"Фішкі" і… кніжкі: “арэнда” са стажам

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Чаму дыскатэкі становяцца непапулярныя?

/i/content/pi/cult/298/5018/pic_33.jpgАдраджэнне і развіццё сяла: сацыякультурны зрэз  

Капыльскі раён Мінскай вобласці мае дастаткова цікавых і раскручаных "фішак", па якіх яго можна лёгка пазнаць на культурнай карце Беларусі. Гэта і калядны абрад "Цары", унесены ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO, і вядомы на ўсю краіну аграгарадок "Семежава" з Цэнтрам ткацтва, і знакамітыя Цімкавічы - радзіма Кузьмы Чорнага, і раённы Краязнаўчы музей, крэатыўным цікавосткам якога пазайздросціць любая падобная ўстанова рэспублікі. Ды і па шматлікіх крытэрыях культасветработы раён знаходзіцца ў лідарах сярод іншых рэгіёнаў Міншчыны. Але, натуральна, хапае тут і сваіх праблем. І галоўная з іх датычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрыклад, Капыльская дзіцячая раённая бібліятэка ўжо шосты год не мае свайго будынка, патрабуе рамонтных работ галоўная ўстанова культуры горада - раённы Цэнтр культуры, ды і ў паспяховакрэатыўным музеі чакаюць не дачакаюцца займець яшчэ адно памяшканне для фондасховішча. На сяле ж галоўнае пытанне - наладзіць належную працу тых СДК і СК, у якія былі ўкладзены грошы пад час рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла, і, у прыватнасці, вырашыць праблему невялікай колькасці наведвальнікаў дыскатэчных мерапрыемстваў.

 

Народ пытаецца і прапануе

"Калі ж запрацуе дзіцячая бібліятэка?"

Гаворцы аб праблемах сацыякультурнага развіцця Капыльшчыны папярэднічала традыцыйнае апытанне жыхароў горада і раёна.

Марыя Аляксандраўна, служачая, г. Капыль:

- Ужо даволі доўгі час наша Дзіцячая бібліятэка месціцца ў будынку цэнтральнай "дарослай" кніжнай установы. А памяшканняў там не так ужо і багата. Ні пачытаць цяпер спакойна ў чытальнай зале, ні дзецям няма дзе "разгарнуцца". Калі ж запрацуе асобная дзіцячая гарадская бібліятэка?

Аляксандр Віктаравіч, рабочы, г. Капыль:

- У прынцыпе, у нашым РЦК мне вельмі падабаецца: досыць прыстойная апаратура, ды і танцавальныя вечары заўсёды цікавыя... А вось знешні выгляд установы не надта ўражвае. Ці плануюцца там рамонтныя работы?..

Святлана, служачая, жыхарка аграгарадка "Пясочнае":

- Ведаю, што не шмат ходзіць моладзі ў наш сельскі Дом культуры на танцы. Можа, трэба сюды ўвесці пасаду "кіраўніка дыскатэкі" - дзі-джэя? Або разнастаіць музычны рэпертуар?..

Марыя Пятроўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Лясное":

- А ў мяне толькі адно пытанне: чаму ў нашым аграгарадку не адкрыюць філіял школы мастацтва або музея? Упэўнена, і для дзяцей быў бы занятак, і статус нашага паселішча ўзняўся б. Бо ў аграгарадку ёсць сярэдняя школа, хапае тых, хто з цікавасцю наведваў бы падобную ўстанову культуры, вучыўся граць на гітары або баяне. А ў Капыль ездзіць на заняткі даволі далёка...

 

Тры пакоі для дзіцячай

Пачну артыкул з самай набалелай праблемы культурнага жыцця Капыльшчыны - адсутнасці асобнага будынка гарадской дзіцячай бібліятэкі. Яшчэ ў маі 2004 года будынак, дзе месцілася ўстанова культуры, быў прызнаны аварыйным і, адпаведна, закрыўся для наведвальнікаў. Таму часова, як падавалася на тую пару, дзеці пачалі хадзіць па кнігі ў Цэнтральную раённую бібліятэку: там для маленькіх наведвальнікаў "адгарадзілі" невялікі куток у чытальнай зале.

