Дзмітрый ЖУК, генеральны дырэктар РУП “Беларускае тэлеграфнае агенцтва”: “Сучасная, самастойная краіна, у якой хочацца жыць”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Першы раздзел “Беларусі, якая стварае” — “Культура і мастацтва”

/i/content/pi/cult/300/5058/pic_7.jpgДва вялізныя тамы, пад 600 старонак у кожным, каля 3000 здымкаў больш чым 260 аб'ектаў нашай сучаснай незалежнай краіны... Фотаальбом Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Беларусь, якая стварае" ("Беларусь созидающая") аднымі з першых пабачылі дэлегаты IV Усебеларускага народнага сходу. Дарэчы, выхад унікальнага выдання пад час усенароднага веча быў адзначаны Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

У сераду ўжо жыхары Гомеля маглі ацаніць якасці новага праекта БелТА, які на мінулым тыдні прэзентавалі ў Палацы Рэспублікі: адкрыццё выстаўкі фотаздымкаў з альбома адбылося ў Гомельскім грамадска-культурным цэнтры. У невялічкай паўзе паміж новымі паездкамі і справамі карэспандэнту "К" удалося ўзяць эксклюзіўнае інтэрв'ю ў кіраўніка праекта "Беларусь, якая стварае", генеральнага дырэктара БелТА Дзмітрыя ЖУКА. 

- Дзмітрый Аляксандравіч, як нарадзілася ідэя фотаальбома?

- Ідэя належыць Кіраўніку дзяржавы. Неяк на адной з нарад ён прапанаваў: няблага было б усё, што зроблена за гэты час, сабраць пад адной вокладкай. Адбылося тое прыкладна год таму, і мы ўсё баяліся падступіцца да здзяйснення прапанаванай задумкі. А потым рашыліся: падумалі, ну хто, калі не мы, гэта зробіць, у каго ёсць усе фотаархівы найноўшай гісторыі? І так паціху ўцягнуліся ў праект. Мелі пэўныя перасцярогі, маўляў, будзе складана працаваць, а ў выніку высветлілася: самае складанае - вызначыцца з тымі аб'ектамі, якія трапяць у кнігу. Бо ў краіне за гэты час зроблена столькі і прыгожага, і карыснага для людзей, што выбіраць з гэтага- справа проста няўдзячная.

Паглядзіце, усё важна: і нашы новыя будынкі - Нацыянальная бібліятэка Беларусі, "Мінск-Арэна", чыгуначны вакзал у сталіцы, Палац Рэспублікі, адрэстаўраваныя Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Мірскі замак, Палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, - і, у той жа час, дзясяткі новых бальніц, паліклінік, школ, якія адкрыліся за апошнія 10 - 15 гадоў,- як пакінуць іх без увагі? Як не адлюстраваць Дзяржпраграму адраджэння і развіцця сяла? Або стварэнне нашага камбайна? Ці адкрыццё двух нашых новых універсітэтаў - у Пінску і ў Баранавічах? Усё важна, і мы імкнуліся надаць увагу кожнай прыярытэтнай галіне развіцця краіны.

- Вы імкнуліся стварыць хроніку здзяйсненняў?

 - Гэта не хроніка, а, хутчэй, справаздача аб зробленым. Мы кіраваліся не храналагічным прынцыпам пабудовы кнігі, а стварылі адмысловыя раздзелы: "Культура і мастацтва", "Рэлігія", "Прамысловасць", "Адукацыя", "Спорт", у якіх імкнуліся распавесці, паказаць людзям, што адбываецца, што ўжо ёсць у нашай краіне ў адпаведнай галіне. Ведаеце, часам здараецца: чалавек, які жыве, да прыкладу, у Гомелі, наўрад ці ведае аб зробленым на Віцебшчыне, Брэстчыне, а фотаальбом дазваляе дазнацца пра здзяйсненні ва ўсіх абласцях. Безумоўна, у першую чаргу кніга будзе карысная для нашай моладзі, якой сёння па 19 - 20 гадоў. Адзначу: "Беларусь, якая ствараецца" трапіла ва ўсе бібліятэкі нашых вышэйшых навучальных устаноў. Сёння паглядзець фотаальбом зможа ўсё айчыннае студэнцтва.

- Адзін з самых буйных раздзелаў кнігі - /i/content/pi/cult/300/5058/pic_6.jpg"Культура і мастацтва": ён адкрывае двухтомнік і налічвае 126 старонак. Якія аб'екты трапілі ў гэты блок?

