Карта “Чазеніі” і код Караткевіча

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Архіў з рук пісьменніка

/i/content/pi/cult/298/5015/pic_21.jpgАсноўныя фонды класіка беларускай літаратуры месцяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, у Аршанскім музеі пісьменніка і ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, ЦНБ НАНБ у гэтым годзе скончыла апрацоўку другой часткі архіва і цяпер з гонарам паведамляе: менавіта тут - самы вялікі ў рэспубліцы фонд рукапісаў Караткевіча. Аб тым, як ён ствараўся, карэспандэнт "К" гутарыў з загадчыкам сектара навуковай апрацоўкі рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў установы Таццянай ЖУК.

 

Для Караткевіча было зроблена выключэнне

- Таццяна Іванаўна, як вядома, першыя дакументы бібліятэка атрымала з рук самога Караткевіча...

- Сапраўды, нам пашчасціла. У архівістаў ёсць пэўныя правілы аб паслядоўнасці апрацоўкі трапіўшых на захоўванне фондаў. У асноўным, яна залежыць ад даты паступлення, але можа змяняцца ў залежнасці ад маштабнасці фігуры аўтара, ад значнасці яго творчасці, а/i/content/pi/cult/298/5015/pic_22.jpgд запатрабаванасці ў даследчыкаў. Для Караткевіча было зроблена выключэнне: дакументы адразу аформілі, каб па першай патрэбе пісьменніка аддзел мог выдаваць яму неабходныя асабістыя рукапісы.

- З таго моманту гэты фонд не папаўняўся цягам дваццаці гадоў...

 - Пасля заўчаснай смерці Караткевіча большая частка архіва засталася ў ягонай сястры - Наталлі Кучкоўскай. Пакуль дазваляла здароўе, Наталля Сямёнаўна ўсе свае сілы накіроўвала на папулярызацыю творчасці брата. Менавіта дзякуючы яе намаганням да нашчадкаў дайшлі шматлікія рэчы, што могуць распавесці аб самых цікавых момантах, звязаных з жыццём і працай творцы. Яна збірала даследаванні і артыкулы аб /i/content/pi/cult/298/5015/pic_23.jpgбраце, фотаздымкі з мясцін, дзе бываў Караткевіч, дасылала лісты людзям, якія нейкім чынам былі звязаны з пісьменнікам, каб тыя напісалі свае ўспаміны, даслалі памятныя рэчы...

Прынамсі, я чытала ліст з адказам Сяргея Грахоўскага. Пісьменнік шкадуе, што яму даводзіцца расстацца з дарагім яго сэрцу фотаздымкам, на якім увасоблены Караткевіч у Каралішчавічах. Але пад уплывам няўрымслівай Наталлі Сямёнаўны ён разумее, што для гісторыі будзе больш карысна, каб гэтае фота знаходзілася ў цэласным архіве. І падобных лістоў нямала. Дзякуючы напорыстасці і мэтанакіраванасці сястры класіка, у адным месцы сканцэнтраваліся многія рарытэты, якія /i/content/pi/cult/298/5015/pic_24.jpgраней знаходзіліся ў дзесяткаў айчынных і замежных уладальнікаў. Наша бібліятэка ўсе гэтыя гады падтрымлівала зносіны з Наталляй Кучкоўскай, прапаноўвала ёй сваю дапамогу. З цягам часу яна звярнулася да нас з прапановай набыць рукапісы класіка, добра разумеючы, што пасля яе смерці ўнікальны фонд можа разысціся па розных сховішчах.

Вядома, на аўкцыёнах за адзін аўтограф Караткевіча даюць літаральна казачныя грошы. Але ж Наталля Сямёнаўна ў першую чаргу клапацілася аб неўміручай спадчыне, якая павінна належаць радзіме. Такім чынам, у 2000 годзе мы прыехалі да захавальніцы найбагацейшага архіва, атрымалі шматлікія папкі, складзеныя ў стосы і акуратна перавязаныя. У выніку наш фонд папоўніўся больш чым на паўтары тысячы адзінак захоўвання.

 

Пад шапаценне старых аркушаў

 - Архіў быў цалкам апрацаваны толькі да сёлетніх угодкаў менавіта з-за такога вялікага аб'ёму дакументальнай спадчыны аўтара?

