Рэстаўрацыйны “Ч.А.П.” Мірскага замка

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Параметры поспеху для “аб’екта ўвагі № 1”

/i/content/pi/cult/299/5044/5-1.jpg

Пытанне "А суддзі хто?" непазбежна ўзнікае па знаёмстве з чарговым крытычным выказваннем. У выпадку з рэстаўрацыяй Мірскага замка іх давялося пачуць ужо нямала. Але разабрацца, хто мае рацыю ў тым або іншым канкрэтным выпадку, "шараговаму карыстальніку" зазвычай няпроста. Таму своеасаблівы "Ч.А.П." - адказы на частыя пытанні - не нашкодзіць.

У справе рэстаўрацыі прыярытэт ацэнкі нададзены Рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры нашай краіны. 26 лістапада яе члены азнаёміліся з вынікамі аднаўлення Мірскага замка. У цэлым, ацэнка зробленай працы была дадзена станоўчая. Ды, разам з тым, пад час пасяджэння неаднаразова гучала і крытыка на адрас рэстаўратараў. У прыватнасці, старшыня Рады, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш звяртаў увагу на якасць выканання работ, якая сёння далёкая ад ідэальнай.

Гутарка вялася пераважна пра дробязі - асобныя элементы інтэр'ера і добраўпарадкавання. Але, у той самы час, факусіраванне на іх увагі дазволіла ўбачыць глабальныя праблемы айчыннай рэстаўрацыі, актуальныя не толькі для гэтага помніка спадчыны.

Пытанне меры і густу

Слова "навадзел" сёння мае відавочна негатыўныя канатацыі. Але што рабіць, калі без новых элементаў не абысціся?

Выбрукаваныя пліткай дарожкі, што вядуць да Мірскага замка, выклікалі сапраўдную хвалю крытыкі з боку некаторых наведвальнікаў. Маўляў, ці ж была плітка ў Сярэднявеччы? Але варта нагадаць, што і функцыя замка з таго часу моцна змянілася. Фартыфік а цыйная пабудова, галоўнай якасцю якой была непрыступнасць, сёння ператварылася ў папулярны турыстычны аб'ект, чые "параметры поспеху" акурат адваротныя. Ісці з аўтобуса да замка праз "аўтэнтычнае" балота, што некалі было ля яго муроў, сёння захоча не кожны.

Таму, як адзначыў карэспандэнту "К" начальнік упраўлення рэстаўрацыі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі, стварэнне сучаснага цвёрдага пакрыцця на такіх аб'ектах у сусветнай практыцы лічыцца дапушчальным. Да таго ж, бетонныя элементы нярэдка можна сустрэць і на тэрыторыі замкаў у суседніх краінах.

- Іншая справа - пытанне меры і густу,- тут жа дадаў Ігар Чарняўскі. - Бо важна, каб гэтыя новаўвядзенні не кідаліся ў вочы, каб сваю функцыю яны выконвалі незаўважна. Што да канкрэтна гэтага выпадку... Ведаеце, сёння мы ходзім па мёрзлай зямлі, і таму плітка на ёй сапраўды прыцягвае ўвагу, але ўжо ўвесну яна абрасце травой, і тады нашы ўражанні /i/content/pi/cult/299/5044/5-3.jpgмогуць змяніцца. Таму лічу, што замку трэба даць прыкладна год часу на тое, каб "адстаяцца", каб мог аднавіцца натуральны прыродны ландшафт. І тады мы здолеем зрабіць больш узважаныя высновы і, пры патрэбе, унесці тыя або іншыя карэктывы ў аблічча помніка...

Менавіта зменай функцыянальнага прызначэння замка можна патлумачыць і з'яўленне агароджы. Пакуль яна не замкнулася па перыметры комплексу, факты "побытавага вандалізму" на яго тэрыторыі агульнай плошчай у 27 га, на вялікі жаль, здараюцца досыць часта. Іншая справа - ці не бярэ гэты новы элемент зашмат увагі, "цягнучы коўдру" ў свой бок?

- Магчыма, гэта і так, падобныя заўвагі і сапраўды ўжо выказваліся, адзначыў Ігар Чарняўскі. - Зрэшты, агароджа- гэта элемент часовы, і калісьці ён можа быць беспраблемна заменены.

У многіх публікацыях ды інтэрнэт-водгуках мішэнню для крытыкі таксама стаў і картуш з фамільным гербам СвятаполкМірскіх, размешчаны на іх спачывальні. Раней ён быў "аблезла-брунатным", сёння ж- яркі і каляровы. Таму рэстаўратараў абвінавацілі ў безгустоўнасці і "самадзейнасці".

Пра густы спрачацца не будзем, але што да гістарычнай абгрунтаванасці... Тут папрокі падаюцца неабгрунтаванымі.