Але гэтае, як запэўнівалі супрацоўнікаў, непрацяглае "суіснаванне" дзвюх гарадскіх бібліятэк расцягнулася ўжо на некалькі гадоў.

Яшчэ ў 2004 годзе на баланс аддзела культуры Капыльскага райвыканкама быў перададзены будынак былога ДК адной з гарадскіх арганізацый. Адразу пасля гэтага - зроблена і праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю названага аб'екта пад дзіцячую бібліятэку. Але справа на гэтым, на жаль, спынілася. Прычына "бяздзейнасці" досыць празаічная: адсутнасць сродкаў для завяршэння працы на аб'екце.

Па словах намесніка дырэктара па рабоце з дзецьмі Цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціны Камінскай, амаль увесь фонд дзіцячай установы культуры (а гэта ні многа ні мала - 29 тысяч адзінак) знаходзіцца цяпер у трох пакоях мясцовай гасцініцы, якія арандуе аддзел культуры. У самой ЦРБ здолелі размясціць толькі адну тысячу экзэмпляраў самай запатрабаванай маленькімі чытачамі літаратуры.

І, натуральна, як і ў артыкуле пра падобную сітуацыю ў Смалявічах (гл. "К" № 37 за 2010 г.), капыльскія бібліятэкары і наведвальнікі галоўнай раённай кніжнай скарбніцы пакутуюць на тыя ж самыя праблемы: зразумела, што цішыня ў чытальнай зале, куды прыходзяць дзеці, - паняцце ўмоўнае. Ды і цесната ў памяшканнях, а таксама немагчымасць ладзіць пасяджэнні дзіцячых аматарскіх аб'яднанняў перашкаджаюць у працы.

- Хачу абавязкова зазначыць, - сказала мне дырэктар Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Серая, - што работа ў Дзіцячай бібліятэцы не спынялася ніколі і праводзіцца належным чынам, нягледзячы на тыя ўмовы, у якіх мы апынуліся.

Не буду ды і не збіраўся з гэтым спрачацца. У тым, што бібліятэкары працуюць самааддана нават у падобных варунках - вялікая і безумоўная іх заслуга. Напрыклад, супрацоўнікі выкарыстоўваюць для правядзення пасяджэнняў аматарскіх аб'яднанняў кабінеты або глядзельныя залы суседніх школ і раённага Цэнтра культуры, а таксама кожны дзень дастаўляюць разнастайную літаратуру з тых самых пакояў мясцовай гасцініцы, каб задаволіць патрэбы ўсіх чытачоў. Часам для гэтага даводзіцца выкарыстоўваць транспарт аддзела культуры або нават таксі. Але праблема Дзіцячай бібліятэкі, ад якой стаміліся яе работнікі і чытачы, наспела даўно. Яна, натуральна, патрабуе вырашэння.

 

Сваты ў музеі

Дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова - кіраўнік ад бога. Сцвярджаю гэта досыць упэўнена і раю ўсім, хто яшчэ не пабываў ва ўстанове культуры, абавязкова туды завітаць. Ды і нездарма ў 2007 годзе музей быў прызнаны лепшым у Мінскай вобласці, а ў 2009-м перамог у яшчэ адным абласным конкурсе па намінацыі "Музейная справа".

І гэтыя рэгаліі Капыль атрымаў цалкам заслужана. Напрыклад, тут, у музеі, зарабілі на платных паслугах за дзесяць месяцаў бягучага года прыкладна 6 мільёнаў рублёў. А білет ва ўстанову каштуе ўсяго толькі 400 рублёў для школьнікаў і 800 - для астатніх катэгорый насельніцтва. Пагадзіцеся, атрымаць такую суму ў горадзе, дзе жыве 10 тысяч чалавек, - досыць складана.

