Дэлегатам ад Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці вылучана дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Святлана Касцюк.
- Абранне дэлегатам на Усебеларускі сход - гэта вялікі гонар і вялікі давер з боку маіх землякоў,- распавяла яна.- Чакаю ад мерапрыемства шмат чаго: хочацца паслухаць інфармацыю пра вынікі сацыякультурнага развіцця краіны за мінулыя пяць гадоў, даведацца аб тым, як будзе жыць Беларусь далей, што можа зрабіць кожны дэлегат, каб ажыццявіць усе запланаваныя праекты ў сферы эканомікі, палітыкі, культуры. А калі весці гаворку пра бібліятэчныя ўстановы, дык яны як у Дзятлавіцкім, так і ў іншых раёнах Беларусі вельмі добра камплектуюцца, дзякуючы ўвазе з боку Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі. Як вядома, згодна з дэкрэтам Кіраўніка дзяржавы, на папаўненне кніжных фондаў цяпер павінна накіроўвацца не менш за 15 працэнтаў ад фінансавання бібліятэчнай сістэмы. Хацелася б, каб гэтая практыка працягвалася і далей, а таксама пашыралася камп'ютарызацыя кніжных скарбніц па ўсёй Беларусі.
■ ■ ■
Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская вылучана дэлегатам ад сваёй вобласці.
- Я таксама чакаю, што гэтае знакавае мерапрыемства ў жыцці рэспублікі,- кажа Ларыса Канстанцінаўна, - паспрыяе развіццю як эканомікі, адукацыі, так і культуры Беларусі. Усебеларускі сход - рэальная магчымасць абмеркаваць асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 - 2015 гады, і я спадзяюся, што і ў наступныя пяць гадоў, як і дагэтуль, дзяржавай будзе надавацца вялікая ўвага захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, паляпшэнню матэрыяльнай базы ўстаноў культуры, развіццю фестывальнай дзейнасці... Да таго ж, я з'яўляюся старшынёй абласной арганізацыі "Беларускі саюз жанчын", і мяне таксама хвалююць пытанні абароны дзяцей, праблемы шматдзетнай сям'і, дэмаграфічнай сітуацыі... Буду абавязкова ўдзельнічаць у абмеркаванні ўсіх акрэсленых момантаў на IV Усебеларускім сходзе.
■ ■ ■
Дэлегат ад Міншчыны - выкладчык Барысаўскай дзіцячай музычнай школы, кіраўнік узорнага хору "Чароўнасць" Лілія Мальцэвіч.
- Я першы раз абрана дэлегатам на такое знакавае мерапрыемства, - кажа яна. - І, канешне ж, мне хочацца пачуць, што чакае тых таленавітых дзяцей, якія ёсць і ў нашай ДШМ, і ў іншых мастацкіх школах Беларусі: ці будзе працягвацца падтрымка таленавітай моладзі з боку дзяржавы, ці будуць забяспечаны і ім, і настаўнікам належныя ўмовы для працы, жыллё і гэтак далей. Наш калектыў "Чароўнасць" ужо пабываў з выступленнямі ў Германіі, Галандыі, Бельгіі і Даніі, таму, натуральна, хочацца, каб мы мелі магчымасць і надалей выязджаць за мяжу, прапагандуючы і ўслаўляючы сваёй творчасцю нашу Беларусь.
■ ■ ■
Ад Столінскага раёна Брэсцкай вобласці на сход вылучана Ала Іллінская. Цягам доўгіх гадоў яна з'яўляецца мастацкім кіраўніком Рамельскага СДК: вядзе тут два танцавальныя калектывы.
- Спадзяюся, сход будзе садзейнічаць паляпшэнню жыцця кожнага грамадзяніна нашай краіны, - кажа Ала Іллінская,- стабільнасці і дабрабыту. А самае маё галоўнае жаданне - каб усе беларусы былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні.
■ ■ ■
Буда-Кашалёўскі раён Гомельшчыны абраў дэлегатам на ІV Усебеларускі народны сход дырэктара Рагіньскага СДК Таццяну Сарокіну. Падначаленая ёй установа, па словах начальніка аддзела культуры Буда-Кашалёўскага райвыканкама Таццяны Бурнышавай, - адна з лепшых у раёне. Таму ў сваім выбары мясцовыя работнікі культуры не вагаліся.
