Інтэр-форум-opera

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Гэта зусім не інтэрнэтаўская навінка, а музычна-тэатральная: Першы Мінскі міжнародны Ражджэсцвенскі оперны форум, што адкрываецца 7 снежня. Ён быццам перахопіць эстафету ад фестывалю “Уладзімір Співакоў запрашае”, які завершыцца 6-га, і абвесціць: запрашае спадарыня Опера!

Форум-формула здавалася б, даволі простая: тры нашы спектаклі, але з удзелам замежных артыстаў ("Набука", "Кармэн", "Тоска"), два "прыезджыя" ("Травіята" Латвійскай нацыянальнай оперы і "Севільскі цырульнік" Маскоўскага тэатра Новая Опера імя Яўгена Колабава), фінальны гала-канцэрт зорак сусветнай опернай сцэны (12 снежня), адзін "круглы стол" і безліч абмеркаванняў. А вось арганізаваць усё гэта было нашмат складаней! Не спалохаўшыся цяжкасцей, заснавальнікамі форуму выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і, зразумела, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, дзе пра такое свята марылі даўно, яшчэ з часоў правядзення буйных усесаюзных фестываляў.

Цяперашні форум стане ў нас першым "постсавецкім" у жанры оперы. Ягоным рэспубліканскім "прадвеснікам" можна лічыць летнія "Вечары беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў", што прайшлі ў Нясвіжы ў канцы чэрвеня. Непасрэднай "рэпетыцыяй" - міжнароднае выкананне моцартаўскага "Рэквіема", што адбылося на сцэне тэатра 2 снежня і з'яднала салістаў з Беларусі, Італіі, Расіі, Украіны, а трывалым падмуркам - шматлікія мемарандумы і дамовы аб супрацоўніцтве, заключаныя нашым тэатрам са шматлікімі ўстановамі-"калегамі". Так што слова "першы" ў назве форуму- невыпадковае: падобным фестывалям, дзе ёсць што паказаць і на што самім паглядзець, - быць!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"