 - Мы зрабілі акцэнт на самых вядомых пабудовах, будынках і аб'ектах галіны. Гэта і віцебскі Летні амфітэатр, і, безумоўна, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Мірскі замак, Палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, той жа гонар Гомеля - палац Румянцавых і Паскевічаў, - помнікі, якія ведаюць усе ў краіне, і тыя, што мо і не заўжды на слыху, але іх варта наведаць: палац у Пружанах, палац Пацёмкіна ў Крычаве... Аб'ектаў вельмі шмат, кожны з іх мусіў быць прадстаўлены найлепшым чынам.

- Ці была спакуса збочыць з "магістралі" прэзентацыі галоўных аб'ектаў і падрабязней паказаць тыя помнікі, гістарычныя будынкі, што мала вядомыя сучаснаму гледачу?..

- Хачу падкрэсліць: наш фотаальбом разлічаны не толькі на беларускага чытача, але і на замежнага. Невыпадкова каталог быў выдадзены на дзвюх мовах: рускай і англійскай. Таму мы вырашылі спыніцца на тым, каб у асноўным паказаць вядомае, лепшае, адноўленае, адрэстаўраванае, каб прывабіць як беларускіх, так і замежных сучаснікаў да нашай гістарычнай спадчыны.

- Цікава, колькі фотаздымкаў было вамі прагледжана пад час працы, Дзмітрый Аляксандравіч? Колькі часу, увогуле, ваш калектыў працаваў над гэтым праектам? Чыю работу вы асабліва маглі б вылучыць?

- У кніжцы засталося прыкладна каля 2700 фотаздымкаў, а перагледжана было ў тры, нават у чатыры разы больш. Штосьці даводзілася нават пераздымаць, зноў і зноў адпраўлялі карэспандэнтаў на месцы, каб атрымаць патрэбны нам ракурс, эмоцыю. Працавалі над фотаальбомам з сакавіка месяца, і гэта зусім малы тэрмін для такога аб'ёму працы. Калі б не вялікая каманда БелТА- не справіліся б. Таму нават і вылучыць кагосьці цяжка: усе - малайцы! Гэта і фотакарэспандэнты, чыё майстэрства цяпер могуць ацаніць мільёны, і дызайнеры, і рэдактары нашага выдавецтва, і людзі, якія працавалі з фотаархівам (у кнізе шмат здымкаў з фотатэкі), і перакладчыкі... Увесь калектыў складае 30 чалавек.

/i/content/pi/cult/300/5058/pic_8.jpg- Які далейшы лёс фотаальбома? Прыемна, што Кіраўнік дзяржавы адзначыў выхад вашага выдання на ІV Усебеларускім народным сходзе.

- У бліжэйшы час запланаваны прэзентацыі "Беларусі, якая стварае" ў абласцях краіны. Больш за тысячу экзэмпляраў мы аддалі ў бібліятэкі ВНУ, як я ўжо казаў. Аднак, згодны, наклад у 5000 асобнікаў- гэта не так ужо і шмат. Але будзе попыт- будзе і прапанова. Усё ж не трэба забываць, што выданне фотаальбома такога кшталту - не таннае. Лёс кнігі можа быць і такі: праз некалькі гадоў дадаць у яе фотаздымкі новых здзяйсненняў, дапрацаваць і выпусціць выданне новым накладам. Варыянты ёсць.

- Вы перагледзелі некалькі тысяч фотаздымкаў, кіравалі працай калектыву пад час стварэння фотаальбома. Якой Беларусь паўстала ў выніку перад вамі? Якой вы яе бачыце?

 - Хачу заўважыць, што як кіраўнік БелТА, ў дзень я праглядваю больш за сотню фота, таму вялікіх адкрыццяў пад час працы над каталогам у мяне не адбылося. Гэта тое, што паўсядзённа адбываецца ў нашай краіне, усе цуды, якія здзяйсняюцца кожны дзень. А калі казаць пра асабістыя ўражанні, то Беларусь для мяне - краіна родная. Сучасная, самастойная краіна, у якой хочацца жыць. І нават у тым, што мы паказалі, нашых заслуг няма: гэта тое, што зрабілі беларускія людзі, беларускі народ, ствараючы нашу дзяржаву.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"