Адмірал. На рачулцы Смердзь

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Прыпяць. Ліпень 1984-га Больш чым праз дзесяць гадоў пасля той вандроўкі па Прыпяці, якая стала для Уладзіміра Караткевіча апошнім падарожжам па “беспрыпыннай Беларусі”, адзін з яе ўдзельнікаў — мастак Пётр Драчоў— распавёў рэдактару аддзела газеты “Культура” Барысу Крэпаку пра гэтае падарожжа ўпершыню. Перад вамі — храналогія падзей тых летніх дзён і крыху дарожнай лірыкі.

/i/content/pi/cult/298/5008/pic_9.jpg- ...У Валодзі была мара: зрабіць вялікую вандроўку па рэспубліцы і напісаць фундаментальную кнігу, прысвечаную любімай Беларусі, - прыгадваў Пётр Драчоў. - Іншымі словамі - скласці гімн Айчыне, падвесці некаторыя вынікі ўласных жыццёвых уражанняў, разваг... У якасці ілюстратара сваёй будучай кніжкі Валодзя абраў Валянціна Ждановіча як фатографа і мяне як мастака-акварэліста і рысавальшчыка. Менавіта з гэтага пачалася практычная рэалізацыя задумы Караткевіча.

Пісьменнік пачуваўся не вельмі добра- ён пакутаваў на язву, - аднак упарта настойваў, і ў сярэдзіне ліпеня 1984-га, пасля амаль двухгадовай падрыхтоўкі, мы ўтрох селі ў машыну і ўзялі напрамак на Пінск. План у нас быў наступны: з Пінска па Прыпяці праплыць на плыце да Гомеля, адтуль па Дняпры падняцца да Оршы, пагасцяваць на радзіме Уладзіміра Сямёнавіча, а там распрацаваць новы план. Да Пінска дабраліся без прыгод, там пакінулі машыну і селі на шыкоўны плыт... Уладзімір Сямёнавіч быў у нас "адміралам", а мы- "матросамі".

Памятаю першую ноч на беразе Прыпяці. Камарыныя хмары. Расклалі вялікае вогнішча. Сядзім, п'ём гарбату, ціхенька размаўляючы. Разважаем пра Сусвет, пра НЛА, пра іншапланецян. Выплыў вялікі руды месяц. І раптам, аднекуль з'явіўшыся, над нашым вогнішчам, зусім нізка, праляцела вялікая сава. А потым яшчэ і яшчэ - тройчы! Я здрыгануўся, мурашкі пайшлі па скуры... Шапнуў на вуха Ждановічу, што сядзеў побач: "Ведаеш, Валянцін, не падабаюцца мне нешта гэтыя палёты. Хаця б нічога не здарылася..." - "Ды кінь ты, не будзь містыкам..."

З Пінска ішлі па плыні, робячы не больш за 10 - 15 кіламетраў штодня. Спыняліся ўсюды, дзе трапляліся прыгожыя краявіды. Сустракаліся і доўга размаўлялі "за жыццё" з простымі вяскоўцамі, паромшчыкамі, рыбакамі, рабочымі і маракамі з рудавозаў. Караткевіч пастаянна нешта занатоўваў. Ждановіч займаўся фотаздымкай, я рабіў акварэлі, накіды, замалёўкі з натуры, паралельна выконваючы абавязкі шэф-кухара...

22 ліпеня, не даязджаючы да Турава, на рачулцы Смердзь - прытоку Прыпяці - ва Уладзіміра Сямёнавіча здарыўся цяжкі прыступ язвавай хваробы. Ніхто з нас тады не мог падумаць, што гэты прыступ будзе фатальным! Мы адразу спынілі "ракету", і Валодзя, зусім знясілены і хворы, у суправаджэнні Ждановіча паехаў у Тураў, а адтуль - у Мінск. Я з усёю экіпіроўкаю застаўся на плыце, чакаючы дапамогі. Праз два дні, 25 ліпеня, Караткевіч памёр...

 

Як гатаваў Караткевіч?

Пётр Драчоў: "Валодзя быў такі гасцінны гаспадар, якіх я не сустракаў дагэтуль. У сябе дома, у Мінску, ён умеў рабіць літаральна ўсё: па нейкіх старажытных рэцэптах марынаваў, ставіў капусту, гатаваў наліўкі і зёлкі. Іншым разам тэлефанаваў мне дахаты і тэрмінова прасіў прыехаць. Надарылася штосьці? Ды не, ён разам з Валяй (ягонай жонкай) прыгатаваў нейую дзівосную беларускую страву і "замежную" настойку - трэба пакаштаваць, пакуль не астыла".

 Падшыўкі "Культуры" гартаў Сяргей ТРАФІЛАЎ