Але складанасці - не перашкода для крэатыўных людзей, а толькі магчымасць праявіць і ўвасобіць у жыццё ўсе свае задумкі. Напрыклад, з нядаўняга часу музейныя супрацоўнікі сталіся... вясельнымі сватамі. Цяпер пасля роспісу ў аддзеле ЗАГСа капыльскія маладыя абавязкова завітваюць ва ўстанову культуры. Тут іх чакае цікавая экскурсія з элементамі тэатралізацыі, конкурсы, частаванні, падарункі. І ўсё гэта - на аснове тых традыцый, якія ўласцівы менавіта дадзенаму рэгіёну.

- Спачатку цяжка было "раскачаць" гараджан, - кажа Валянціна Шуракова, - але цяпер штосуботу да нас прыходзяць па тры-пяць пар маладых. "Паход у музей", кажу гэта без перабольшання, стаўся абавязковым для тых, хто толькі ўзяў шлюб. Дарэчы, мы гарантуем бясплатнае абслугоўванне дзецям тых маладажонаў, што ў нас "ажаніліся"...

Працуюць музейшчыкі і ў іншых накірунках: распрацоўваюць новыя турыстычныя маршруты па горадзе і раёне, стварылі два музейныя філіялы ў аграгарадках "Семежава" і "Вялешына", актыўна супрацоўнічаюць з пасольствамі Японіі і Кітая ды ладзяць мастацкія і фотавыстаўкі, а нядаўна арганізавалі перасоўную экспазіцыю "Жыццё і дзейнасць Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага", з якой аб'ехалі ўвесь раён.

Асноўнае пытанне, што хвалюе кіраўніцтва музея: нястача плошчаў пад яшчэ адну выставачную залу і памяшканне для фондасховішча. Справа ў тым, што фонды музея даволі значныя - 24 тысячы адзінак захоўвання, - і яны пастаянна папаўняюцца. Таму некаторыя цікавыя прадметы часам даводзіцца выстаўляць проста ў калідорах установы: ці то вялізную, даваеннага часу, шафу, ці то старадаўнюю лаўку... Тое не дазваляе стварыць паўнавартаснае ўражанне ад экспазіцыі.

 

/i/content/pi/cult/298/5018/pic_35.jpgПраблемы - аднолькавыя

З горада скіруемся на сяло: у Цэнтр культуры і дасугу аграгарадка "Пясочнае". У 2008 годзе ўстанова атрымала сапраўды новае жыццё: быў заменены дах, адрамантаваны ўнутраныя кабінеты і актавая зала, усталяваны новыя дзверы, мэбля, адзенне сцэны. На ўсё гэта пайшло прыкладна 450 мільёнаў рублёў.

Узначальвае ЦКіД Любоў Карповіч - раней супрацоўніца мясцовага дзіцячага садка, якая прыйшла на пасаду не так даўно: працуе тут з верасня гэтага года. Па адукацыі яна - бібліятэкар, скончыла ў свой час Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, і нават працавала некаторы час па спецыяльнасці ў тым жа Пясочным.

Пры ўстанове працуе восем аматарскіх аб'яднанняў. Нядаўна з'явіліся, дзякуючы прыходу ў Пясочнае маладога спецыяліста - Ганны Стасевіч, гурткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Таксама сёлета культработнікі стварылі невялічкую музейную экспазіцыю, прысвечаную жыццю паэта Адама Русака, які паходзіць з Капыльшчыны.

Самая галоўная праблема ЦКіД- дыскатэчная. Нягледзячы на наяўнасць належнай тэхнічнай базы, - ва ўстанове ёсць музычны цэнтр, відэамагнітафон, страбаскопы, асвятляльная апаратура, - на дыскатэкі штосуботу прыходзіць ад сілы пятнаццаць чалавек. А ў аграгарадку пражывае 750 жыхароў, ды і ў зоне абслугоўвання ЦКіД - яшчэ чатыры вёскі.

