“Ладдзя…” у перакладзе на музычную

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Опера Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” стала ўжо класічным прыкладам “перакладу” Уладзіміра Караткевіча на музычную мову. Яно і не дзіва, бо гэты спектакль ідзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь больш за 20 гадоў — папраўдзе ўнікальны прыклад доўгажыхарства оперы беларускага кампазітара. Але ж ёсць і шмат іншых твораў: і ранейшых за згаданы, і абсалютна новых, прычым у розных жанрах, уключаючы оперу і нават… мюзікл.

/i/content/pi/cult/298/5010/pic_13.jpgДарэчы, першым, хто адкрыў нам "опернага" Караткевіча, быў Дзмітрый Смольскі. Яго "Сівая легенда" была пастаўлена ў нашым Вялікім тэатры яшчэ ў 1978 годзе, пры жыцці Караткевіча, хаця праца над партытурай пачыналася... без удзелу пісьменніка. І ўвогуле без лібрэтыста! Выпадак папраўдзе не мае аналагаў у свеце: ну не бывае такога, каб музыка оперы была створана раней за лібрэта! У песенным жанры падобнае здараецца, дадзены прыём нават назву атрымаў - пісаць песню "на рыбу": кампазітар прыдумвае мелодыю, дамаўляецца з паэтам, пра што будзе песня, і той працуе ўжо ў зададзенай рытміцы, дасягаючы неабходнай колькасці і працягласці складоў. Але каб так пісаць оперу?

- Ці ж мог я прапанаваць знакамітаму пісьменніку, - распавядае Дзмітрый Браніслававіч, - маўляў, давайце напішам оперу? Калі ж з'явілася музыка, размова магла быць больш прадметнай. І тое, што Караткевіч, паслухаўшы мае фрагменты, пагадзіўся напісаць лібрэта, стала для мяне самай, бадай, высокай ацэнкай.

Нязвыклая гісторыя стварэння вызначыла і асаблівую оперную драматургію, замацаваўшы прыём музычна-паэтычных паўтораў, які на той час быў толькі-толькі выпрацаваны ў жанры мюзікла. Але там зварот да паўтору разгорнутых эпізодаў быў выкліканы ўмовамі шоу-бізнесу: падрыхтаваць мюзікл у максімальна сціслыя тэрміны і зрабіць яго запамінальным. Паўторы ж у Д.Смольскага - гэта рэпрызы ў своеасаблівым буйным вакальнасімфанічным цыкле, таму і ідуць яны разам з вар'іраваным паўторам вершаваных радкоў.

Цікава і тое, што ў гэтай першай у сваёй творчасці /i/content/pi/cult/298/5010/pic_14.jpgоперы кампазітар адмовіўся ад уласцівых яму авангардных тэхнік пісьма, скарыўшы яркім рамантызмам, меладычнасцю, адкрытай эмацыйнасцю. А ў кінастужцы, зробленай паводле оперы куды пазней, узнік і відэалейтматыў "дзікага палявання" - вершнікаў, што гоняцца за бяззбройным чалавекам.

Цяпер, калі наш тэатр вырашыў аднавіць "Сівую легенду", Д.Смольскі пачаў працаваць над другой рэдакцыяй, найперш - над новай аркестроўкай.

На наступны год запланавана і завяршэнне оперы Сяргея Картэса "Ладдзя Роспачы", якая таксама павінна хутка ўбачыць святло рампы. Ужо сам выбар сюжэта сведчыць, што гэтым творам кампазітар працягвае нізку сваіх ранейшых оперных партытур. Зноў, як у "Джардана Бруна", "Матухне Кураж" і "Візіце Дамы", перад намі паўстае опера-прытча, дзе галоўнае - не гістарычныя рэаліі, а маральна-этычная праблематыка, сітуацыя выбару паміж жыццём і смерцю. Зноў, як у згаданых операх і камічных чэхаўскіх аднаактоўках "Юбілей" і "Мядзведзь", кампазітара хвалюе тонкасць псіхалагічных характарыстык, імкненне зразумець і паказаць развіццё чалавечых характараў, паступовы пераход на іншы, часам палярны, пункт гледжання.