- Хімічныя даследаванні картуша дазволілі выявіць фрагменты каляровага роспісу, які з цягам часу быў страчаны, - адзначыў навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар аб'екта Дзмітрый Бубноўскі.- Тым болей, гэта цалкам адпавядала традыцыі. Ды і поўнакаляровая выява герба Святаполк-Мірскіх, на шчасце, захавалася. Яго эталон быў замоўлены ў Санкт-Пецярбургу.

На адным з мінулых пасяджэнняў нямала пытанняў у членаў Рады ўзнікала таксама і адносна добраўпарадкавання набярэжнай. Сёння прапановы ўжо ўвасоблены ў жыццё: выспачка аддзелена ад берага і будзе выконваць чыста дэкаратыўную функцыю, а работы на самім беразе блізяцца да завяршэння. Пад час аднаго з мінулых пасяджэнняў Навуковаметадычная рада прыйшла да высновы, што пры будаўніцтве набярэжнай трэба па магчымасці выкарыстоўваць менавіта натуральныя матэрыялы, робячы драўляныя адбойнікі замест бетонных бардзюраў. Без бетону ўсё ж не абышлося. Хаця чалавека, які не быў у тых мясцінах хаця б пару месяцаў, яны могуць прыемна ўразіць.

- А яшчэ тут неабходна паставіць як мага больш сметніц,- дадаў сваю заўвагу галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін. - Бо іначай усе высілкі п/i/content/pi/cult/299/5044/5-2.jpgа добраўпарадкаванні будуць марнымі.

"Выхад" з пагружэння ў даўніну

Віктар Нікіцін станоўча ацаніў рэстаўрацыю фасадаў Мірскага замка, але выказаў шмат прэтэнзій да яго інтэр'ераў, іх запаўнення і колеравага вырашэння.

- Навошта ў Мірскім замку габелен з выявай Мірскага замка? - задаўся пытаннем архітэктар. - Экстэр'ер помніка спадчыны настолькі прыцягальны сам па сабе, што ніякіх асаблівых дапаўненняў ён не патрабуе. Што да колеравага рашэння інтэр'ераў... Так, гэта справа густу, але ж тут таксама павінна быць пэўная логіка. На жаль, яна прасочваецца не заўсёды...

Неадназначную ацэнку членаў Рады выклікала таксама багатая ляпніна ў партрэтнай зале, кесонная столь у сталовай... Гаварылася пра "перагружанасць" інтэр'ераў дэкаратыўнымі элементамі і пра неадпаведнасць некаторых з іх першапачатковай задуме: планавалі ўсталяваць адны бра, а пастаўшчык прывёз іншыя... Часам спрэчны вынік паходзіў таксама і з пэўных непаразуменняў, якія ўзнікалі ў ходзе работ між заказчыкам, галоўным архітэктарам і генпадрадчыкам.

- Тое, што ў інтэр'ерах замка ёсць нюансы, над якімі трэба яшчэ працаваць, - гэта зразумела. І, зрэшты, непазбежна, калі гутарка вядзецца пра такі аб'ект, - адзначыў Ігар Чарняўскі. - Але перш чым прымаць тое або іншае рашэнне, неабходна ўбачыць тыя інтэр'еры ў канчатковым выглядзе, у спалучэнні з экспазіцыяй. Бо цалкам магчыма, што ў комплексе пэўная дэталь будзе выглядаць зусім іначай, чым паасобку. Прыкладам, яшчэ нядаўна мы спрачаліся, ці не зашмат у сталовай печаў. А калі над імі з'явілася багатая кесонная столь, якая бярэ на сябе багата ўвагі, печы не падаюцца дысануючым элементам, - як тое было, калі яны стаялі ў пустым памяшканні...

Віктар Нікіцін таксама звярнуў увагу і на яшчэ адзін немалаважны аспект: гістарычныя элементы павінны візуальна адрознівацца ад функцыянальнага "навадзела".

- Калі мы паказваем адноўленую старадаўнюю кроквенную сістэму, дык яе атачэнне павінна быць зроблена з чаго заўгодна - хай сабе гэта будуць нават хайтэкаўскія шкло і метал, - але толькі не з дрэва, - адзначыў галоўны архітэктар Мінска.- Кантраст тут неабходны, каб можна было зразумець, дзе- новае, а дзе - старое.

Арганічна спалучыць старое і новае - задача не з простых. І вельмі часта тут уступаюць у сілу тыя фактары, пра якія ніколі не задумаецца шараговы турыст.