- Адна з прычын "незацікаўленасці" моладзі нашай дыскатэкай - у тым, што ў Пясочным працуе прыватнае кафэ, а гэта натуральна, стварае нам канкурэнцыю, - кажа дырэктар установы.

Зразумела, што ЦКіД не можа прапанаваць усіх тых паслуг, якія ёсць у прыватніка. Але ці ж гэта галоўная прычына нежадання мясцовай моладзі наведваць танцавальныя вечары? Анкетаванне жыхароў аб тым, што ім падабаецца ці не падабаецца з музычнага рэпертуару на дыскатэцы, нікім пакуль што не праводзілася. А гэта ж рэальная магчымасць разнастаіць музычны рэпертуар. Таксама, магчыма, варта падумаць пра ўвядзенне стаўкі дзі-джэя, бо не кожны дырэктар СДК ці СК, пагадзіцеся, здольны быць прафесіяналам па арганізацыі дыскатэчных мерапрыемстваў... Няблага было б ладзіць танцы і для дзяцей, і для тых, "каму за...".

Усяго гэтага пакуль што ва ўстанове няма. Але, як запэўнілі мяне супрацоўнікі ЦКіД, у хуткім часе яны правядуць анкетаванне мясцовага насельніцтва і паспрабуюць праводзіць хоць бы дзіцячыя дыскатэкі.

Дарэчы, падобная праблемная сітуацыя з дрэнным наведваннем танцавальных вечароў была і ў СДК аграгарадка "Лясное", які таксама наведаў цягам камандзіроўкі.

 

16 паслуг для сяльчан

Сельская бібліятэка ў аграгарадку "Пясочнае" размешчана ў будынку ЦКіД. Бібліятэкар Надзея Баранава ў сферы культуры працуе не першы год, і, акрамя іншага, з поспехам выкарыстоўвае тую тэхніку, якая ўсталявана ва ўстанове.

- У нас - 16 відаў паслуг, - кажа Надзея Васільеўна, - і самыя запатрабаваныя з іх - камп'ютарныя: набор тэксту, выхад у Інтэрнэт, раздрукоўка матэрыялаў.

Акрамя таго, па словах бібліятэкара, вялікім попытам карыстаецца і такая паслуга, як выдача кампакт-дыскаў з аўдыёкнігамі, з фільмамі, што распавядаюць пра Капыльшчыну... Таму і план платных паслуг установа культуры выконвае з лёгкасцю: за 10 месяцаў бягучага года Надзея Баранава зарабіла прыкладна 220 тысяч рублёў.

Бібліятэкар марыць пра тое, каб ва ўстанове ўсталявалі ў дадатак да наяўнай тэхнікі яшчэ і сканер, бо да яе пастаянна звяртаюцца чытачы з просьбай перавесці ў "лічбу" той або іншы матэрыял. І яшчэ адно "вечнае" пытанне для бібліятэкара: як разнесці кнігі да тых чытачоў, якія пражываюць у зоне абслугоўвання ўстановы культуры? Аўтабібліятэкі ў Капыльскім раёне пакуль што няма, таму і даводзіцца ў любое надвор'е ісці пехатою да чытачоў навакольных вёсак.

 

/i/content/pi/cult/298/5018/pic_34.jpgУсе праблемныя пытанні ў развіцці сацыякультурнай сферы Капыльшчыны былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". Намеснік старшыні Капыльскага раённага выканаўчага камітэта па сацыяльных пытаннях Ала ГАЕЎСКАЯ да пераходу на сваю пасаду сем гадоў узначальвала аддзел культуры. Таму, натуральна, усе праблемы, з якімі сутыкаюцца работнікі сферы, ведае не з чужых вуснаў. І заўсёды знаходзіць агульную мову з цяперашнім начальнікам Наталляй ЦАРКОВАЙ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На Капыльшчыне ўжо завяршылася выкананне Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла на 2006 - 2010 гг.: усе пятнаццаць аграгарадкоў паспяхова здадзены. Але з абслугоўваннем насельніцтва ў некаторых з гэтых паселішчаў не ўсё так добра. Пабывалі ў аграгарадках "Пясочнае" і "Лясное": і там, і там - праблемы з наведваннем дыскатэк...