- Быць дэлегатам такога форуму- адказнасць выключная. Цягам Усебеларускага сходу будзе прааналізавана сённяшняе сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, абмяркуем мы і нашы заўтрашнія перспектывы, наўпрост звязаныя з ростам дабрабыту грамадства. Пагадзіцеся, пытанні- першарадныя, для дзяржавы- лёсавызначальныя... Гаворка, я пераканана, будзе ісці і пра стан культуры. Многае тут зроблена, безумоўна, але многае трэба яшчэ зрабіць. Да прыкладу, Рагінь днямі стане аграгарадком. Наш СДК цяпер рамантуецца, але ўсе шэсць клубных гурткоў па-ранейшаму дзейнічаюць, бо праца іх наладжана ў школе. Словам, неўзабаве сюды прыйдуць людзі, і яны павінны адчуць нашы ўвагу, талент, клопат. А гэта - работа не з простых, - кажа Таццяна Сарокіна.
■ ■ ■
Работнікаў культуры Магілёўшчыны на Сходзе будзе прадстаўляць, сярод іншых, дырэктар Касцюковіцкага раённага краязнаўчага музея Святлана Тыманюк. Па яе цвёрдым меркаванні, гэты форум істотна паўплывае на далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.
"Роля культуры,- упэўнена Святлана Сцяпанаўна, - першачарговая ў справе духоўнага адраджэння, у выхаванні падрастаючага пакалення. І я пераканана, што гаворка на сходзе пойдзе і пра праблемы рэгіянальнай культуры, без вырашэння якіх немагчымае далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны".
■ ■ ■
А вось пункт гледжання прадстаўніка сталіцы, народнага мастака Рэспублікі Беларусь Георгія Паплаўскага, запрошанага на ўсенароднае веча:
- Хачу выказаць агульнае жаданне дзеячаў культуры і мастацтваў. Артысту, мастаку, скульптару патрэбна дзяржаўная ўвага, падтрымка. Мы прагнем быць запатрабаванымі, жадаем актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці нашай краіны. Толькі ў выніку гэтага жадання, я ўпэўнены, узнікаюць мастацкія творы глабальнага і надзённага зместу, што ўплываюць на свядомасць людзей. У іншым выпадку рэй вядзе дробнатэм'е, а майстар ператвараецца ў рамесніка... Вельмі хачу, каб гэты немалаважны момант улічваўся пры распрацоўцы нашай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якую мы і будзем абмяркоўваць на ІV Усебеларускім народным сходзе.
■ ■ ■
Запрошаны на форум і драматург, мастацкі кіраўнік Тэатра беларускай арміі Аляксей Дудараў. Ён перакананы, што на Усебеларускім сходзе будуць абмеркаваны самыя надзённыя для Беларусі пытанні:
- У старажытных славян народнае веча заўжды было ў пашане. І мы доўжым гэтыя традыцыі. Усім светам вырашаем свой далейшы лёс. І тут галоўнае, каб усё было зроблена грунтоўна, спакойна, без гармідару.
Адзін са стратэгічных
На абмеркаванне IV Усебеларускага народнага сходу выносяцца пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 - 2010 гг. і аб асноўных палажэннях аналагічнай праграмы на перыяд 2011- 2015 гг. Адным са стратэгічных кірункаў развіцця беларускага грамадства ў дакуменце вылучана культура:
[...]
4.6. Культура.
Галоўнае прызначэнне нацыянальнай культуры - кансалідаваць народ на аснове агульных традыцый і каштоўнасцей, выхоўваць патрыётаў, развіваць і прымнажаць творчы патэнцыял народа, ствараць умовы і гарантыі для ўсебаковага развіцця асобы, задавальнення яе эстэтычных патрэб, рэалізацыі здольнасцей і талентаў.
Рашэнне пастаўленых задач будзе забяспечана за кошт:
захавання і ўзбагачэння культурнай спадчыны;
падтрымкі айчынных вытворцаў аб'ектаў культуры і мастацтва, развіцця кінематаграфіі, прафесійнага мастацтва, народнай творчасці;
павышэння якасці, забеспячэння даступнасці і разнастайнасці сучасных паслуг культуры для ўсіх грамадзян, уключаючы жыхароў сяла і малых гарадоў;
фарміравання і ўмацавання пазітыўнага культурнага іміджа Беларусі за мяжой.
Вынікам палітыкі, якая праводзіцца, стануць захаванне культурнай спадчыны краіны, умацаванне культурнага патэнцыялу нацыі, павышэнне якасці, даступнасці і разнастайнасці культурных паслуг для ўсіх слаёў насельніцтва.
[...]