“Дэкаданс” на… балконе

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

У галерэі Тызенгаўза ў Гродне экспанаваў свае творы ўкраінскі мастак Алег Гіжы. Ягоная выстаўка “Настальгія” стала адным з этапаў шматгадовага супрацоўніцтва львоўскіх і гродзенскіх мастакоў.

/i/content/pi/cult/299/5046/7-3.jpg

Прастору залы напаўняюць выявы людзей, што ўнутрана апелююць да тых або іншых успамінаў аўтара і эмацыйна афарбаваны рознымі адценнямі эстэтычнай імпрэсіі. Элегічны вечаровы настрой атуляе постаць "Дзяўчыны на балконе", а фігуры двух белых катоў на парэнчах дадаюць твору дабрыні і пяшчоты. Знешне падобныя, на першы погляд, сюжэты напоўнены асабістым сэнсавым гучаннем кожны за кошт увядзення ў выяўленчы лад твора характэрных дэталей. Так, у рабоце "Галубы і вішні" радасць жыцця перапаўняе душу рыжай прыгажуні з сабакам, а бель галубінага пер'я і чырвань спелых вішняў узмацняюць пазітыў твора.

Алег Гіжы мадэлюе жыццёвыя сітуацыі, як бы выхапленыя з нашай паўсядзённасці, таму вельмі блізкія, зразумелыя, прыцягальныя для кожнага.

 Аўтар - выдатны каларыст, ягоныя фарбы - яркія, выразныя, гучныя, дакладна перадаюць настрой твора. Работы, выкананыя, здаецца, некалькімі ўзмахамі пэндзля, падаюцца лёгкімі, нязмушанымі, па выглядзе амаль акварэльнымі, дзе не выпісваюцца падрабязнасці, а схопліваецца абагулены вобраз-экспрэсія. Асаблівы шарм творам дадаюць "настальгічныя" капялюшыкі-панамкі на галовах жанчын, рознакаляровыя сарафаны ў белы гарошак, а ўся пластыка твораў арганічна ўпісалася б у эпоху "дэкаданса".

Марына ЗАГІДУЛІНА

Гродна