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Але гэта - не агульнараённая праблема. У нас добра ідуць дыскатэкі ў іншых паселішчах раёна: у Семежаве, у Цімкавічах, ды шмат дзе яшчэ. Ды і ў названых аграгарадках пытанне, як мне падаецца, вырашыцца.

Наталля ЦАРКОВА:

- Праблема з танцавальнымі вечарамі на сяле сапраўды ёсць. Але мы працуем над яе вырашэннем. Нядаўна правялі раённы конкурс на лепшую пастаноўку культурна-масавых мерапрыемстваў для дзяцей. Таксама сёлета ў нас прайшоў агляд-конкурс сельскіх дзі-джэяў "Дыскатэчны рух-2010", пераможцы якога прынялі ўдзел у выніковым абласным мерапрыемстве ў Слуцку і атрымалі дыплом у намінацыі "Творчая надзея дыскатэкі". Так што, я думаю, праблемную сітуацыю з танцавальнымі вечарамі ў шэрагу СДК раёна мы вырашым. Іншая справа, што гэткая форма клубнай дзейнасці патрабуе новага напаўнення...

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Цалкам згодная. Гэта павевы часу, што дыскатэкі сталі менш папулярныя. Трэба развіваць больш вузкія накірункі, клубныя фарміраванні.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На маю думку, варта было б наладзіць працу з альтэрнатыўнымі танцавальнымі накірункамі: брэйк-дансам, тэктонікам, а таксама прапаноўваць дыскатэчныя вечары для дзяцей і для старэйшага пакалення. Нічога падобнага ў сельскай мясцовасці Капыльшчыны не ўбачыў. Ды і пажаданні жыхароў таксама трэба ўлічваць: маю на ўвазе анкетаванне і апытанне...

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Поўнасцю пагаджаюся. Абавязкова будзем праводзіць анкетаванні, развіваць альтэрнатыўныя накірункі, працаваць з рознымі катэгорыямі насельніцтва... Без гэтага вырашыць дыскатэчную праблему ніколі не зможам.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- З-за таго, што дыскатэка ў названых СДК не надта папулярная, там не выконваюцца планы платных паслуг. Ці гэта - таксама не агульнараённая тэндэнцыя?

Наталля ЦАРКОВА:

- Па раёне ў нас за дзесяць месяцаў план выкананы на 123 працэнты ў супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года. Але, натуральна, будзем імкнуцца да таго, каб ва ўсіх установах культуры гэтыя паказчыкі выконваліся. Напрыклад, у аграгарадку "Пясочнае" дырэктар ЦКіД, хоць і не мае спецыяльнай адукацыі і працуе не так даўно, - вельмі творчы чалавек, таму, я думаю, паступова там справа наладзіцца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А наколькі востра стаіць кадравая праблема? Бо тыя сельскія клубныя ўстановы, дзе мы пабывалі, не могуць пахваліцца наяўнасцю профільных спецыялістаў. То дырэктар не мае спецыяльнай адукацыі, то супрацоўнікі...

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Паказчыкі ў нас, як і паўсюль на Міншчыне, досыць неблагія: недзе больш за 80 працэнтаў работнікаў са спецыяльнай адукацыяй працуюць у сферы культуры.

Наталля ЦАРКОВА:

- Але менавіта ў сельскіх клубах праблема са спецыялістамі ёсць: там працэнт нашмат ніжэйшы. Можа, таму і праца там не на такім высокім узроўні, як хацелася б...

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- І гэта нягледзячы на тое, што мы прадастаўляем жыллё для спецыялістаў сферы культуры на сяле, пастаянна кантралюем гэтую праблему. Можа, сваю ролю адыгрывае і пэўная аддаленасць нашага раёна ад сталіцы?..

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якія ж актуальныя праблемы стаяць цяпер перад аддзелам культуры? Ці ёсць нейкія планы на перспектыву, вядома, у першую чаргу - у сельскай мясцовасці?