- Так, працы было нямала. Шмат часу занялі /i/content/pi/cult/298/5015/pic_25.jpgтэхнічныя моманты: сабраць, падшыць, пранумараваць, раскласці адпаведна часу і тэме. Нямала пытанняў выклікала атрыбуцыя: Караткевіч падпісваў далёка не ўсе свае накіды. Па-першае, патрэбна было расчытаць тэкст. На шчасце, почырк Уладзіміра Сямёнавіча даволі чытабельны (у адрозненне ад некаторых творцаў, над рукапісамі якіх падчас "б'юцца" тры-чатыры нашы навуковыя супрацоўнікі). Па-другое - суаднесці з адпаведным часам або творам, каб не заблытаць у далейшым вучоных...

- Таццяна Іванаўна, вы цягам пяці гадоў /i/content/pi/cult/298/5015/pic_26.jpgпрацавалі з гэтымі каштоўнымі аркушамі. Якія вашы асабістыя ўражанні?

- Ведаеце, у нашым аддзеле захоўваецца дастаткова архіваў навукоўцаў. І хоць сярод акадэмікаў мінулага стагоддзя шмат тых, якія былі, як кажуць, і фізікамі, і лірыкамі, але менавіта запісныя кніжкі, накіды і іншыя аўтографы Караткевіча надавалі маёй штодзённай рабоце чароўную асалоду. Уражвае і колькасць унікальных дакументаў. Мы паспрабавалі прадставіць іх наведвальнікам бібліятэкі на выстаўцы, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча. На пачатку работы над экспазіцыяй я была ў поўнай разгубленасці: як сярод не вядомых шырокай публіцы матэрыялаў выбраць самыя каштоўныя?! Працоўны пакой быў літаральна завалены стосамі папак, а я з жахам усведамляла: усё гэтае багацце не змесціцца на паліцах адной залы...

- У адным са сваіх інтэрв'ю Караткевіч прагаварыўся, што ў яго няма чарнавікоў. Ці пацвярджае архіў гэтыя словы?

- Так, Уладзімір Сямёнавіч неаднойчы зазначаў, што спачатку добра прадумвае сюжэт і толькі пасля гэтага садзіцца за пісьмовы стол. І ўсё ж пісьменнік злёгку хітраваў: не вельмі шмат, але чарнавікі ў яго - былі. Дзякуючы гэтым паперам з перакрэсленымі радочкамі мы сёння можам даведацца аб перыпетыях жыцця аўтара, аб творчых задумах і няпростым шляху яго раманаў ад рукапісу да чытача...

- Вы маеце на ўвазе - "Каласы пад сярпом тваім", друкаванне якога неаднаразова адкладвалася?

- Менавіта так. У нас ёсць чарнавік заявы ў сакратарыят Саюза пісьменнікаў Беларусі, у якім аўтар пытаецца, чаму чарговы раз затрымліваюць выданне "Каласоў...". Але падобнае адбывалася і з іншымі яго рукапісамі. У папках можна пабачыць і чарнавік ліста Караткевіча, адрасаванага дырэктару "Беларусьфільма": аб недапушчальным парушэнні аўтарскага права ў адносінах да сцэнарыя мастацкага фільма "Чорны замак Альшанскі". Зрэшты, цікавы эпізод з часоў навучання пісьменніка на Вышэйшых сцэнарных курсах адкрывае чарнавік ліста невядомай асобе, з якога вынікае, што ад Караткевіча патрабуюць тэрмінова паехаць у Салігорск для дапрацоўкі кінасцэнарыя, іначай здымкі могуць спыніць. Але Уладзімір Сямёнавіч не ведае, што яму рабіць, бо ад'езд з Масквы пагражае адлічэннем з курсаў. У шматлікіх закрэсленых радках бачна, як аўтар шукае выйсце з "замкнёнага кола"...

 

"Уецца" пергамент вакол сюжэта /i/content/pi/cult/298/5015/pic_27.jpg

- Папулярны англійскі пісьменнік Артур Конан Дойль быў вядомы яшчэ і тым, што многія апісаныя ім рэчавыя доказы, якія дапамагалі яго герою Шэрлаку Холмсу выкрываць злачынствы, ён сам правяраў. "Вопыты" праводзіліся для большай дакладнасці дэтэктываў. Ці знайшлі вы падобныя факты ў спадчыне Караткевіча?

