...Karatkevich-world

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Чытачы Уладзіміра Караткевіча, якія жывуць у суседніх краінах, таксама адзначаюць 80-годдзе пісьменніка або рыхтуюцца аддаць даніну павагі класіку. Прадстаўнікі беларускіх дыяспар Расіі, Латвіі, Польшчы, Чэхіі арганізоўваюць вечарыны, святы з гэтай нагоды.

/i/content/pi/cult/298/5013/pic_20.jpgУ Латвійскім таварыстве беларускай культуры "Світанак" 19 лістапада адбыўся вечар, прысвечаны Караткевічу. Беларусы ў Рызе чыталі ягоныя вершы, адкрылася выстаўка дзіцячых малюнкаў, прысвечаных творам майстра. Сябра пісьменніка, мастак Вячаслаў Целеш, які жыве ў латвійскай сталіцы, распавёў пра свае зносіны з ім, прадэманстраваў экслібрысы, што прысвячаў пісьменніку, калі той яшчэ быў жывы. Целеш знайшоў ручку, падораную Караткевічам, і мае намер перадаць яе ў музей творцы ў Оршы.

Дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы Анна Іване паведаміла карэспандэнту "К", што ўчора вучні школы прынялі ўдзел у свяце, прысвечаным беларускаму пісьменніку. "Амаль месяц наша школа жыла гэтай падзеяй: малявалі сцэны з яго твораў, вывучалі асобу аўтара. На літаратурна-музычнай вечарыне яны пазнаёмілі гасцей з біяграфіяй Караткевіча, прачыталі яго вершы, казкі. Гэта для нас - значная падзея!"

Цікавіць спадчына Караткевіча і палякаў. Як распавёў саветнік па культуры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Васіль Чэрнік, днямі да яго прыйшоў ліст з пытаннем, ці з'явіцца выданне кнігі "Дзікае паляванне караля Стаха" на польскай мове. Не так даўно саветнік быў з візітам у Мінску, дзе якраз у гэты час праходзілі мерапрыемствы па прэзентацыі кнігі, выдадзенай на беларускай, рускай, украінскай і англійскай мовах. Ён лічыць, што прыхільнікі аповесці знойдуцца і ў польскамоўнай аўдыторыі.

"Мы прапрацоўваем пытанні наконт мерапрыемстваў памяці Караткевіча,- заўважае Васіль Чэрнік.- Яны будуць адбывацца ў наступным годзе. Адно з іх- прэзентацыя на тэрыторыі Польшчы "Дзікага палявання...".

У снежні ў Маскоўскім Доме нацыянальнасцей таксама чакаецца свята з нагоды юбілею Уладзіміра Караткевіча. Такую інфармацыю мы атрымалі ад намесніка старшыні Савета нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы" Аляксандра Глода, які займаецца падрыхтоўкай мерапрыемства.

У Міністэрстве культуры і турызму Украіны паведамілі, што праз некаторы час чакаецца ўсталяванне помніка пісьменніку, створанага ў Беларусі. Гэтую падзею ў Кіеве чакаюць з сапраўдным нецярпеннем.