Тры дні адной “…Рампы”

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

VII Абласны фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа” адбыўся напрыканцы лістапада ў Бярэзінскім раённым доме культуры. Для аматарскіх калектываў Міншчыны гэты форум з’яўляецца адным з дзейсных стымулаў самаўдасканалення. Па словах бярэзінцаў, абмеркаванні спектакляў можна пачуць у горадзе і праз месяц пасля завяршэння фестывалю.

/i/content/pi/cult/299/5049/12-2.jpg

 Сем нот тэатральнага акорда

На адкрыцці форуму сваё майстэрства прадэманстравалі гаспадары свята - народны тэатр Бярэзінскага дома культуры пад кіраўніцтвам рэжысёра Мікалая Пытляка.

Пастаноўка "Валянцін і Валянціна" распавяла сучаснай сцэнічнай мовай гісторыю першага кахання. Зала была перапоўнена. Па словах Мікалая Пытляка праблем з недахопам акцёраў ніколі не было, бо жыхары горада хочуць паспрабаваць сябе ў нейкай ролі, і не заўжды ў другаснай, а - у галоўнай.

Сёлетняя "Бярэзінская рампа" прапанавала сем спектакляў. У конкурсе прымалі ўдзел тэатры з Беразіна, Жодзіна, Слуцка, Салігорска, Барысава, Нясвіжа, а таксама госці з г. Палеска Калінінградскай вобласці Расіі - Інтэрнацыянальны музычна-драматычны тэатр "Лабіаў". Іх інтэрпрэтацыя вядомага твора Л.Філатава "Пра Фядота-стральца" дзве гадзіны захапляла публіку непасрэднасцю выяўлення.

Фестываль як іспыт

 Дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская заўважыла, што на Міншчыне вельмі моцныя тэатральныя традыцыі. "Сёння, - распавяла яна, - складана ўтрымаць гэты жанр, бо ён вымагае фінансавых укладанняў, неардынарнага рэжысёрскага мыслення, карпатлівай работы. Вельмі няпроста падабраць пэўны тыпаж акцёра на патрэбную ролю... Фестываль для ўдасканалення аматарскіх тэатраў - проста неабходны. Калі ты трапіў на "Бярэзінскую рампу", дык адпавядаеш узроўню народнага тэатра. Тут можна пабачыць узор, прыклад таго, як трэба працаваць".

Разумеюць важнасць існавання такога фестывалю і ўлады: вялікую фінансавую /i/content/pi/cult/299/5049/12-3.jpgпадтрымку аказаў Мінаблвыканкам, за што яму ўдзячныя іншыя арганізатары: Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, Бярэзінскі райвыканкам. Гэтым разам падзею прафінансавала не толькі ўпраўленне культуры, але і аддзел па справах моладзі. Дзякуючы гэтаму на фестываль трапілі госці з Палеска. Далучыўся сёлета да форуму і Беларускі фонд міру, які заснаваў свой прыз.

Мікалай Пытляк адзначае, што не ўсе тэатры могуць трапіць у конкурсную праграму. Пад час папярэдняга адбору ўвага звяртаецца на рэпертуар, якасць спектакляў, жанры. "За тры дні, - зазначыў ён, - можна паказаць шэсць - сем пастановак, і мы імкнёмся, каб яны былі разнастайныя. Добра, на мой погляд, што мы не абмяжоўваемся ў драматургіі: дэманструем як класіку, так і сучаснае айчыннае і замежнае мастацтва. Удзельнікі не паўтараюцца ў творах, ды і надта старыя спектаклі да нас не вязуць. У іх ёсць мэта: за два гады падрыхтаваць не нешта шараговае, камерцыйнае, а сапраўды фестывальны спектакль".

Традыцыйна ў форуме прымае ўдзел народны тэатр драмы і камедыі імя У.Галубка са Слуцка, які гэтым разам падрыхтаваў спектакль "А досвіткі тут ціхія", па-свойму яго пераасэнсаваўшы. Таксама заўсёды чаканыя пастаноўкі Заслужанага аматарскага калектыву імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і адпачынку пад кіраўніцтвам Яўгена Валабоева, што выступіў на самай першай "Бярэзінскай рампе". Яго драма "Я заўсёды ўсміхаюся" таксама прысвечана ваеннай тэме. Званне "заслужаны" нядаўна атрымаў яшчэ адзін часты ўдзельнік форуму - драматычны тэатр "Відарыс" Палаца культуры імя М.Горкага з Барысава. Артысты паказалі "Тэлешоу" па п'есе Андрэя Курэйчыка.

Здабыткі і будні

 Да трох фестывальных дзён т/i/content/pi/cult/299/5049/12-1.jpgэатральныя калектывы рыхтаваліся грунтоўна. У вобласці раз у тры гады, пры пацвярджэнні званняў "народны" і "ўзорны", тэатры паказваюць, чым яны жывуць і на якім узроўні знаходзяцца. Пры гэтым адсочваюцца будучыя ўдзельнікі "...Рампы". Два семінары ў год наведваюць кіраўнікі аматарскіх калектываў у Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне, праводзяцца стажыроўкі рэжысёраў пад час "Бярэзінскай рампы" і іншага абласнога фестывалю - "Чароўнага куфэрка".

 Рэжысёр тэатра "Відарыс" з Барысава Уладзімір Буйко адзначыў некалькі складанасцей, з якімі даводзіцца сутыкацца ў паўсядзённай працы: "За шэсць гадоў мы ні разу не атрымалі грашовай падтрымкі, і фінансавае пытанне - самае для нас цяжкае. Трэба дзякаваць тым людзям, акцёрам аматарскіх калектываў, якія адпрацавалі па восем гадзін на сваёй працы і прыйшлі выконваць ролі. Ім самім даводзіцца рабіць дэкарацыі, касцюмы... Працуюць на энтузіязме, усёй душой! Упэўнены, што падтрымліваць сёння варта не толькі прафесійныя, але і аматарскія тэатры".

Узначальвае журы на фестывалі ў Беразіне народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, што служыць Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Яна распавяла, што яе місія - не з лёгкіх, бо ўсе спектаклі маюць высокі ўзровень: "З кожным годам мы бачым, як растуць тэатры. Прыняць удзел у "Бярэзінскай рампе" - як здаць дзяржаўны іспыт". Кожны з тэатраў быў адзначаны на фестывалі ўзнагародай. Журы вылучыла пэўныя якасці спектакляў і творчыя дасягненні акцёраў.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Беразіно - Мінск

 Фота Паўла ЦЫБІНА

На здымках: спектаклі - удзельнікі "Бярэзінскай рампы".