Жаданнем стаць мастаком Валянцін быў апантаны з дзяцінства. Пакаташкіну вельмі пашанцавала з настаўнікамі: сярод іх былі такія выдатныя мастакі, як Барыс Звінагродскі, Віктар Казачэнка, Акім Шаўчэнка, якія спагадліва садзейнічалі развіццю яго мастацкіх поглядаў. Сакрэты майстэрства ён спасцігаў у Мінскім мастацкім вучылішчы і на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута.
Светаадчуванне ўзбагацілі і шматлікія паездкі па Беларусі і рэспубліках былога Савецкага Саюза. Уласны жыццёвы вопыт, лёс людзей пашырылі творчы дыяпазон мастака і былі пакладзены ў аснову такіх работ, як "На Поўначы далёкай", "Паўночная бухта", "Нарач", і шматлікіх іншых. З'явіліся карціны і на ваенную тэматыку, а таксама індустрыяльныя пейзажы ("Гомельская ЦЭЦ", "Новае Палессе").
Увогуле, філасофскі падтэкст з гадамі стаў усё больш пранікаць і ў лірычныя пейзажы, і ва ўрбаністычныя. У Пакаташкіна яны розныя, гэтыя матывы, не толькі ў залежнасці ад колеравай гамы той або іншай пары года. Яны розныя таму, што з'яўляюцца своеасаблівымі жывапіснымі навеламі, якія апавядаюць пра чалавечыя лёсы. За простымі назвамі - "Разліў", "Паводка на Сожы", "Зямля палеская", "На Мазыршчыне", "Шэры дзень", "Чорнае возера", "Люты", "Да вясны", "Час цвіцення", "Барвовы дуб", "Прычал" - ёмісты сэнс. Гэта вобразы вясновай надзеі і чакання, восеньскага расчаравання, зімовай адзіноты... У іншых работах за сузіральнай лірычнасцю - унутраны драматызм, які зыходзіць з душэўных перажыванняў аўтара. Асабліва востра гэта праяўляецца ў творах, што тычацца тэмы Чарнобыля. Ствалы "Лесу, які памірае" Чарнобыля паўстаюць як арганныя трубы. Гучыць рэквіем: суровы, трывожны, перасцерагальны... Але вера і надзея перамогуць, кажа мастак у карціне "Жыццё працягваецца". Аптымізм - адна з характэрных уласцівасцей асобы Валянціна Пакаташкіна. Лепшыя жывапісныя і графічныя пейзажныя работы майстра нясуць у сабе бясконцыя варыяцыі жыццёвай энергіі. Прырода як бы застыла, але ў сэрцавіне заўсёды пульсуе святло: ідзе працэс назапашвання новых сіл, нараджаецца новае жыццё...
У біяграфіі Валянціна Пятровіча ёсць і той факт, што ягоныя дзед і бабуля сябравалі сем'ямі з нашым земляком - класікам савецкага пейзажа Георгіем Ніскім. Адна з нядаўніх работ Пакаташкіна прысвечана гэтаму выдатнаму мастаку.
Алег АНАНЬЕЎ
Гомель