Як Скандэрбег скраў князёўну

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Няўдалая авантура Пане Каханку

/i/content/pi/cult/299/5051/14-2.jpg

Айчынная мінуўшчына багатая на таямнічыя эпізоды і сапраўдныя дэтэктыўныя гісторыі, разабрацца ў якіх бывае складана і праз некалькі стагоддзяў. Як ужо паведамляла "К", у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры ў бліжэйшы час адбудзецца пастаноўка мюзікла "Блакітная камея". Будучы спектакль звязаны з нашай краінай не толькі айчыннымі выканаўцамі галоўных роляў, але і самім сюжэтам.

Таемная перапіска з Радзівілам

Пад прозвішчам Тараканава ў расійскай гісторыі засведчаны дзве асобы. Першая - Аўгуста Цімафееўна - нарадзілася, як мяркуецца, у 1744 годзе, ад няроўнага шлюбу імператрыцы Лізаветы Пятроўны з Аляксеем Разумоўскім, і выхоўвалася за мяжой. Яе прымусова прывезлі ў Расію і памясцілі ў Іванаўскі манастыр, дзе тая была пастрыжана ў манашкі пад імем Дасіфея. Там князёўна прабыла да сваёй смерці ў 1810-м.

Была і другая Тараканава, якая таксама выдавала сябе за дачку імператрыцы Лізаветы і Разумоўскага. Паходжанне яе - нявысветлена. Адукаваная, кемлівая, яна валодала не толькі шматлікімі мовамі, але і незвычайнай прыгажосцю і абаяльнасцю, дзякуючы чаму скарыла ці не ўсю Еўропу.

Як сведчаць гісторыкі, пачынаючы з 1772 года князь Карл Станіслаў Радзівіл, больш вядомы пад мянушкай Пане Каханку, распачаў закулісныя інтрыгі пры Версальскім двары, спрабуючы схіліць Францыю аказаць дапамогу супраць імператрыцы Кацярыны ІІ і караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Праз два гады ад пачатку таемнай "аперацыі" княёўна Тараканава сустрэлася з Радзівілам у Цвейбрукене, пасля чаго паміж імі завязалася працяглая перапіска, і ў выніку быў выпрацаваны план сумесных дзеянняў.

У пачатку 1774 года пад уплывам магната Браніцкага, што меў прыяцельскія стасункі з Карлам Станіславам Радзівілам, яна аб'явіла сябе дачкой Лізаветы Пятроўны, сястрой Пугачова і, адпаведна, прэтэндэнткай на рускі прастол. У пошуках сваёй "спадчыны" яна нават перабралася на поўдзень Расіі. Адтуль яна рассылала свае "маніфесцікі" многім вядомым асобам.

 У сувязі з пэўнай небяспекай яе далейшага знаходжання на тэрыторыі Расіі былі прыняты меры аб тэрміновым вяртанні князёўны на Захад. Такую місію ўзялі на сябе Радзівілы і ўсклалі яе выкананне на яшчэ адну дзейную асобу ў гэтай гісторыі - нашага земляка Венедыкта Булгарына, бацькі вядомага ў ХІХ ст. пісьменніка Фадзея Булгарына.

Шляхам з Сібіры на Балканы

 Род Булгарыных, паводле некаторых архіўных крыніц, узыходзіць да часоў нацыянальнага героя Албаніі Георгу Кастрыоцы Скандэрбега (XV ст.). Пра гэта нагадвае допіс яго беларускага прадстаўніка Фадзея ў радаводнай кнізе Мінскай губерні: "Калежскі асэсар з князёў Булгарыных Фадзей Скандэрбег фон Булгарын". Ён жа ўдакладняе паходжанне роду Булгарыных ад Северскага чашніка ВасіляМіхаіла Рыгорава Булгарына.

Продак Булгарыных Ісмаіл - напаўтурак албанскага паходжання - з'явіўся ў нашых краях у часы Вялікага Княства Літоўскага і атрымаў 100 дзесяцін зямлі ў Слуцкім павеце. Два пакаленні гэтага роду займаліся земляробствам, але яно не прынесла ім жаданага дастатку./i/content/pi/cult/299/5051/14-1.jpg

Венедыкт Булгарын да нараджэння сына быў мазырскім харунжым, ваенным камісарам Навагрудскага ваяводства. Пазней ён служыў ляснічым у старшыні Слуцкага дваранскага сходу А.Непалойчыцкага, потым перайшоў да магнатаў Радзівілаў, з якімі ў 1774 годзе, па прыкладзе сваіх гаспадароў, перайшоў у каталіцтва, чым выклікаў на сябе вялікую ганьбу ад мясцовага насельніцтва ўсяго Слуцкага павета, што спрадвеку лічыўся аплотам праваслаўя.

Пасля забойства генерала Волкава, які кватараваў у ягоным доме, Венедыкт Булгарын быў сасланы на вечнае пасяленне ў Сібір, але здолеў адтуль уцячы і потым аб'явіўся ў Еўропе, дзе выконваў даручэнне князя Станіслава Радзівіла аб выкраданні князёўны Тараканавай. Даручэнне ён выканаў паспяхова і схаваў яе ў сваіх албанскіх родзічаў. З Албаніі бацька будучага пісьменніка вывез прэтэндэнтку на прастол у суседнюю Італію.

Але, калі гэтыя авантурныя справы зайшлі надта далёка, Радзівілы "здалі" Булгарына ўладам. Па патрабаванні імператрыцы Кацярыны граф Арлоў перахітрыў Тараканаву і, арыштаваўшы, даставіў яе ў Расію, дзе яна была змешчана ў Петрапаўлаўскую крэпасць і дапытана. У хуткім часе князёўна нарадзіла сына і памерла ў крэпасці ад сухотаў.

 Па вяртанні ў Нясвіж Булгарын быў выдадзены князямі Радзівіламі рускай паліцыі і прыгавораны да пакарання смерцю праз павешанне. Землі Венедыкта Булгарына перайшлі па рашэнні суда ў 1794 годзе родным генерала Волкава, а пазней, у апошняй чвэрці XIX стагоддзя, маёнтак Пырашава з 800 дзесяцінамі зямлі належаў дваранцы Юліі Феафілавай Наркевіч-Ёдкавай.

Уладзімір КІСЯЛЁЎ, кандыдат эканамічных навук

На здымках: князёўна Тараканава на карціне К.Флавіцкага;

партрэт Станіслава Радзівіла (Пане Каханку).