Народная песня он-лайн

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Добрай традыцыяй стала стварэнне да юбілейных дат айчыннымі архівістамі разнастайных віртуальных выставак. Апошні такі праект — “Класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Да 80-годдзя з дня нараджэння” — уключае 240 тэкставых, фота-, фонаі кінадакументаў, малюнкаў, якія знаходзяцца ў сховішчах шасці дзяржаўных архіваў нашай краіны.

Як зазначыў дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч, праца над праектам вялася цягам шасці месяцаў.

Праект стаў чарговай спецыяльнай юбілейнай рубрыкай інтэрнэт-рэсурсу "Архівы Беларусі" (http://archives.gov.by), стваральнікі якой імкнуліся адзначыць вялікі ўклад Уладзіміра Караткевіча ў развіццё беларускай літаратуры, нагадаць аб яго творчасці і падзеях жыцця шляхам прадстаўлення шырокаму колу карыстальнікаў Інтэрнэта багатай інфармацыйнай карціны па гэтых пытаннях на падставе дакументальных першакрыніц.

Дзякуючы Сусветнаму Павуцінню можна ўбачыць больш за паўсотні аўтографаў Уладзіміра Караткевіча на беларускай і рускай мовах, а таксама некалькі аўтографаў Максіма Танка, Пятра Машэрава і нават бацькі пісьменніка. Багатая і храналогія матэрыялаў: экспануюцца дакументы розных перыядаў ХХ ст., ад часоў існавання Расійскай імперыі да пачатку 1990-х. Сярод іх - аўтабіяграфія Уладзіміра Караткевіча, ягоная перапіска, успаміны родных, разнастайныя фотаздымкі...

Сярод каштоўных "экспанатаў" праекта віртуальнай выстаўкі варта асобна вылучыць фонаматэрыялы, у тым ліку беларускую народную песню ў выкананні Уладзіміра Караткевіча, яго вершы і фрагменты са спектакляў, а таксама інтэрв'ю і выступленне на З'ездзе Саюза пісьменнікаў БССР.

У планах айчынных архівістаў, па словах Вячаслава Насевіча, - стварэнне спецыяльных рубрык, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, а таксама 200-й гадавіне вайны 1812 года.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"