- Як пачаў над операй працу,- усміхаецца Сяргей Картэс, - спыніцца ўжо не магу. Уладзімір Караткевіч- гэта, найперш, цудоўная, непаўторная, папраўдзе адметная, можна сказаць, "аўтарская" беларуская мова. Я спрабаваў чытаць яго творы ў перакладзе на рускую - усё не тое: знікае сам "смак", "сакавітасць". Бачыў і некалькі розных тэатральных пастановак гэтай рамантычнай легенды, сярод якіх быў нават лялечны спектакль. Але ж оперны жанр патрабуе вельмі сціслага літаратурнага тэксту, не філасофскіх выкладак, а яркіх вобразаў, таму з лібрэтыстам Уладзімірам Халіпам мы абмяркоўваем літаральна кожную фразу і нават літару: так і рухаемся, крок за крокам. У такім творчым тандэме мы працавалі над усімі маімі операмі, і я вельмі ўдзячны, што ён не збочвае на оперныя штампы, а эксперыментуе разам са мной.

У тым, што творчасць У.Караткевіча натхняе на эксперыменты, пераконваюць нават не самыя ўдалыя, шмат у чым спрэчныя спробы яе ўвасаблення. Памятаю, як мяне расчаравалі фрагменты з мюзікла Алега Чыркуна "Ладдзя Роспачы", выкарыстаныя ў эксперыментальнай маладзёжнай пастаноўцы, што дэманстравалася ў Цэнтры беларускай драматургіі на базе аднайменнага тэатра. У роспачы тады быў і сам кампазітар, пачуўшы, што засталося ад прапанаванага ім. Для мяне ж галоўнымі пралікамі падаліся выкарыстанне рускамоўных тэкстаў і залішняя спрошчанасць самой музыкі: мова Караткевіча куды больш багатая, для яе цяжка знайсці адэкватны жанрава-стылёвы "пераклад", але яна таго вартая.

/i/content/pi/cult/298/5010/pic_15.jpg Таму, задумваючыся над даўгалеццем оперы "Дзікае паляванне караля Стаха", адзначым, па-першае, саму ідэю Віктара Скорабагатава звярнуцца менавіта да гэтай аповесці Караткевіча, дзе замест гераічнага эпасу разгортваецца гістарычны дэтэктыў. Па-другое - пастаноўку надзвычай авангарднага для нашых 1980-х рэжысёра Вячаслава Цюпы, які прыўнёс у той дэтэктыў элементы фантастычнага трылера. У сваёй першай оперы малады эксперыментатар, за плячыма якога тады былі нашумелыя спектаклі ў Беларускім музычным тэатры (на той час - тэатры музкамедыі), не здолеў парушыць традыцыйнай статычнасці артыстаў Вялікага, але ажыццявіў шэраг іншых цікавых прыдумак. Ягоны фінал, з цягам часу крыху зменены, не расшыфраваны і да сёння. Музыка ж Уладзіміра Солтана працягвае традыцыі не толькі рускай, але і заходнееўрапейскай класікі.

Пэўна, мы ўжо ніколі не даведаемся, якой уяўляў сабе гэтую оперу сам кампазітар. Бо ледзь напісаўшы чарговы фрагмент, ён нёс яго ў тэатр і, атрымаўшы заўвагі і прапановы, перарабляў напісанае. Напярэдадні ж прэм'еры ў яго і ўвогуле знік партфель з рукапіснай партытурай (а тая, натуральна, існавала ў адзіным экзэмпляры!), і яе давялося аднаўляць па памяці.

А гэтая аповесць У.Караткевіча натхніла і Яўгена Глебава - на знакамітае... Адажыа з балета "Маленькі прынц". Мелодыю, што цяпер існуе ў безлічы пералажэнняў для самых розных выканальніцкіх складаў, кампазітар упершыню выкарыстаў у фільме "Дзікае паляванне караля Стаха". Потым, у новай версіі, зрабіў балетным нумарам. Канчатковы ж вердыкт вынесла публіка.

На здымках: народная артыстка Беларусі Ірына Шакунова ў оперы "Сівая легенда" і афіша спектакля; сцэна з оперы "Дзікае паляванне караля Стаха".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"