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Спецыфікай нашага раёна з'яўляецца развіццё і захаванне традыцыйнай народнай культуры. Калядны абрад "Цары" з вёскі Семежава Капыльскага раёна ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны UNESCO. Таму трэба і надалей працаваць у гэтым напрамку, развіваць народныя рамёствы, ствараць філіялы Краязнаўчага музея, школ мастацтваў...

Наталля ЦАРКОВА:

- Апрача нашага Цэнтра ткацтва, што ў Семежаве, нядаўна адкрылі раённы Цэнтр традыцыйнай культуры, які, фактычна, з'яўляецца каардынацыйным цэнтрам па захаванні аўтэнтыкі. Ладзім там майстар-класы, выстаўкі, выдаём метадычную літаратуру. І гэта - толькі пачатак...

Ала ГАЕЎСКАЯ:

 - Так, бо галоўная мэта стварэння ЦТК - каб усе нашы напрацоўкі ў гэтым накірунку былі сканцэнтраваны ў адным месцы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Дарэчы, калі казаць пра стварэнне філіялаў: у тым жа аграгарадку "Лясное" мараць аб тым, каб у іх з'явіўся філіял ДШМ...

Наталля ЦАРКОВА:

- І мы яго там плануем зрабіць. Хутчэй за ўсё - у 2011 годзе. А ўвогуле за апошнія гады мы адкрылі пяць філіялаў Капыльскай і Цімкавіцкай мастацкіх школ у сельскай мясцовасці...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Яшчэ адна праблема: адсутнасць аўтабібліятэкі. Аўтаклуб, наколькі ведаю, паспяхова дзейнічае ў раёне з вясны бягучага года. Дык мо яго варта прыстасаваць і пад аўтабібліятэку, як гэта робяць шмат у якіх раёнах Беларусі?

Наталля ЦАРКОВА:

- На гэта няма патрэбы: з першага снежня запрацуе бібліобус на базе яшчэ адной машыны, якую нядаўна атрымаў аддзел культуры. Спадзяюся, такім чынам мы задаволім патрэбы таго сельскага насельніцтва, дзе няма бібліятэчных устаноў.

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- А калі весці гаворку пра нашы планы і перспектывы на будучае, дык яшчэ адна задача - развіваць турыстычную дзейнасць. І тут не апошнюю ролю павінны адыгрываць работнікі сферы культуры. Мы - адзін з 37 рэгіёнаў Беларусі, які паспяхова супрацоўнічае з Праграмай ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні": распрацавалі і ўвялі сёлета Зялёны маршрут "Міжрэчча Мажы і Морачы".

Наталля ЦАРКОВА:

 - Дарэчы, ён ужо пачаў прыносіць прыбытак: яго наведалі больш за пяць тысяч чалавек, з іх на платнай аснове - каля чатырох тысяч. А таксама дзякуючы Праграме ЕС/ПРААН з красавіка ў Семежаве запрацавала так званая Школа ткачоў.

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Так, у тым жа Семежаве ў нас ёсць што паказаць: нядаўна там з'явілася музейная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці нашага земляка, Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага. У Пясочным - музейны пакой, прысвечаны Адаму Русаку. І гэтую працу трэба працягваць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі казаць пра музейную дзейнасць, дык яна развіваецца досыць паспяхова, асабліва - у горадзе. Але асноўная праблема мясцовага краязнаўчага музея - нястача вольных памяшканняў для фондасховішча, для яшчэ адной экспазіцыйнай залы...

Наталля ЦАРКОВА:

- Выйсце тут, на маю думку, - у стварэнні філіялаў музея на сяле. Мы маем два філіялы раённага краязнаўчага музея, будзем адкрываць іх і ў будучым годзе. У гэтых філіялах размесцім частку экспанатаў з галаўной музейнай установы, і вось такім чынам вырашым пытанне з нястачай плошчаў у горадзе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Але ўсё ж самая вялікая гарадская праблема ў сферы культуры - з будынкам дзіцячай бібліятэкі. Калі гэтае пытанне вырашыцца?

