Рамантык, які не паступіўся і коскай

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Кузьміцк-Галадаеў — Дзядзькаў — Алеся

/i/content/pi/cult/298/5002/6-7.jpg

Пазнаёміліся Юрый Цвяткоў з Уладзімірам Караткевічам у 1962 годзе. Два землякі, абодва вучыліся ў творчых ВНУ: будучы вядомы кінарэжысёр - на аператарскім факультэце ВГИКа, будучы славуты пісьменнік - на Вышэйшых сцэнарных курсах. З таго часу - шчырыя стасункі і сумесная праца цягам доўгіх гадоў. З "Культурай" Юрый Цвяткоў - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі - падзяліўся самымі дарагімі ўспамінамі пра знакамітага Уладзіміра Караткевіча. Самымі дарагімі, бо менавіта на старонках "К" яны ўпершыню ўбачылі свет.

- У тое наша падарожжа з кінакамерай па нібы новаадкрытай здымачнай групай краіне - Беларусі - мы здымалі цэрквы, рэшткі крэпасцей, падмуркі і фрагменты сцен- усё тое, што займала няўрымслівую душу Уладзіміра Караткевіча. Пасля кожнага аб'екта ён накідваў дробным, уборыстым, амаль каліграфічным почыркам у сваім блакноце дыктарскі тэкст, часта ў гулліва-жартоўнай форме. З сабой у нас была карта рэспублікі, на якой мы адзначалі маршрут і асноўныя месцы здымак. Валодзя рабіў на карце ўласныя паметы. Я ніколі раней нікому не паказваў гэтую карту: было тут штосьці глыбока асабістае...

 Неяк рухаючыся ў бок Віцебска з поўдня на поўнач, мы праскочылі горад і пайшлі ў напрамку да Полацка, маючы намер вярнуцца ў Віцебск пазней. Дырэктарам фільма, гэта значыць - чалавекам, які загадваў фінансамі, быў Леў Кузьміцкі. Ён не часта цешыў нас сваёй прысутнасцю, будучы пераважна ў Мінску. У Віцебск ён павінен быў перавесці належныя нам грашовыя сродкі. І якое ж было наша здзіўленне, абурэнне і злосць, калі, вярнуўшыся праз два дні ў Віцебск, мы не знайшлі там ніякіх грашовых пераводаў! Так што грошай на гасцініцу не было, мы аказаліся ідэальна галодныя і досыць злыя (як ні дзіўна, акрамя Валодзі, - ён паставіўся да гэтага з гумарам), да вечара чакалі пераводу, з надыходам ночы паехалі з Віцебска. А Валодзя, узяўшы ў мяне карту, закрэсліў на ёй назву "Віцебск" і зверху дапісаў сваё: "Г. Кузьміцк-Галадаеў".

Такія "перайменаванні" на гэтай карце ён рабіў не раз. Міхалішкі, дзе мы здымалі ўнікальную царкву, знаходзяцца непадалёк ад гарадка Астравец, а сябра Караткевіча Адам Мальдзіс родам з гэтых мясцін- з вёскі Рассолы Астравецкага раёна. Мальдзіс вось-вось павінен быў пад'ехаць, мы ж усё валаводзіліся са здымкамі. Валодзя крыху занерваваўся - і вось ужо на карце замест Міхалішак з'яўляецца новая назва: "Г. Мальдзіс".

У Гродне, каб праехаць па наваколлях, мясцовыя ўлады прапанавалі нам у якасці правадніка цудоўную дзяўчыну, работніцу музея Алесю. Яе блузка была аздоблена нацыянальным беларускім арнаментам, а зялёная спаднічка нагадвала каларыстыку старадаўняга строю. Ды і ўся яна свяцілася някідкай, але непаўторнай і натуральнай красою беларускі: папялястыя валасы, блакітныя вочы, поўныя ўсмешлівыя вусны. Усё наша падарожжа Валодзя так і не даў нікому з нас, акрамя сябе, зразумела, рот раскрыць. У Гродне развітваліся з жалем, а як толькі ляпнулі дзверцы за зніклай прыгажуняй, Валодзя выхапіў у мяне карту, энергічна закрэсліў надпіс "Гродна" і хутка напісаў: "Г. Алеся". У

 Рагачове жыў дзядзька Караткевіча - Ігар Васільевіч. У ягоным доме нашу групу прынялі па-каралеўску: накармілі, спаць паклалі, і ўранку г. Рагачоў на карце быў перайменаваны ў "г. Дзядзькаў".

Каб зацвердзіць усе свае перайменаванні, ён распісаўся проста на карце: "Аўтар сцэнарыя Ул.Караткевіч".

Дзе здымаўся Караткевіч?

Юрый Цвяткоў: "На кінаплёнцы выяў Караткевіча збераглося вельмі мала: кадры з фільма "Памяць каменя" па ягоным сцэнарыі, дзе Караткевіч выходзіць з возера Свіцязь і ідзе да вогнішча, толькі нядаўна так па-майстэрску разведзенага ім пад досыць моцным ветрам, пара выступленняў на афіцыйных урачыстасцях ды дзве невялікія ролі - ксяндза і татарына - у фільме "Хрыстос прызямліўся ў Гародні".