямі ўсё тых жа работнікаў Цэнтра. На сённяшні момант на інтэрнэт-партале прадстаўлены 21 прадмет.

А пакуль можна паспрабаваць ажыццявіць пошук, так бы мовіць, тэставы па каталогу па адной з катэгорый. Дастаткова ведаць прадметнае імя, матэрыял, з якога створаны прадмет, або музей, дзе ён мусіць знаходзіцца. Не лішнім будзе і інфармацыя пра аўтара. Магчыма, пазней карыстальнікі атрымаюць магчымасць самастойна ўводзіць параметры пошуку, у тым ліку і назву.

Вядома, у працэсе карыстання выяўляюцца пэўныя памылкі ў апісанні прадметаў. І калі такая хіба будзе знойдзена, адміністратар сайта, без асаблівых цяжкасцей, аператыўна выправіць усе недакладнасці ў апісанні. Пераканацца ў гэтым давялося і пад час наведання Цэнтра. Пры нашай праверцы аднаго з прадметаў выявілася "нястача": у яго апісанні на рускай і англійскай мовах былі незапоўненыя палі, што літаральна за хвіліну выправілі.

Але калі музей дае недастаткова поўную інфармацыю, супрацоўнікі Дзяржкаталога не маюць права нешта дадаваць ад сябе. З падобнай праблемай работнікі Цэнтра неаднаразова сутыкаліся. Да прыкладу, музеі часам не пазначаюць дату стварэння пэўнага прадмета. Пры гэтым ёсць верагоднасць, што дата альбо не вызначана, альбо адбылася памылка. І адзінае, што можа Цэнтр Дзяржкаталога, - гэта звярнуцца непасрэдна ў музей з просьбай удакладніць апісанне.

 

Нюансы перакладу

У адрозненне ад большасці замежных аналагічных п/i/content/pi/cult/300/5062/pic_19.jpgраектаў уся інфармацыя на сайце Дзяржкаталога даступная на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Пры гэтым кожны музей рыхтуе інфармацыю толькі на адной, і задача Цэнтра - перакласці яе на дзве астатнія.

Што даводзіцца для гэтага рабіць? Найперш, каб не было блытаніны пры перакладзе, неабходна ўніфікаваць усе тэрміны, імёны, апісанні. Цяпер, непасрэдна Вольгай Мірончык, вядзецца трохмоўны слоўнік. Як толькі нейкі тэрмін упершыню выкарыстоўваецца на сайце, ён адразу ж заносіцца ў спецыяльны тэзаўрус. Да таго ж, гэта яшчэ і дадатковая эканомія часу. Каб апрацаваць усяго адзін прадмет, патрабуецца не менш за паўгадзіны, ды і толькі тады, калі не ўзнікае пытанняў з перакладам. Кіраўнік Цэнтра расказала, што досыць часта даводзіцца сутыкацца з цяжкасцямі перакладу назваў прадметаў рэлігійнага ўжытку. Як, напрыклад, перакласці на англійскую найменне іконы "Не рыдай мяне маці"? Узнікаюць пытанні і з уласнымі імёнамі. Вось, да прыкладу, бюст Сары Бернар: спатрэбілася зазірнуць не ў адзін слоўнік, каб вызначыць правільнае напісанне. І што самае цікавае - выявіліся два варыянты.

 

"Канвертацыя" скарбаў

/i/content/pi/cult/300/5062/pic_18.jpgАле калі Цэнтр Дзяржкаталога сутыкаецца пераважна з нюансамі перакладу, то айчынныя музеі маюць значна больш клопатаў. Пакуль толькі два са 151 маюць магчымасць перадаваць інфармацыю на сервер. У астатніх сёння няма тэхнічнай магчымасці ажыццяўляць гэты працэс, для якога, у першую чаргу, патрэбна набыць спецыяльную праграму. Па словах Вольгі Мірончык, выдатна падрыхтавана база ў Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Янкі Купалы, але без праграмы ўключэнне ў каталог не адбудзецца.

Ды і з набыццём новай "Аўтаматызаванай музейнай сістэмы" ўсе праблемы з уключэннем у каталог не вырашацца. Узнікае пытанне перавядзення ўжо створаных апісанняў прадметаў у новы фармат, правядзення своеасаблівай рэвізіі кожнага прадмета. І тое, зразумела, не робіцца за адзін-два дні. Да таго ж, новая праграма патрабуе і больш сучаснай камп'ютарнай тэхнікі, хуткаснага доступу ў Інтэрнэт. Пакуль жа рэгіянальныя музеі імкнуцца знайсці выхад са складанага становішча, у пераважнай большасці - самастойна.

Па словах дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Паўла Ждановіча, у вобласці распрацавана галіновая праграма, якой, сярод іншага, прадугледжваецца цэнтралізаванае набыццё за бюджэтныя сродкі камплекту камп'ютарнага абсталявання, антывіруснага праграмнага забеспячэння, а таксама АМС-5 для ўсіх музеяў рэгіёна. На бліжэйшай сесіі абласнога Савета дэпутатаў гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца, і ёсць спадзяванні, што ўжо налета музеі змогуць перадаваць даныя на сервер Дзяржкаталога.

Галоўны захавальнік фондаў Лепельскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Шлег кажа, што пакуль праца вядзецца з выкарыстаннем старога праграмнага прадукту. Тым не менш, паступова ўсе прадметы, у тым ліку з новых паступленняў, каталагізуюцца. Сродкаў жа, каб набыць цяпер АМС-5, па словах Таццяны Шлег, установа не мае.

Варта прыгадаць і шэраг прыватных музеяў, калекцыі якіх таксама неабходна прадставіць у Дзяржкаталогу. З іх у Цэнтр пакуль ніякіх зваротаў не было, у адрозненне ад так званых ведамасных. У прыватнасці, нядаўна АМС-5 набыў Музей гісторыі медыцыны, які плануе ў 2011 годзе скончыць працэс канвертацыі і наладзіць перадачу інфармацыі на сервер.

 

 Гігабайты для цікавых ідэй

Уяўляецца, што праз колькі гадоў Дзяржаўны каталог стане сапраўднай скарбніцай музейных фондаў. Адпаведна, будуць ажыццяўляцца разнастайныя праекты па папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцей.

У планах - тэматычныя віртуальныя выстаўкі, якія змогуць прадэманстраваць усю паўнату калекцый у кантэксце музейных скарбаў усёй краіны. У перспектыве будзе ставіцца пытанне і пра выпуск тэматычных каталогаў на кампакт-дысках. Таксама Цэнтрам прадугледжваецца правядзенне on-line-канферэнцый, семінараў, прэзентацый і - найперш - электронных публікацый. Тым больш, аб'ём сайта дазваляе ажыццявіць задуманае і пры гэтым прыняць усе запланаваныя музейныя прадметы.

Сёння ў Цэнтры Дзяржкаталога працуе ўсяго тры творчыя адзінкі і інжынер-праграміст, які займаецца абслугоўваннем тэхнікі. А таму відавочная праблема ў пашырэнні штатнага складу. Па словах Вольгі Мірончык, паводле першапачатковага рашэння калегіі Міністэрства культуры, ён мусіць складацца з колькасці 12 адзінак. Зразумела, з павелічэннем ліку супрацоўнікаў з'явіцца патрэба і ў новых памяшканнях. А таму Цэнтр Дзяржкаталога ў 2012 годзе плануе размясціцца ў новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея па вуліцы Фрунзэ.

На здымках: такія электронныя карткі займее ў бліжэйшай будучыні кожны каштоўны музейны прадмет.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"