- Памятаеце "Чорны замак Альшанскі", у якім апісваецца сярэднявечны беларускі спосаб дасылання таемных лістоў? Антону Космічу неабходна было распісаны наўскос пергамент наматаць на пэўнага памеру кій, каб прачытаць зашыфраваны тэкст. Уявіце сабе, што ў стосе шматлікіх папак мы знайшлі адпаведную паласу (праўда, папяровую), распісаную ўласна Караткевічам па "ўсіх правілах" шыфравання! Відавочна, прыдуманую таямніцу Караткевіч правяраў асабіста, каб потым няўрымслівыя чытачы не абвінавацілі яго ў нерэальнасці апісанага эпізода... Зрэшты, з гэтым раманам звязана яшчэ адна старонка жыцця аўтара. Сярод іншага, да нас трапілі канспекты лекцый, датаваныя 1949 годам. Падрабязныя занатоўкі па курсе старажытнаславянскай мовы ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце, напэўна, дапамаглі ў напісанні гістарычнай канвы твора.

 - Вядомы факт: Караткевіч паказаў сябе ў Кіеве такім падрыхтаваным студэнтам, што пасля заканчэння першага курса ВНУ даслала ў Оршу падзячны ліст...

- Мяркуючы па тых шматлікіх, старанна складзеных, канспектах, што маюцца ў нашым сховішчы, Уладзімір Сямёнавіч сапраўды быў захоплены навукай. Наталля Кучкоўская захавала нават маленькія кавалачкі паперы з занатоўкамі брата, запісачкі, у якіх на пэўныя тэмы спрачаліся студэнты. Нават з гэтых папяровых лапікаў 1950-х гадоў бачна, як фарміруецца характар, як з'яўляюцца ідэі, што пасля ўвойдуць у вызначальныя творы аўтара...

- Мяне ўразіла колькасць малюнкаў на дакументах. Маленечкімі накідамі яны зрэдку ўзнікаюць у канспектах, потым, больш упэўнена, пераходзяць у лісты і дзённікі...

- Паглядзіце рукапісы вершаў 1950-х: на палях - безліч замалёвак. Гэтая звычка застанецца з Караткевічам да апошняга дня. Ён будзе нешта накідваць чарнілам у падарожных нататках, заканчваць лісты эмацыйным малюнкам, асабліва калі не будзе хапаць слоў, каб выказаць сваё стаўленне да падзеі. У архіве ёсць цікавы рарытэт: складзеная аўтарам своеасаблівая карта аповесці "Чазенія". Зрэшты, ёсць і самадастатковыя эцюды Караткевіча, якія былі ім ужо спецыяльна намаляваны на асобных аркушах і падпісаны: "У.К.".

 

Загадка Караткевіча

- Навуковы фонд Караткевіча апрацаваны і адкрыты для даследчыкаў. Але ці засталіся яшчэ белыя плямы ў гэтай літаратурнай гісторыі?

- Уладзімір Сямёнавіч казаў: "Мы не ведаем, колькі дзён нам засталося, таму кожную кнігу патрэбна пісаць як першую і апошнюю". Магчыма, ён адчуваў, што часу яму адпушчана не так і шмат... Пасля смерці брата Наталля Сямёнаўна многае зрабіла для таго, каб гатовыя рукапісы перайшлі на друкаваныя старонкі. Але загадкі ў творчасці сучаснага класіка яшчэ засталіся... Прынамсі, існуе аркуш са спісам мастакоў ХІХ стагоддзя. Караткевіч планаваў новы раман. Але сам прызнаваў: "Кнігу, відаць, за іншым не паспею".

У архіве знайшлася і запіска на імя дырэктара выдавецтва "Мастацкая літаратура" Міхаіла Дубянецкага аб тым, што Караткевіч абавязваецца здаць заканчэнне рамана "Каласы пад сярпом тваім" у 1982 годзе. Гэта сведчыць аб тым, што заканчэнне ці пісалася, ці дакладна было запланавана пісьменнікам. На жаль, сучаснікі яго не дачакаліся. Але.. Архіў неабходна даследаваць. Некаторыя рукапісы патрабуюць удакладненняў, асобныя з іх не маюць дакладнай даціроўкі... Усё гэта дае шырокае поле для дзейнасці даследчыкам творчай спадчыны пісьменніка. Верагодна, мы яшчэ дачакаемся як навуковых, так і літаратурных адкрыццяў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымках: фрагменты рукапісаў і дарчых надпісаў, зробленых рукой Караткевіча.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"