Форум: уражанні ад падзеі

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г


Аляксандр ЯФРЭМАЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кінарэжысёр:

- У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асноўная маса фільмаў, якія сёння здымаюць беларускія кінематаграфісты, не адлюстроўвае нашу сучаснасць - тыя працэсы, што адбываюцца ў эканоміцы, палітыцы, сацыяльным жыцці...

- Любы час патрабуе свайго асэнсавання. У мастацтве адзін са шляхоў гэтага - пошукі героя, адпаведнага часу. Але гэта надзвычай няпростая задача, і ва ўсе часы мала каму ўдавалася па-сапраўднаму знайсці яго. Убачыць, адшукаць такога героя для дня сённяшняга - вось тая задача, якую, перакананы, ставіць перад сабой кожны сур'ёзны творца. Знойдуцца такія героі - з'явяцца новыя цікавыя творы.

- А дзе сваіх герояў шукаеце вы як кінарэжысёр?

- Найперш - у тых карцінах, якія здымаю. Тры мае апошнія стужкі - пра вайну. А перад гэтым быў фільм "Рыфмуецца з любоўю", дзе рэальным прататыпам была наша прафесар Алейнікава з Дзіцячага анкагематалагічнага цэнтра. Так было ва ўсе часы: пісаць пра сучаснасць цяжэй, чым пра мінулае або нават будучае. У мастацтве мала што бывае лёгка. Таму чакаць, што геніяльныя творы будуць нараджацца па замове, наўрад ці варта. Для нас яны, часцей за ўсё, з'яўляюцца як нечаканая, непрадказальная радасць. Хацелася б, каб гэтых радасцей было больш. Дзеля гэтага трэба працаваць! Аддана, бескампрамісна і- прафесійна. Гэты "рэцэпт", дарэчы, агучыў і Прэзідэнт. І не толькі для дзеячаў культуры. 

 

Уладзімір ЗІНКЕВІЧ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

- Ісці ў нагу са сваім народам і ўзбагачаць нацыянальную культуру яркімі творамі мастацтва - вось тыя задачы, якія, перакананы, мусіць ставіць перад сабой кожны сапраўдны мастак. Гэта вельмі важная місія, таму што сёння нам проста неабходна акрыліць чалавека, даць яму магчымасць паглядзець на свет іншымі вачыма, убачыць яго востра і ўсебакова. І, я лічу, гэта - задача не толькі мастацтва, але і адзін з вектараў культурнай палітыкі нашай дзяржавы сёння: зрабіць чалавека актыўным, цікавым, каб ён, у сваю чаргу, фарміраваў вакол сябе творчае і цікавае асяроддзе.  

 

Галіна ГАРЭЛІК, дырэктар Івацэвіцкай ЦБС:

- Я адчула далучанасць да важнай агульнадзяржаўнай справы далейшага ўмацавання дабрабыту краіны. Яшчэ раз пераканалася: наш лёс - у нашых руках. Не чакала, што дэлегатам на гэты важны форум абяруць менавіта мяне. Адчуваю пашану і адказнасць. Пачула на Сходзе і пра сферу культуры, пра перспектывы яе далейшага развіцця. Надта парадавала, што яшчэ больш жылля з'явіцца для нашай моладзі. Значыць, больш маладых спецыялістаў будзе і ў Івацэвіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме. Усё гэта - вялізны плюс нашай рэгіянальнай культуры. Увачавідкі пераконваюся ў словах Кіраўніка дзяржавы аб тым, што беларуская вёска якасна змяніла аблічча, і працэс гэты будзе доўжыцца. Дарэчы, сёння ў вёсцы Мілейкі нашага раёна адкрываецца новы сельскі Дом культуры, рэканструяваны з былога дзіцячага садка. У СДК месціцца і новая бібліятэка, плошчы ды магчымасці якой значна павялічыліся. Праграма развіцця краіны, агучаная на Усебеларускім народным сходзе, будзе годна, упэўнена рэалізоўвацца.  

 

Барыс СВЯТЛОЎ, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

- Прэзідэнт у сваім выступленні адзначыў, што будучае нашай краіны сёння актыўна ствараецца і фарміруецца ў айчынных ВНУ. Мне як рэктару Універсітэта культуры і мастацтваў было прыемна і важна гэта пачуць. На сённяшні дзень наш універсітэт - вядучая ВНУ ў галіне, штогод мы выпускаем велізарную колькасць спецыялістаў па розных спецыяльнасцях. Так за гады свайго існавання (а нам сёлета споўнілася 35) з нашых сцен выйшла прыкладна 20 тысяч чалавек, якія працуюць сёння ва ўстановах культуры і мастацтва па ўсёй Беларусі! І, канешне ж, вельмі актуальны тэзіс Прэзідэнта аб тым, што ў будучай пяцігодцы неабходна павышаць якасць, у тым ліку, адукацыі, падрыхтоўкі нашых спецыялістаў. Гэта тое, што я ўзяў сабе на ўзбраенне, і тое, што абавязкова буду выконваць.

- Як стратэгічна падыдзеце да гэтай задачы?

- Гэта будзе і адкрыццё новых спецыяльнасцей, і паглыбленне, паляпшэнне тых форм навучання, якія існуюць на сённяшні дзень.