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Пра нашу праблему ўжо даўно ведаюць у вобласці. Спадзяёмся зняць у наступным годзе дадзенае пытанне, бо мы не ў стане выдаткаваць тую суму, якая патрабуецца на рэканструкцыю будынка пад бібліятэку: наш раён датацыйны прыкладна на 60 працэнтаў...

Наталля ЦАРКОВА:

- У тым будынку былога Дома культуры патрэбны рамонт фасада і даху, замена вокнаў, перапланіроўка ўнутраных памяшканняў.

Ала ГАЕЎСКАЯ:

- Зразумела, у нас ёсць пытанні ў сферы культуры, асабліва калі казаць пра матэрыяльна-тэхнічную базу. Але тое, што аддзел культуры ўжо восьмы год займае лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых раёнаў Міншчыны, сведчыць пра самаадданую працу супрацоўнікаў. Таму будзем імкнуцца працаваць так і надалей.

Мінск - Капыльскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Дэталь да агульнай карціны

Цэнтр традыцый

 Летась у аграгарадку "Мажа", што непадалёк ад Капыля, паўстаў раённы Цэнтр традыцыйнай культуры.

Ягоны дырэктар Галіна Гурло распавяла пра тую працу, якой займаюцца ва ўстанове. Гэта і выставачная дзейнасць, і правядзенне майстар-класаў з тымі, хто навучаецца традыцыйным рамёствам, і заняткі гурткоў па саломкапляценні, вышыўцы, разьбе па дрэве...

Акрамя таго, раз на месяц на базе ЦТК ладзяцца пасяджэнні народнага клуба "Скарбонка", у які ўваходзяць 26 чалавек. Менавіта выстаўкі гэтых майстроў пастаянна экспануюцца ў некалькіх залах установы культуры. Да таго ж, у Цэнтры пастаянна праходзяць агульнараённыя семінары, на якіх супрацоўнікі СДК і СК вучацца традыцыйным народным рамёствам. Зразумела, што выданне метадычнай літаратуры па розных накірунках традыцыйнага мастацтва - гэта таксама яшчэ адзін від дзейнасці, які наладжаны супрацоўнікамі ўстановы. 

 

Пасляслоўе да райвыканкамаўскай "лятучкі"

Анатоль АКУШЭВІЧ, начальнік упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта:

- У Капыльскім раёне, на маю думку, працуюць энтузіясты сваёй справы, аднадумцы. Гэта датычыць як кіраўніцтва райвыканкама, так і супрацоўнікаў мясцовага краязнаўчага музея, культработнікаў у Семежаве, ды шмат дзе яшчэ. Да нядаўняга часу гэты раён быў лепшы па бібліятэчнай справе: там першымі на Міншчыне ўсе бібліятэкі былі абсталяваны відэамагнітафонамі. І сёлета капыльскія культработнікі не здаюць сваіх пазіцый: заваявалі першае месца на абласным аглядзе-конкурсе "Напеў зямлі маёй" і атрымалі ў падарунак галоўны прыз - аўтобус "Нёман" коштам у 130 мільёнаў рублёў. А іх праца па адраджэнні мясцовых традыцый - увогуле асобная тэма. Гэта і абрад "Цары", і традыцыі ткацтва, што паспяхова адраджаюць у Семежаве, і стварэнне Цэнтра традыцыйнай культуры... Упраўленне культуры будзе, па магчымасці, садзейнічаць паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы ва ўстановах раёна. А ў абласную праграму на 2011 год мы заклалі тыя сродкі, якія неабходны для вырашэння праблемнай сітуацыі з Капыльскай дзіцячай бібліятэкай. Гэта даволі значная сума: прыкладна мільярд рублёў. Таму цяпер чакаем, што нашы пажаданні будуць улічаны пры планаванні абласнога бюджэту на будучы год.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"