Прыкладам, члены Рады звярнулі ўвагу і на такі элемент, як стандартныя таблічкі са словам "Выхад" па-над кожнай з дзвярэй. Здавалася б, дробязь, але... Без сумневу, такая дэталь не надта дапасоўваецца да старадаўніх інтэр'ераў, і асабліва гэты дысананс будзе прыкры ў тых залах, дзе прадугледжваецца поўнае "пагружэнне" ў атмасферу даўніны. Кпіны нядобразычлівых турыстаў прадбачыць магчыма ўжо сёння.

Але гэтую дэталь нельга назваць кур'ёзнай недапрацоўкай. На яе з'яўленні настаялі/i/content/pi/cult/299/5044/4-2.jpg супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый краіны, якія няўхільна запатрабавалі выканання нарматываў пажарнай бяспекі. Нават не зважаючы на тое, што беларускі Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны прадугледжвае для помнікаў архітэктуры пэўныя паслабленні.

Дыягностыка на ўзроўні дэталей

Як адзначыў пад час пасяджэння Навукова-метадычнай рады яе старшыня Віктар Кураш, зробленыя прафесіяналамі заўвагі дазваляюць правесці своеасаблівую дыягностыку сучаснага ўзроўню беларускай рэстаўрацыі. Ён дастаткова высокі, каб "пацягнуць" такі маштабны і складаны аб'ект, як Мірскі замак, годна давесці яго да завяршэння, але...

- Неаспрэчна, тут нам ёсць куды ўдасканальвацца, - рэзюмаваў Віктар Кураш. - І сёння мы ставім перад сабой канцэптуальную задачу: стварыць праграму развіцця рэстаўрацыйнага майстэрства ў краіне, пераняўшы і ўкараніўшы найлепшыя сусветныя набыткі, падрыхтаваўшы ўласныя высокапрафесійныя кадры...

Ігар Чарняўскі ўпэўнены ў тым, што аднаўленне Мірскага замка стала найкаштоўнейшым досведам для ўсёй рэстаўрацыйнай галіны на Беларусі. І сёння, аналізуючы тыя або іншыя недапрацоўкі, неабходна слушна вызначыць іх прычыны.

У прыватнасці, яны тычацца сам о й арганізацыі працы. Адна з іх- спалучэнне функцый навуковага кіраўніка і галоўнага архітэктара ў адной асобе.

- Над такімі маштабнымі аб'ектамі павінен працаваць цэлы калектыў, утвораны з гісторыкаў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў,- упэўнены начальнік упраўлення рэстаўрацыі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры. - Прычым склад яго мае быць пастаянным - ад пачатку рэстаўрацыі і да здачы аб'екта. А калі аднаму чалавеку даводзіцца вырашаць шэраг разнародных пытанняў... У такім выпадку заўваг яму не ўнікнуць...

Іншая праблема заключаецца ў тым, што пад час вядзення рэстаўрацыйных работ неаднаразова змяняліся праектныя арганізацыі. І гэтую акалічнасць таксама нельга назваць задаткам стабільнага руху наперад.

Урэшце, як і трэба было чакаць, нямала крытыкі было выказана на адрас непасрэдных выканаўцаў работ - будаўнікоў. На думку Віктара Кураша, Мірскі замак дазволіў выявіць агульную праблему. Справа ў тым, што пасля адмены ліцэнзавання рэстаўрацыйных работ займацца імі можа любая будаўнічая арганізацыя, без залежнасці ад кваліфікацыі яе работнікаў або наяўнасці ў іх досведу працы менавіта /i/content/pi/cult/299/5044/4-1.jpgна аб'ектах спадчыны. Хаця зразумела, што будаўнікі, якія спецыялізуюцца, скажам, на прамысловай архітэктуры, у замку могуць пачувацца ніякавата. А прэтэнзій адносна якасці работ, выкананых у Мірскім замку некаторымі субпадрадчыкамі, за гады рэстаўрацыі назбіралася вагон і яшчэ вазок.

Таму, як адзначыў Віктар Кураш, для работ, прынамсі, на тых аб'ектах, якія маюць катэгорыі "0" і "1" у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, неабходна прыцягваць толькі спецыялізаваныя арганізацыі.

У той самы час, напярэдадні здачы аб'екта ў эксплуатацыю было адзначана: шматлікія заўвагі, выказаныя пад час папярэдніх пасяджэнняў Навукова-метадычнай рады, сёння паспяхова выпраўлены. Што ж да тых спрэчных момантаў, якія засталіся...

- Урэшце, хацеў бы адзначыць самае важнае: з уводам замка ў эксплуатацыю спецыялісты не павінны на яго забыцца, - кажа Ігар Чарняўскі. - І калі замак пачне жыць натуральным жыццём, усе дробныя недахопы можна будзе без спешкі выправіць.

наш спецкарэспандэнт

Мінск - Мір - Мінск

Фота Юрыя ІВАНОВА